Паэтычны марафон “У вянок Свята беларускага пісьменства”. Марыя Шакун

Марыя ШАКУН
СЛОВА
Паміж першым словам і апошнім
Пралягае цэлае жыццё.
Выказаць любое пачуццё
Можна словам добрым і прыгожым.

Мова наша – божы падарунак,
Мова наша ад дзядоў, матуль,
Як святыню ты яе шануй,
Гэты дар, і скарб, і паратунак.

Слова кожнае – душы крупінка,
Слова сказанае – не вярнуць,
Ты яго заўсёды вартым будзь,
Бо са слова пачынаюцца ўчынкі.

ПОЛАЦК
Полацк збірае гасцей –
Дзень нараджэння святкуе.
Па-над Дзвіною плыве
Лодка, што ў вечнасць вандруе.

У лодцы сярод вялікіх
Полацка сын – Скарына,
Першадрукар, асветнік,
Гонар нашай Айчыны.

Слова на роднай мове
Надрукаваў ён першы,
Бо мова – жыцця аснова,
А кніга – лекар мудрэйшы.

Полацк збірае сяброў –
Дзень пісьменства і друку,
Каб услаўляць зноў і зноў
Слова, асвету, навуку.

РОДНАЯ МОВА
Слова роднае, мова матчына,
Мне прапетая над калыскаю,
Мова дзеда майго, як спадчына,
Стала ты мне таксама блізкаю.

Стала ты мне таксама роднаю,
Мова матчына, беларуская,
Мілагучная і пяшчотная,
Як душа майго краю русага.

Мовы іншыя, мовы розныя
Ёсць на свеце, я ўсе паважаю,
Але мову і песню родную
Ні на што я не прамяняю.

* * *
З мовай роднай трэба жыць,
Бо яна – душа народа,
Шанаваць яе, любіць,
Гаварыць на ёй заўсёды.

І чужыя вывучаць –
Станеш толькі багацейшы,
І нідзе не забываць:
Мова – дар ад Бога лепшы.

І нясці яе ў жыццё,
Мова родная – святыня.
Бо без мовы мы ніхто:
Не народ і не краіна.