Пакістан стаў бліжэй

Прадстаўнікі Мінскага гарадскога і Мінскага абласнога аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі сустрэліся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Ісламскай Рэспублікі Пакістан у Рэспубліцы Беларусь Саджадам Хайдэрам Ханам.

Ужо восем гадоў пасольства Пакістану працуе ў Беларусі. Шмат увагі яно надае развіццю культурнай дыпламатыі і ўмацаванню сувязяў паміж народамі дзвюх краін. І ўсё ж, пакуль нашы веды не такія аб’ёмныя і, можна сказаць, недастатковыя. Сустрэча беларускіх пісьменнікаў з паслом была заклікана паспрыяць пашырэнню ўзаемаразумення і сяброўства, знаёмству з культурамі, абмену меркаваннямі, наладжванню кантактаў.

Характэрна, што пачатак такому знаёмству ўжо быў пакладзены раней. А  сёлета ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва” былі апублікаваны вершы вядомага пакістанскага паэта Фаіза Ахмада Фаіза ў перакладзе Рагнеда Малахоўскага, а таксама паэтэсы Фахміды Рыяз у перакладзе Святланы Быкавай. Зусім нядаўна пасольства Пакістану выдала маляўнічую кнігу-альбом “Адценні Пакістану. Гід у малюнках”, у якой расказана пра неверагодную прыгажосць гэтай краіны, помніках прыроды, гісторыі і архітэктуры, сучаснай шматстатнасці. Пасольства плануе прэзентаваць дадзены альбом у 2024 годзе на Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы ў межах мерапрыемстваў, прысвечаных 30-годдзю беларуска-пакістанскіх дыпламатычных адносін. На кніжную выстаўку таксама чакаецца прыезд аднаго з сучасных пакістанскіх пісьменнікаў з прэзентацыяй яго твораў.

Саджад Хайдэр Хан выказаў надзею, што кнігі яго суайчыннікаў з урду абавязкова будуць перакладацца на беларускую мову, у сваю чаргу, у Пакістане таксама даведаюцца пра творы беларускіх празаікаў і паэтаў.

Размова паміж пісьменнікамі Беларусі і супрацоўнікамі пасольства Пакістану праходзіла вельмі актыўна. Адчувалася ўзаемная зацікаўленасць не толькі культурнымі бакамі жыцця дзвюх краін, але таксама геаграфіяй, палітыкай, эканомікай. Пісьменнікі Генрых Тарасевіч, Рагнед Малахоўскі, Ірына Карнаухава, Іна Фралова і іншыя актыўна задавалі пытанні і дзяліліся сваімі творчымі планамі. Прысутныя паглядзелі дакументальны фільм пра сучаснае развіццё Пакістану, яго культуру і прыроду. Сяброўства абавязкова працягнецца.

Нэлі Мельнічэнка