Паэтычны марафон “У вянок Свята беларускага пісьменства”. Віктар Кажура
Share the post "Паэтычны марафон “У вянок Свята беларускага пісьменства”. Віктар Кажура"
ВІКТАР КАЖУРА
ПОСТАЦІ… ДЗЕІ…
СЛАВА… І ПАМЯЦЬ…
***
Ад Ізяслава, Ефрасінні і Кірылы –
Скарына, Будны, Цяпінскі, Зізаній –
Асветнікі збудзілі край панылы:
Народ і край наш Словам сагравалі.
МАКСІМ БАГДАНОВІЧ
Маўчанне… Ціхае дыханне…
Агонь надзеі цепліцца яшчэ…
Кароткі ўздых, як прывід развітання,
Сарвецца з вуснаў – памяць апячэ.
І зноў жыццё складае арабеску:
Матулі рукі, Вільня, родны край,
Блакітны смех валошак на ўзмежку,
А над усім – пакутнае: “Бывай!..”
Гаротны кліч прарочыцы-зязюлі
Дагнаў на ўзлёце юнага жыцця.
Апошні крок – і грудзі ўздыхнулі:
“Навошта, Божа, ты сячэш з пляча?..”
О, як прывабна высцілае памяць
Валошкавую сцежку ў далячынь…
І вусны, як закляцце, шэпчуць самі:
“Чакай, Максіме! Азірніся! Не пакінь!”
БАРЫСАВЫ КАМЯНІ
Спрадвеку вырасталі валуны
Ля рэк, на ўзлессях, ля дарогі.
Ды не з зямлі выходзілі яны,
А з продкаў памяці –
нашчадкам абярогі.
За векам век сплывалі ў Лету дні,
Адлічвалі жыцця людскога меру…
А з Полацка Барыса камяні
Паданні баюць нам пра годнасць
і пра веру.
БЕРАСЦЯНЫЯ ГРАМАТЫ
Не толькі сокам наталялі смагу
Красуні беластволыя здаўна.
Гаілі ў душах да пазнання прагу
Берасцяныя граматы спаўна.
Густою рунню літары малыя
Ўзышлі, як зерне, даўшы шчыры плён.
І ўсталі перад намі, як жывыя,
Падзеі даўніх-даўніх дзён.
СЫМОН БУДНЫ
Люду паспалітаму – з Нясвіжа
У далонях, нібы птушаня, –
Ён прынёс святло навукі кніжнай,
Каб квітнела родная зямля.
Пяць вякоў мінула – і сягоння
Роднай мовы чуцен дзіўны звон:
Не згубіўся ў памяці прадоннях
“Катэхізіс” з рук тваіх, Сымон.
МІКОЛА ГУСОЎСКІ
Далёкі Рым…Туга…Вясна…
А з памяці – Айчына,
Нібы на яве, а не ў снах
Праходзіць прад вачыма:
Зуброў пушчанскіх галасы
Збудзілі сонечнае ранне;
І трубіць рог – ідзе ў лясы
На звера паляванне…
Пяро завострана…Пара…
Душа акрылена ў паэта…
І стала “Песня пра зубра”
Узнёслым гімнам-запаветам.
ЕФРАСІННЯ ПОЛАЦКАЯ
Сонечным промнем з нябеснае сіні
Прад славай – Прадслава.
Для нас – Ефрасіння.
Кранулася душаў крылом галубіным…
Нявестаю стала
З абраным… Адзіным…
Плыве над Дзвіною з нябеснае сіні
Тугой жураўлінай:
– Дзе ты, Ефрасіння?…
ЯКУБ КОЛАС
Падняў усё да каласка
Са шчодрай нівы роднай мовы,
Бо не стамлялася рука
Збіраць для песні нашай словы.
І песня клікнула вясну,
Адкрыла вечных скарбаў сховы –
Маю красуню-старану
Збудзілі Коласавы словы.
ЯНКА КУПАЛА
Беларусь, твая слава заранкай
Скрозь стагоддзі гарыць-зіхаціць:
Боль і слава – Купала Янка –
Не дазволіць пра годнасць забыць.
НАША НІВА
Зямля чакала сіратліва
Багатай, шчодрае рукі…
Закаласіла “Наша ніва”
І плён дала яшчэ які!
Было рупліўцаў тых нямала,
Хто сеяў з поўнае сяўні…
І ніва Словам прарастала
На шчасце збуджанай зямлі.
НЯСВІЖСКАЯ ПАПЕРНЯ
Быццам рупны сейбіт жменю зерня
Высыпаў уранні ў глебу не замала,
Так нясвіжская славутая паперня
Кнігу люду паспалітаму паслала.
Слова птушкаю ўзлятала да аблокаў
На свет цэлы радасна гучала,
Каб вятры яго разносілі далёка,
Каб пра нас звінела слава-хвала.
СІМЯОН ПОЛАЦКІ
А мой народ – не пустадомак,
Не ветрам знесенае смецце:
За нас усцешыцца патомак,
За дзеяў яркае суквецце.
Не труцень мой народ, не зломак,
Не бурай зломанае вецце:
Францыска, Льва і Сімяона
Звіняць імёны ва ўсім свеце.
ФРАНЦЫСК СКАРЫНА
Палата… Над берагам каліна…
Салавей шалее па начах…
Выпраўляў Лука ў дарогу сына –
Ад варагаў доўгі ў грэкі шлях.
Будуць Кракаў, Падуя і Вільня,
Радасць… Сум… Рукі нясмелы ўзмах…
Белы голуб у нябеснай сіні…
Слёзы Маргарыты па начах…
Будзе жнівень… Казачная Прага…
Доўгі шлях тут знойдзе свой працяг:
Слова роднага спатоленая смага –
“Біблія” ў Скарынавых руках.
“ТАРАС НА ПАРНАСЕ”
Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса?
Што на Парнасе пабываў?
З літаратурнага запасу
Сабе хоць зерне хто прыдбаў?
А можа ўзвысіўся душою,
Калі з багамі танцаваў?
Ці, іх не ўсцешаны красою, –
Сябе нанова адкрываў?…
Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса?
А ці паэму хто чытаў?
З літаратурнага запасу
Сабе хоць слоўца хто прыдбаў?
ВАСІЛЬ ЦЯПІНСКІ
Слову роднаму ён расчыняў у вечнасць дзверы,
Каб яно заранкай ззяла праз вякі:
Ціснуў Цяпінскі нашчадкам на паперы
Кнігі вечнай несмяротныя радкі.
“ЭНЕІДА НАВЫВАРАТ”
Калі Вяргілій пра Энея
І пра траянцаў напісаў,
Не думаў ён тады, не верыў,
Што “Энеідай” слаўны стаў.
Сышло нямала пакаленняў,
Вякі прайшлі – і час настаў,
Як наш Равінскі пра Энея
Па-беларуску расказаў.
СЛОВА…СЛАВА… СЛАВЯНЕ...
Слова…Слава… Славяне…
На захад… На поўдзень… На ўсход…
Крывічы… Драўляне… Паляне…
Адзіны – вялікі – народ.
У дружбе і еднасці – сіла,
Ратунак з жыццёвых нягод.
Славяне… Славяне… Славяне…
Адзіны – вялікі! – народ.