Паэтычны марафон “У вянок Свята беларускага пісьменства”. Марыя Шэбанец
Share the post "Паэтычны марафон “У вянок Свята беларускага пісьменства”. Марыя Шэбанец"
ДРУГАСНАЕ СТВАРЭННЕ
Дзіця маёй тугі, маё стварэнне
Шукае выйсця ў словах і радках,
Прымервае музычнае адзенне,
Крывым малюнкам узнаўляе шлях.
Калі пашчасціць з часам ды цярпеннем
Нарэшце ўвасобіцца ў руках.
Глядзець з паліцы будзе ў задуменні
Праз плеўку пылу на пустых вачах.
О, каб знайшоўся той вар’ят-вучоны
Ці той вандроўны добры чараўнік,
Што б даў жыццё істотам незлічоным!
Наш творчы дар — адвечны жартаўнік:
Не можа дыхаць ім адушаўлёны.
Не нам належыць нараджэння крык.
ПАКУТА
Ірвецца знутры так шмат!
Так мала зроблена. Сорам.
І сэрца, нястомны кат,
Пілуе дакорам.
Гора!
Гарыць і ірвецца прэч!
За рэбрамі кратаў цесных
Лязо сваё вострыць меч
Няспетым увесну —
Песняй.
Пястую свой боль ад куль
Няпісаных летам вершаў.
П’ю восеньскай казкі нуль…
Зіма, будзь жа першай —
Лепшай!
ВАР’ЯТ
Напэўна, я крыху вар’ят –
Ці не крыху, магчыма.
Папера вабіць мой пагляд
Няспынна і нястрымна.
Рыплю, што даўні персанаж:
“Маё! Мая каштоўнасць!”
Па праўдзе, й не хачу інакш –
Навошта тая вольнасць!
Нататнік. Сшыткі. Кніжны стос.
О, скарбніца вар’ята!
О, дух мой, літарай наскрозь
Так соладка працяты!
ПРАГА
Прагну дотыку:
Твару. Сэрца. Думак.
Эдзі! Готыка!
Змрочны падарунак.
Мой ратунак.
Мне б бязглуздзіцы!
Додо, па гарбаце?
І каб вуліца —
Максава закляцце.
Што за шчасце!
Джэка з Рональдам
Мне б сустрэць у пабе…
Справа волатаў —
Дараваць «Кахаю!»
Нахабе.
У вершы ўжываюцца імёны, якімі ўлюбёных аўтараў клікалі сябры і родныя. Эдзі – Эдгар По. Додо – Льюіс Кэрал. Макс – Макс Фрай, аўтар і персанаж. Джэк – Клайв Льюіс. Рональд – Джон Толкін.
БАГДАНОВІЧУ
Ці памятаеш, як дзяўчынкай я
Чытала пра раку, і бор, і поле?
Як прагнула душа мая той волі?
Твая, Максіме, з той пары твая.
Ці ведаеш, што зблізу і здаля
І ў вокнах цягнікоў звініць Радзіма?
О, ты б пачуў, ты б зразумеў адзіны…
Твая, Максіме, прагаю твая.
Ці не ірвецца прэч душа мая,
Калі пішу “персідскія ўзоры”,
Ці не зіяе неба мне з дакорам?
Твая, Максіме, горыччу твая.
Ці не пястую, быццам немаўля,
Я кнігу, што самоту забівае,
Калі жыццё, здаецца, пакідае?
Твая, Максіме, назаўжды твая.