Першы ўрок – з пісьменнікам

Пасля ўрачыстай лінейкі з нагоды пачатку навучальнага года цікава і разнастайна прайшоў першы ўрок у класах Уздзенскай сярэдняй школы №1 імя А. Пушкіна, які сёлета праходзіць пад назвай “Беларусь і я: дыялог міру і стварэння”.

Шасцікласнікаў чакала сустрэча з членам Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктарам Сабалеўскім. Віктар Вацлававіч чытаў вершы пра Радзіму, расказваў пра сваю творчасць, адказваў на пытанні дзяцей. Вучні і іх класная кіраўніца Наталля Корбут таксама цытавалі творы паэта з яго асабістых кніг і калектыўных зборнікаў. А потым разам разважалі над тым, чаму нам так важна захоўваць мір і спакой, што можна зрабіць дзеля гэтага ў школьным класе і дома, чым кожнага з юных жыхароў краіны прываблівае яго маленькая Радзіма. Хлопчыкам і дзяўчынкам прапанавалі намаляваць свой родны кут. А падказкай сталі магніцікі з сімваламі Беларусі – васілёк, жытні колас, зубр, БелАЗ…

Прэс-служба МАА СПБ