Паэтычны марафон “У вянок Свята беларускага пісьменства”. Марыя Кобец
Share the post "Паэтычны марафон “У вянок Свята беларускага пісьменства”. Марыя Кобец"
ДА ПАЭЗІІ…
Пагібель?..
Надзея?..
Збавенне?..
Нязграбная ноша?..
Ці крыж?
Ратуеш, ці дорыш сцаленне?
Знішчаеш, узносячы ўвысь?
Вясны гаманкой захапленне!
Бурлівы, няўрымслівы плёс!
Любоў… да шаленства, ўтрапення!
Нянавісць… да ўедлівых слёз!
Самоты, журбы паланенне!
І радасць… з ударам пад дых!
І Веры Святой наталенне!
І споведзь,
І каянне ўслых!
Трохперсце… Пацір…
Ачышчэнне…
Пачатак… і ўрэшце – канец.
Пагібель…
і дзеля збавення
цаглянага жвіру свінец!..
ПАКЛІКАННЕ СЛОВАМ
Захліпалася сэрца ў граху –
Да Паклікання, к Лучнасці светлай…
На апошняй прыступцы шляху
Я пачула Ваш голас прыветны.
Я прачула цяплынь Вашых воч,
Эўхарыстыю ў простай прамове.
Панавала згрызотная ноч –
Я знайшла ратаванне… у Слове.
Адкупленне, адхланне, спадзеў,
Знітаванасць з Высокім, Сусветным…
На прыпынку Апошніх Надзей –
Я спаткала Ваш позірк прыветны.
Спаталілася лучнасцю ўсмак –
У Пакліканні Словам Прасветлым…
На апошнім маршруце – як знак –
Стаў збавеннем Ваш голас прыветны.
***
Проста мяне няма
там, дзе выток ад ценю.
Выспамі воч – зіма,
шэрань сляпых адценняў.
Проста мяне няма
ў цемрадзі і ў зеніце.
Тайнапіс дзён – “сама”,
правапіс ісціны – I.Н.С.I.
Проста няма мяне
ў ветры, вадзе і ў глебе!
Я ў шматгалоссі?..
Не!..
Я – у сумоўі з Небам!
Я ў сутарэнні слоў
І ў рыфмаванні строфаў.
Пошук асновы асноў –
вязень сваёй катастрофы.
З німбам над галавой,
з крыламі за плячыма…
– Вязень Паэзіі!..
Стой!..
К вечнасці?..
– Так!..
Магчыма…
ПАЭЗІЯ БОЛЮ
Максіму Багдановічу
Трагедыя лёсу, паэзія болю…
Я ў слове гарачым шукаю спатолю.
Я словам тваім захінуся ў нядолю…
Трагедыя лёсу, паэзія болю…
Вянок васільковы ў айчынным раздоллі
І шлях Веранікі шляхамі Пагоні,
І ззянне Венеры ў вяках неадальных…
Трагедыя лёсу, паэзія болю…
Пагляд уздымаю і дыхаю вольна,
І хай час мінае, імчыцца няўмольна!
Адшукваю зноўку я ў слове спатолю! –
Трагедыя лёсу, паэзія болю…
Пагляд уздымаю і зорку шукаю,
Нібыта спаткання з Табою чакаю…
Трагедыя, боль, неўміручасць, бяссілле…
Ты тут, на Радзіме, ты побач, Максіме…