Памёр пісьменнік-краязнаўца з Чэрвеньшчыны

Памёр пісьменнік-краязнаўца з Чэрвеньшчыны

Іван Паўлавіч Ярашэвіч – цікавая і вельмі яркая асоба ў настаўніцкім асяроддзі Чэрвеньшчыны, Міншчыны. Педагог, дырэктар школы ў старажытным мястэчку Смілавічы, краязнаўца, паэт, даследчык мінуўшчыны, ён ніколі не мог сядзець без справы. І вось сённяшняя вестка пра смерць гэтага няўрымслівага чалавека рэзанула слых, зачапіла сэрца, прымусіла хвалявацца.

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, ён выдаў некалькі самых розных па сваіх тэматычных абсягах кніг. Мне асабіста запомнілася адна – зборнік яго назіранняў, эсэ, прысвечаных тапаніміцы Чэрвеньшчыны. Дарэчы, сам родам Іван Паўлавіч Ярашэвіч – з Берасцейшчыны. Кніга па чэрвеньскай тапаніміцы пабачыла свет у РВУ «Літаратура і Мастацтва». На яе былі водгукі ў перыядычным друку. Як мне падаецца, сам факт выдання гэтай кнігі падштурхнуў Івана Паўлавіча да болей сістэмнай літаратурнай, публіцыстычнай працы. Як вынік – некалькі яго кніг у выдавецтве «Чатыры чвэрці».

Івана Паўлавіч быў частым аўтарам чэрвеньскай раённай газеты, выступаў у часопісах «Нёман», «Родная прырода». Пашчасціла разам з гэтым уважлівым да сваёй роднай зямелькі чалавекам ажыццявіць некалькі вандровак па Чэрвеньшчыне. Разам з Іванам Паўлавічам мы пабывалі ў мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю Хаіма Суціна, Станіслава Манюшкі, іншых знакамітых ураджэнцаў Ігуменскага края.

Светлая памяць пра Івана Паўлавіча Ярашэвіча, несумненна, застанецца ў свядомасці многіх яго землякоў.

Алесь Карлюкевіч

Фота: cherven.by

Крыніца: “Созвучие”

Мінскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» глыбока смуткуе з прычыны смерці пісьменніка і выказвае шчырыя спачуванні яго родным і блізкім.