Паэтычны марафон “У вянок Свята беларускага пісьменства”. Галіна Мароз
Share the post "Паэтычны марафон “У вянок Свята беларускага пісьменства”. Галіна Мароз"
Галіна МАРОЗ
РОДНЕНЬКАЯ МОВА
Родненькая мова, ты – душы святло,
Цвердая аснова, моцнае крыло.
Цеплыня – зiмою, радасць – у журбе,
Будзь заўжды са мною – памру без цябе.
Ты – ля ганка кветнік і вясёлкі блік,
Абрус–вышыванка, з абраза ручнiк.
Ты – блiнцы ў печы, кросны ля сцяны,
Казка для малечы, салодкія сны.
Блiскавiца ў полi i мядунак пах,
I лугоў прыволле, сонца ў валасах.
Ты – матулін голас, ты – бусліны край,
Залацісты колас, хлебны каравай…
Хай твая прывабнасць грэе мне душу:
Тут i боль, i радасць, што я ў ёй нашу.
Родненькая мова, слаўся і жыві, –
Складнік найгалоўны ты маёй крыві.
Твае карані
На імгненне душа замірае,
Разліваецца ў сэрцы цяпло,
Па знаёмых сцяжынках ступаю,
Дзе дзяцінства калісьці прайшло.
У далонях яно нас люляла
І дарыла нябачаны рай,
Мар салодкіх віхуру ўздымала –
І пачуцці ліліся праз край!
Сэрцу мілая, родная хата,
Сад і луг аксамітны такі!
Падарункі, прысмакі на свята,
І пакуль што жывыя бацькі…
Збажына пазалотай вітае,
У паклоне хіне каласы,
Хор птушыны здалёк сустракае,
Галасамі дзівоснай красы.
І цяпер дарагая зямліца
Ў невыказных пачуццях жыве,
Дазваляе знутры асвяціцца,
Калі зноўку прыйсці да яе.
Кожны крок, подых ветру смакую –
Усё цешыць, куды ні зірні…
Не шукайце старонку святую –
Там яна, дзе твае карані.
Душэўны скарб
Матулечка, любая, голас твой дзіўны
Як скарб у душы берагу.
Здаецца, такі ён у свеце адзіны,
Што лечыць мне боль і тугу.
Усмешка твая, нібы промнік ад сонца,
Любоў надае да жыцця,
Чароуным цяплом авявае бясконца –
Няма даражэй пачуцця.
Захоўвае памяць хвіліны пяшчоты
І шчодрага сэрца святло.
Балюча скрабуцца пакуты-турботы –
Не вернеш таго, што было…
Водар матулінай роднае мовы
У сэрцы з любоўю нашу.
З нябёсаў гучаць яе шчырыя словы –
Лаўлю іх і вершы пiшу.
Вытокі адзінага слова
Матуля – святое, чароўнае слова,
У ім ласка, пяшчота, спагада, любоў,
Шчырых, душэўных пачуццяў аснова,
Скарбонка для казак і песень, і сноў.
І ветру мелодыя дзіўная ў полі,
І ў пояс паклон збажыны залатой,
Шчаслівыя слёзы на родным прыволлі,
Любоў да жыцця і сардэчны спакой…
Вось гэта – вытокі адзінага слова,
Каштоўней яго не бывае ў жыцці,
Спавітага роднай матулінай мовай,
Каб квеценем белым у сэрцах цвісці.
На крылах вечнасці
Купала, Гілевіч, Бядуля Змітрок –
Зямлі нашай роднай героi,
Крыніц жыватворных, гаючых выток,
Напрамак да светлае долі.
Цудоўнага краю ўсё хараство
Ў далонях з любоўю змясцілі,
Матуліну мову і сэрцаў святло,
Бы птушку на волю, пусцілі…
Яскравыя зорачкі будуць гарэць,
Падобна царкоўным лампадкам,
На крылах бялюткіх у вечнасць ляцець,
Пакінуўшы скарбы нашчадкам.
Знайсцi натхненне
Скажы, мой мілы Божа:
«Чаму душа маўчыць?
Замкнула шчыльна дзверы,
Няўжо так доўга спіць?
Дзе дзелася натхненне,
Ніяк я не знайду…»
А без яго, вядома,
Папросту прападу.
Прывыкла, што радочкі
Ў думках шамацяць,
І толькі паспяваю
Іх у слупкі складаць.
А зараз так няўтульна
З бясконцай цішынёй!
І дзе шукаць ратунку –
Няведама самой…
Пайду ў лясок бліжэйшы
Ды дрэўца абдыму,
І ўсе свае турботы
Перакажу яму.
І сілы жыватворнай
Сардэчна папрашу,
Каб да краёў напоўніць
Ёй цела і душу.
Да роднае зямліцы
Прыціснуся шчакой,
Яна заўсёды дорыць
Унутраны спакой.
І вось тады, магчыма,
Разгорнецца душа,
І словы паліюцца,
Нібы вада з каўша.
Далоні я падстаўлю
Пад гэты Божы дар,
Які ўраз астудзiць
Маёй душы пажар.