ПАСТАНОВА ІІІ з’езда грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі»

Заслухаўшы і абмеркаваўшы даклад старшыні грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Чаргінца М. І., ІІІ з’езд творчай арганізацыі адзначае:

ІІІ з’езд Саюза пісьменнікаў Беларусі праходзіць напярэдадні знакавай падзеі агульначалавечага значэння. 6 жніўня 1517 года ў Празе наш зямляк, слаўны сын беларускага народа з Полацка, мысліцель, вялікі асветнік, дзеяч эпохі Адраджэння Францыск Скарына надрукаваў першую кнігу дзеля «пашырэння хрысціянскай веры» і «для наўчанне грамаце паспалітага люду» — «Псалтыр» — малітоўнік, зборнік песнапенняў на кожны дзень. З 1517 па 1520 гг. Скарына выдаў 22 кнігі «Бібліі», ён уласнаручна вырабляў літары, заснаваў станок для кнігадрукавання, сам пісаў прадмовы і пасляслоўі да сваіх выданняў, аздабляў першадрукі малюнкамі, змяшчаў на палях вершы і прытчы.

Сёння мы напярэдадні вялікага свята — 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Гэта падзея накладвае асаблівую адказнасць на ўсіх дзеячаў нацыянальнай культуры, у тым ліку на пісьменнікаў, майстроў мастацкага слова. Павышаецца адказнасць за слова надрукаванае, напісанае, за слова сказанае. Як ніколі, узрастае неабходнасць дабівацца запатрабаванасці кнігі, узмацнення яе ролі і ўплыву ў грамадстве, пашырэння выхаваўчага значэння кніжнай прадукцыі, паглыблення зместу літаратуры, яе пачуццёвага эмацыянальнага ўздзеяння на чытача і слухача. Кніга ў дадатак павінна быць належным чынам аформлена, быць маляўнічай, чытэльнай, з густам і пафасам эстэтычна здзейсненым запамінальным выданнем, стаць даступнай для чытача па цане і якасці.

ІІІ з’езд Саюза пісьменнікаў Беларусі з поўнай адказнасцю канстатуе: у краіне інтэнсіўна і дабратворна развіваецца літаратурны рух, сфарміравана прыязнае творчае асяроддзе пісьменнікаў, адбываецца заўважная выкрышталізацыя сур’ёзных талентаў. Ідзе жывая творчасць таленавітых мас, фарміруецца яркая, пераканаўчая плеяда маладых творцаў у паэзіі, прозе, драматургіі. Пры гэтым творцы на ніве мастацкага слова выдатна разумеюць спецыфіку і задачы мастацкага спасціжэння рэчаіснасці: лірыку — як самавыражэнне разбуджанай душы, растрывожанага сэрца, прозы з яе маштабнасцю, эпічным поглядам на рэчы і з’явы і драмы — як асновы драматычнага дзеяння ў пэўны час і ў пэўны момант. Літаратура заўсёды з’яўлялася выразнікам болю і трывог, надзей і розуму, «валадаром дум народных», ледзь не адзіным мастацкім адбіткам душы народа. Слова — самы пластычны матэрыял, які належыць чалавечаму духу.

Сімвалічна, што наш пісьменніцкі форум праходзіць у дні святкавання 125-годдзя з дня нараджэння генія беларускага народа Максіма Багдановіча, напярэдадні 135-годдзя волатаў беларускага слова Купалы і Коласа.

Пісьменнік можа і павінен працягваць разам са сваім народам, разумеючы яго, падзяляючы яго погляды на жыццё, спасцігаючы яго думкі, запатрабаванні, адлюстроўваюць у творчасці інтарэсы і мары народа.

Саюз пісьменнікаў Беларусі і надалей будзе настойліва дабівацца кансалідацыі ўсіх творчых сіл на карысць развіцця роднай краіны.

Беларуская літаратура — гэта народная трыбуна, кафедра, лабараторыя, у якой выспяваюць значныя ідэі, што могуць авалодаць масамі. Разам з беларускім народам наша літаратура прайшла доўгі і складаны шлях развіцця. Беларускае слова выяўляла духоўны стан нацыі, заклікала да свабоды, выводзіла селяніна-беларуса на шырокую дарогу будаўніцтва нашай гаспадаркі, развіцця роднага краю, фарміруючы і ўмацоўваючы дух калектыўнасці, праслаўляючы самастойны выбар. Устанаўленню незалежнасці Беларусі ў многім садзейнічае тое, то беларускае слова — вуснае і друкаванае — захоўвалася на працягу многіх стагоддзяў, перадавалася з пакаленняў у пакаленне.

Класікі беларускай літаратуры пакінулі нам і іншыя, не менш важныя ўрокі: 1) самаадданасць працы на карысць Бацькаўшчыны, прыклады таго, як 2) неабходна пазбаўляцца ўсяго дробязнага і мітуслівага ў імя будучыні, 3) жыць адным жыццём з народам, 4) быць выразнікам яго спадзяванняў. Асаблівая роля тут належыць літаратурна-мастацкай крытыцы, якая павінна дапамагаць выпрацоўваць эстэтычны густ у чытачоў, ставіць «заслон» нізкапробнаму, безгустоўнаму, не апускацца да алілуйшчыны і кампліментаршчыны.

ІІІ з’езд нашай творчай арганізацыі пераканаў, што мы аднадумцы ў тым, як нам трэба працаваць дзеля далейшага росквіту роднай Беларусі.

Мы цалкам падтрымліваем палітыку, якую праводзіць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.

Толькі самаадданая стваральная праца, у тым ліку і на літаратурнай, творчай ніве, з’яўляецца падмуркам таго, што Рэспубліка Беларусь, застаючыся незалежнай і суверэннай дзяржавай, праводзячы самастойную згуртаваную палітыку, з кожным годам будзе ўсё больш квітнець і багацець.

Глыбокім пацвярджэннем сказанага можа служыць дзейнасць ГА «СПБ» ад з’езда да з’езда. Арганізацыя ўмацавалася арганізацыйна, стала заўважнай у творчых адносінах. За справаздачны перыяд выдадзена адна тысяча дзевяцьсот дзесяць найменняў індывідуальных і калектыўных кніг.

У выданні мастацкай літаратуры найлепшым чынам зарэкамендавалі сябе дзяржаўныя выдавецтвы: «Мастацкая літаратура», «Народная асвета», «Беларусь», «Беларуская энцыклапедыя», «Адукацыя і выхаванне», «Пачатковая школа», а таксама прыватныя выдавецтвы «Харвест», «Чатыры чвэрці». На сёння выдадзена: 91 том «Бібліятэкі Саюза пісьменнікаў Беларусі», 35 кніг — «Бібліятэчкі сучаснай беларускай фантастычнай і прыгодніцкай літаратуры».

Праца пісьменніка ў краіне адпаведным чынам заахвочваецца і падтрымліваецца. Мы адчуваем падтрымку ў выданні сацыяльна значнай літаратуры. Па магчымасці Саюз пісьменнікаў Беларусі выдзяляў дзесяць стыпендый маладым літаратарам. Мы былі ініцыятарамі і сталі выдаўцом часопіса Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы «Белая вежа». З актыўным удзелам ГА «СПБ» увайшло ў практыку правядзенне Дзён беларускага пісьменства, конкурсаў, «круглых сталоў», фестываляў паэзіі, традыцыйных свят кнігі. Працуюць творчыя секцыі. Заўважна акрэсліўся прыток маладых пісьменнікаў, усё гучней чуваць іх голас.

14 кастрычніка ў Маскве, у Дзелавым і культурным цэнтры Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, прайшоў ІІ з’езд Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы. У рабоце ўзялі ўдзел 70 дэлегатаў ад Саюза пісьменнікаў Беларусі. З’езд засведчыў далейшы шлях актыўнага супрацоўніцтва пісьменнікаў Беларусі і Расіі.

Праводзяцца «Урокі мужнасці» ў Доме літаратара. Творчасць пісьменнікаў адзначаецца Нацыянальнай прэміяй Рэспублікі Беларусь, прэміямі абласных аддзяленняў. Праца шэрагу пісьменнікаў за справаздачны перыяд адзначана ордэнамі і медалямі Рэспублікі Беларусь, граматамі Савета Міністраў, прэміяй СНД «Зоркі садружнасці», Прэміяй Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, пісьменнікі ўдастоены Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, атрымалі ганаровыя званні.

Разам з тым у дзейнасці ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» ў справаздачны перыяд ёсць недапрацоўкі, нявыкарыстаныя магчымасці. Кніга ўсё яшчэ вельмі цяжка даходзіць да чытача. Тыражы кніг і літаратурных выданняў нізкія. Саюз пісьменнікаў Беларусі не знайшоў яшчэ поўнага паразумення з кнігагандлем. Недастатковая праца з бібліятэкамі, школамі, ВНУ па прапагандзе кнігі, твораў пісьменнікаў. Неабходна пашырыць межы прапаганды беларускай кнігі. Адсутнічаюць абмеркаванні кніг калег па пяру, дыскусіі, недастаткова арганізуюцца прэзентацыі творчых вечароў. Патрабуецца далейшая настойлівая праца Праўлення САБ і яго апарату па ўмацаванні аўтарытэту пісьменніцкай арганізацыі ў грамадстве.

З’ЕЗД ПІСЬМЕННІКАЎ ПАСТАНАЎЛЯЕ:

  1. Прызнаць работу Прэзідыума ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» за перыяд ад з’езда лістапада 2011 года да з’езда лістапада 2016 года здавальняючай.

  2. Прэзідыуму ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» прыкласці ўсе намаганні для яшчэ большага ўмацавання аўтарытэту і ўплыву ў грамадстве значэння працы пісьменніка, удзелу літаратараў у ідэйнавыхаваўчым працэсе, культурным будаўніцтве ў дзяржаве, ва ўмацаванні і ўдасканаленні маральна-духоўнага патэнцыялу краіны.

  3. Прэзідыум ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» дабіваецца стварэння ў пісьменніцкім асяроддзі атмасферы ўзаемнага даверу, атмасферы ўзаемападтрымкі і самакрытыкі.

  4. Праўленню ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» наладзіць узаемавыгадныя сувязі з кнігагандлем. Дабівацца, каб «Саюздрук» эфектыўна працаваў ва ўсіх рэгіёнах краіны, каб кнігі беларускіх аўтараў маглі трапіць у кожны раён усіх абласцей.

  5. Прэзідыуму ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» дзеля прапаганды літаратуры наладзіць шэраг выездаў з мэтай правядзення літаратурных вечароў па ўсёй Беларусі.

  6. Праўленню СПБ прадоўжыць практыку ўсталявання штогадовых стыпендый маладым творцам. Удакладніць і зацвердзіць новыя Палажэнні аб стыпендыях для маладых аб умовах правядзення літаратурных конкурсаў.

  7. Літаратурным выданням, сузаснавальнікам якіх з’яўляецца ГА «СПБ», часопісам: «Маладосць», «Полымя», «Нёман», «Бярозка», «Вясёлка», газеце «ЛіМ» дабівацца разнастайнасці апублікаваных матэрыялаў, пашырэння аўтарытэту сярод моладзі.

  8. Штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» скіраваць большую ўвагу на публікацыю матэрыялаў літаратурнага характару, публікацый прозы, паэзіі, літаратурна-мастацкай крытыкі, на арганізацыю дыскусій, «круглых сталоў», меркаванняў мастакоў слова.

  9. Пісьменнікам звярнуць асаблівую ўвагу на пашырэнне тыражоў кніг. Дабівацца, каб кнігі даходзілі да шырокага кола чытачоў.

  10. Аддзяленням ГА «СПБ» шырэй арганізоўваць працу з маладымі літаратарамі, працягваць ствараць літаратурныя студыі для моладзі, дапамагаць у выданні іх твораў.

  11. Арганізаваць у 2017 годзе двухдзённы Семінар маладых пісьменнікаў.

  12. У сваёй дзейнасці Саюзу пісьменнікаў Беларусі актывізаваць супрацоўніцтва з мясцовымі органамі ўлады, з творчымі саюзамі і грамадскімі арганізацыямі.

«ЛіМ» №48-2016

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.