ПАШЫРЭННЕ ТВОРЧЫХ ГАРЫЗОНТАЎ

   Стасункі паміж  літаратарамі і літаратурамі розных краін – важны інструмент міжнароднага ўзаемадзеяння, аб’яднання і развіцця як грамадства ў цэлым, так і кожнай творчай асобы.  Калі браць асобна пісьменніка, то публікацыі твораў за мяжой – на мове арыгіналу, ці ў перакладзе на мову той краіны, дзе яны друкуюцца, – паказальнік узроўню творчага прафессіяналізму аўтара.

Для паэтэсы і перакладчыцы  Святланы Быкавай год 2019-ты стаў таксама знакавым: яе творы былі перакладзены на сербскую, узбекскую, польскую і англійскую мовы і надрукаваны ў перыядычных выданнях Расіі, Сербіі і Узбекістана, а таксама ў беларуска-польскім альманаху “Масты” (Варшава) і Сусветнай паэтычнай анталогіі «Atunis Galaxy Antology-2019» (Албанія).

У Сербіі над перакладамі з беларускай мовы нястомна рупіцца маладая сербская перакладчыца Даяна Лазарэвіч. У яе перакладзе шэраг вершаў  Святланы Быкавай (вершы “ Сустрэча”, “Закон стварэння”, “Ачышчэнне”, “Ты і я” і інш.) знайшоў месца на старонках Бялградскага часопіса «Хоризонт» («Гарызонты»).  У студзені 2020-га года ў Сербіі плануецца да выдання кніга вершаў для дзяцей Святланы Быкавай “Сонечны зайчык”, таксама перакладзеных на сербскую мову Даянай Лазарэвіч.

Вядомая узбекская паэтэса і перакладчыца Дзілбар Хайдарава, з якой Святлане Быкавай пашчасціла пазнаёміцца на Міжнародным фестывалі мастацтваў “Стэпавая ліра-2019” у Краснадарскім краі, пераклала вершы беларускай паэтэсы на узбекскую мову. Іх падборка была змешчана ў снежні бягучага года на старонках узбекскага часопіса “Настарин” (“Бэз”).

Трэба дадаць, што Святлана Быкава і сама актыўна перакладае на беларускую мову вершы замежных паэтаў. У яе перакладчацкім “актыве” – пераклады вершаў больш чым за 40 іншамоўных паэтаў, у тым ліку рускіх, сербскіх, узбекскіх, украінскіх, башкірскіх, чувашскіх, хакасскіх, славацкіх, нямецкіх, польскіх. Шмат з перакладзеных ёю вершаў друкаваліся ў часопісах “Полымя”,  “Маладосць”, на Рэспубліканскім літаратурным сайце “Сугучча”,  на сайце Мінскага абласнога аддзялення ГА “СПБ”.

Безумоўна, у 2020-м годзе для тых, хто жадае пашыраць і ўзмацняць творчае ўзаемадзеянне з іншамоўнымі аўтарамі, абавязкова з’явяцца новыя мгчымасці.

(На фотаздымках – старонкі часопісаў “Харизонты» и «Настарин»).

                                                                                                                             Прэс-служба МАА ГА СПБ