Паэтычны марафон “У вянок Свята беларускага пісьменства”. Эльвіра Ярчак
Share the post "Паэтычны марафон “У вянок Свята беларускага пісьменства”. Эльвіра Ярчак"
Эльвіра ЯРЧАК
І кружыць успамінаў снег
У лесе ціха. Лёгкі змрок.
Бярозкі, светлыя як цені,
Заўсёды радуюць мой зрок
І дораць мары-летуценні.
Ды раптам думка прамільгне,
Шо я ж у гэтым царстве сонным
Іду па мяккім дыване
Былой красы, калісь зялёнай.
Такой зялёнай, як і я
У дні далёкага юнацтва.
Святло паэзіі, мастацтва
Мне адкрывалася ў гаях.
Ды на ўзлесках залатых
Майго Малінаўскага бору
Мяне не сустракаеш ты
І слоў пяшчотных не гаворыш.
Спяваюць толькі хвойкі мне
Пра вечную любоў і вернасць,
І кружыць успамінаў снег
Над тым, чаго назад не вернеш…
Шляхі запаветныя
Крыштальныя слёзы на шкле
Дожджык пакінуў,
А на маім стале
Кава стыне.
Засцелены дол дываном,
І, нібы віца,
Гарыць пад маім акном
Вярба – ўдавіца.
Стаўлю я пад абраз
Агеньчык светлы,
Успомню – каторы раз! –
Шляхі запаведныя.
Думкі ляцяць туды,
Дзе маладосць гуляла,
Дзе красавалі сады,
Дзе жыў Купала
Там блізенька Бараўцы
І дуб Паэта.
А ў вёсачцы, уканцы –
Куток асветы.
Колькі маленькіх школ,
Шэранькіх, пачатковых,
Тых, хто сядаў за стол,
Благаслаўлялі словам,
Каб на шляхах зямлі
Духам не палі
І да святла ішлі,
Як Купала.
Стаўлю я пад абраз
Агеньчык светлы
За тых, хто вывучыў нас,
І за Паэта.
***
О дай мне, Божа, доўгі век
Са шчасцем, радасцю і сумам.
Каб выканаць свае задумы,
О дай мне, Божа, доўгі век.
Засцеражы мяне ад тлуму,
Не пакідай душу на здзек,
О дай мне, Божа, доўгі век
Са шчасцем, радасцю і сумам.
Гармонія зямлі і неба
Мой лес, загадкавы і строгі,
Мяне страчае кожны дзень,
І я зварочваю з дарогі,
Каб захавацца ў яго цень.
Паслухаць казкі – таямніцы
Бяроз – сябровак дарагіх,
Каб зноў душою наталіцца
Чароўнай прыгажосцю іх.
А елкам – лесу гаспадыням –
Я кланяюся да зямлі:
А мо‘ каторая падкіне
Грыбочкаў неруш хоць калі.
Залатастволы бор хваёвы
Не абыду я стараной:
Тут звонкіх птушак перазовы
Гучаць сімфоніяй лясной.
Гармонію зямлі і неба
Я адчуваю тут заўжды.
А што яшчэ паэту трэба,
Прытым у сталыя гады?
Лёс паэта
Вось ужо і сярэдзіна лета.
Ліпень. Сонная цішыня.
Толькі песні пайшоўшых паэтаў
У халодным эфіры звіняць.
Лёс паэта ва ўсе эпохі –
Лёс Радзімы, нялёгкі лёс!
Праца творчая да знямогі
І жыццёвых турботаў воз.
Бо паэт да святла імкнецца,
Хоць пакутуе, а пяе,
І баліць не сціхае сэрца
За Радзіму, за лёс яе.
Песні, песні…
Як звон царкоўны,
Як прызыўны і горды набат,
А паэт, што прароку роўны,
Не вяртаецца ўжо назад…
Толькі рэхам душы ягонай
Неўміручыя песні гучаць.
Падуладных Божым законам,
Іх ніхто не прымусіць маўчаць.
Не забудзем
Гарэза – ветрык ледзь прашапацеў
У верхавінах залатых бяроз,
Нібыта лета развітальны спеў
Маёй душы засмучанай прынёс.
Зноў неба вераснёвага блакіт
Нам дорыць на Уздзвіжанне спакой,
Ды поціску сяброўскае рукі
Так нехапае ў мітусні людской.
Як хочацца сустрэцца з вамі зноў,
Настаўнікі, і вучні, і сябры:
Мне школьны вальс і музыка званкоў –
Найлепшыя ў свеце дактары.
Няўмольны час змяняе ўсё вакол,
Растуць дамы, катэджы, як грыбы,
Ды не забудзем мы ніколі школ,
Дзе нас вучылі марыць і любіць.
Слова застанецца
Пройдзе ўсё, усё мінецца,
Нібы кане ў Лету,
Толькі Слова застанецца,
Што прыйшло з Сусвету
І трывожыць будзе сэрцы,
Клікаць у дарогу,
Толькі Слова застанецца,
Дадзенае Богам.
Мне ў вялікі свет акенца
Адчыніць не страшна,
Калі мова застанецца
Для нашчадкаў нашых.
***
Наталяюся цішынёй,
Да спадобы мне адзінота:
Ёсць тады для душы работа,
І здаецца: мой светлы Анёл
Мне падказвае добрыя словы.
І знікаюць пакута і злосць,
Толькі радасць ад творчасці ёсць
І любоў, як жыцця аснова.
Захапляюся глыбінёй
І праўдзівасцю Божага слова,
Не акордамі музыкі новай –
Наталяюся цішынёй.
***
О, дзякуй Богу: за магчымасць
Убачыць прыгажосць Зямлі,
Адчуць і боль людскі і шчырасць,
І ў храме свечку запаліць,
Жыццё – кароткае імгненне –
Напоўніць сэнсам, дабрынёй –
І атрымаць як дар натхненне,
Акрыленае цішынёй.
Паэзіі крыніцы
Такая восень залатая,
Такі заманлівы блакіт,
Навошта ж птушкі адлятаюць,
Наўжо ёсць лепшы край які?
Здаецца, што душа Паэта,
Купалы светлая душа
Блукае па мясцінах гэтых
І кліча на стары бальшак,
На шлях Даўгінаўскі шырокі,
У Вязынку і Бараўцы,
Дзе лес, загадкавы, высокі,
Раскінуўся ва ўсе канцы.
Уцёплых сонечных праменях
Купаецца душа мая,
Край родны дорыць мне натхненне
І песні светлыя ў гаях.
Тут дрэва, кусцік – таямніца,
Бо навакол – чароўны свет:
Паўсюль паэзіі крыніцы,
Нап’ешся з іх – і ты паэт!
Пачуем сэрцам, як спяваюць
У чыстым небе жаўрукі.
Навошта ж птушкі адлятаюць,
Няўжо ёсць лепшы край які?