Паэтычны марафон “У вянок Свята беларускага пісьменства”. Ніяна Загарэўская

НІЯНА ЗАГАРЭЎСКАЯ
***
Слова ёсць святло душы,
Слова, што спрадвеку
Асвятляе у цішы
Крокі чалавека.
Словам гэтым ад нябёс
Вечнае збылося.
Слова гэтае – Хрыстос –
Стала нашым лёсам.
Слова Божае заўжды
Незмяняльным будзе,
Зоркай яснай праз гады
Свеціць Слова людзям.

***
Маім калегам-настаўнікам
прысвячаецца
І нават, як некаму моцы не стане
збіраць, каб засеяць прасторы зямлі,
уздымецца сейбіт спрадвечны – настаўнік ,
і пойдзе паважна па новай раллі.

У сейбіта зерне – любоў і пяшчота,
ўвабраныя ў словы, і знак дабрыні.
І нават тады, як агорне самота,
не будуць журбою спавітыя дні.

Для тых, хто са шчырасцю сее зярняты –
дай, Божа, у час і дажджу, і цяпла,
каб ніва была іх заўсёды багата,
каб праўда, што сеяна імі, ўзрасла!

***
Малітвы ціхі стогн
рванецца ў высі.
Бы весні перазвон
у сны схіліўся.
Нябачны шлях пралёг
з зямлі на неба.
І словы напралёт –
да зораў срэбра.
Сам замаўкае свет,
узняўшы рукі,
імчацца між планет
малітвы гукі.
Нябачнае святло
душы кранецца,
з маленнем ажыло
ад стомы сэрца,
уратаваны дух
спакой прымае.
Малітвы ціхі гук
жыццё трымае.

***
На палатне сырой зямлі
малюе сонца промнямі.
Маленства час, як мы жылі,
святлом сваімі напомнілі.
Як з вышыні малюнак той –
з цяплом вясновай лотаці?
Здавалася такой бядой,
што не умелі лётаць мы,
з палёту птушкі назіраць
за мурагамі вольнымі.
А час змяніў і нас, і гаць
і луг як абяздолены:
сумнеюць змрочныя дубы,
маланкаю рассечаны,
а сухастоінаў слупы
людской рукой знявечаны.
На палатне сырой зямлі
зайшоўся бусел клёкатам.
І ці шкадуем, як калісь,
што толькі ў марах лёталі?

***
Атуляе ўспамін пра дзіцячы наіў,
пра спякотнае шчырае лета,
і няспелы, а смачны ўжо, белы наліў
з рук бабулі, цяплом абагрэты.
Ярка-пышная шчодрасць духмянай травы
дорыць водар і зумканне пчолак,
атуляюць аер берагоў рукавы,
луг трапеча пялёсткамі смолак.
Матылёк пошум ветру жадае суняць
лапатаннем знясіленых крылак.
Вецер хмаркі спрабуе дагнаць і абняць –
хмаркі засцяць сабой неба скрылік…
А аблокі плывуць па сваёй чарадзе,
як сплываюць у часе хвіліны,
і глядзіш на аблокі радзей і радзей:
болей чуецца покліч гусіны.
У стракатых лугах паміж зёлак і траў
прытаіўся ўспамін мой тужлівы.
Час траву пакасіў, з лугу зёлкі прыбраў –
іх сабраць у букет немажліва.