Паэтычны марафон «У вянок Свята беларускага пісьменства». Валянціна Гіруць-Русакевіч

Упярэдадзень Дня беларускага пісьменства, якое сёлета адбудзецца 31жніўня-1 верасня ў Слоніме Гродзенскай вобласці, Мінскае абласное аддзяленне  Саюза пісьменнікаў Беларусі распачынае паэтычны марафон, прысвечаны тэме Роднага Слова, пад сімвалічнай назвай «У вянок Свята пісьменства». На працягу месяца паэты Міншчыны будуць услаўляць Прыгожае пісьменства ў сваіх паэтычных нізках. Сачыце за  працай нашага сайта, дасылайце водгукі, будзьце разам з намі!

Мінскае абласное аддзяленне ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі»

Валянціна Гіруць-Русакевіч

* * *
Паўтысячы гадоў…
А колькі змен-вятроў
Прамчала над Дзвіной і Палатою…
Паўтысячы гадоў…
Мы ж сёння ўспомнім зноў
І ўславім Слова нашае святое.

Не рвецца часу ніць,
Што, бы струна, звініць
І звязвае падзеі ўсіх стагоддзяў.
Не рвецца часу ніць,
І Слова не гарыць,
Не тоне – праз вякі да нас даходзіць.

І ўжо сягоння нам –
Нашчадкам іх, сынам
Зямелькі Беларускае найлюбай,
Захоўваць гэты скарб
І прымнажаці, каб
Іх, наша Слова, не аддаць на згубу.

Таму за годам год,
Каб зберагчы яго,
Ідзе па Беларусі свята Слова.
І услаўляем іх,
Асветнікаў усіх,
І першадрукароў, і нашу мову!
Свята Роднага Слова

Звонам у нябеснай сіні
І ў нашчадкаў сэрцах:
Кірыла і Еўфрасіння,
Францыск, Сімяон…
адзавецца
Велічна і ўдзячна.
Думы і душы абудзіць
Імя кожнае гэта,
Як і Сымоне Будны,
Анастасія-Рагнеда…

Наша святая спадчына,
Між пакаленняў новых,
Дзякаваць Богу, не страчана –
Звонам плыве іх Слова
Над старажытным Туравам,
Полацкам, Навагрудкам,
Па-над Нясвіжам і Пінскам,
Оршай, Заслаўем, Мсціславам,
Над Камянцом і Мірам,
Шкловам, па-над Паставамі,
Барысавам і Смаргонню,
Над Хойнікамі і Быхавам,
Ганцаўшчынай, Глыбокім,
Над Шчучынам, Рагачовам
Іванавам —
Спеўнае, блізкае,
Роднае наша Слова ,
Мудрае і святое,
Любае ад калыскі.
Вытокі яго ўспомнім
У многіх куточках слаўных.
І вось ужо па-над Слонімам
Годна яно лунае,
Дзе зноў хвалу складаем
І аддаем пашану
Удзячна і малітоўна
Беларускага краю
Асветнікам,
Роднаму Слову.
* * *
Мы ганарымся спадчынай сваёй –
Такія слаўныя імёны ў ёй
Нам ззяюць зоркамі ў нябёс бяздонні.
Іх талент навучае нас і сёння
Любіць старонку родную і мову,
Бо іх жывое, трапяткое Слова
Нам і сягоння блізкім застаецца
І адгукаецца ўнашых сэрцах.

* * *
Не гаварыце:
мова вымірае!
І не хавайце, і
не адпявайце.
На ёй гаворым,
думаем,
спяваем,
То не аплакваць –
шанаваць давайце.
Зноў веліч Свята нашага
пацвердзіць:
Нам не на згубу дадзенае
Слова!
Што памірае мова родная,
не верце:
У палатне жыцця яна –
аснова.
І покуль я і ты
па той аснове
Упарта тчом жыцця свайго
дарогу,
Жыць будзе наша Слова,
наша мова,
Падораная нам аднойчы Богам.

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.