“Папяровы бусел” вызначыў пераможцаў

Падведзены вынікі Першага рэспубліканскага гумарыстычнага конкурсу “Папяровы бусел”, арганізатарам якога выступіла Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. На працягу амаль паўгода ў горад над Бугам з розных куткоў Беларусі дасылалі свае жартоўныя вершы, карацелькі, эпіграмы, байкі, фельетоны, гамарэскі, апавяданні паэты і празаікі, якія сябруюць з гумарам. Актыўны ўдзел у конкурсе прынялі і творцы Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Вызначаны пераможцы ў намінацыях “Паэзія” і “Проза”. Прыемна, што імі сталі пісьменнікі з Міншчыны – Генадзь Аўласенка  з Чэрвеня і Уладзімір Цанунін з Вілейкі, якія ўзнагароджаны памятнымі статуэткамі і граматамі. Пазней іх творы будуць апублікаваны ў альманаху “Берасцейская скарбніца”. Фіналістамі прэстыжнага творчага саперніцтва сталі Віктар Сабалеўскі з Узды, Аляксандр Быкаў з Мядзела і Рэгіна Рэўтовіч з Дзяржынска, якія ў якасці ганаровых гасцей запрошаны на беларуска-украінскую гумарыну “Смех заваёўвае Сусвет”, што пройдзе 2 мая ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А. Пушкіна ў Брэсце.

Прэс-служба МАА ГА СПБ

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.