Паэтычны марафон “У вянок Свята беларускага пісьменства”. Фёдар Гурыновіч
Share the post "Паэтычны марафон “У вянок Свята беларускага пісьменства”. Фёдар Гурыновіч"
ПРЫЗНАННЕ
За прасёлкам – далячынь,
А за ёю – даль другая.
З дубальтоўкай на плячы
Цэлы дзень хаджу кругамі.
То лагчына, то загіб
Некай сцежкі раўнадушнай.
Хоць нічога не згубіў,
А вышукваць нешта мушу.
Не, не зайчыка, найперш –
Я прызнаюся вам шчыра –
Проста верш, шукаю верш
У бязмежнай гэтай шыры.
Тут паэзіі стае,
Ды – заверыць вас хачу я –
З гарадскіх акон яе
Не пабачыш, не адчуеш.
Я даказваць вам гатоў
Далікатна, асцярожна:
Там, дзе камень і бетон,
Быць паэзіі не можа.
ПАЧАТАК
Верш пачынаецца з радка,
Нібыта рэчка з раўчука.
І не збіваючыся з рытму,
Радок сваю шукае рыфму –
Так, як рака шукае шлях
У балацянках і палях.
Яна маркоціцца ў траве,
А вырваўшыся на прастору,
Зноў весяліцца, зноў жыве,
Бяжыць з прыкідкаю на мора.
Але сваёй вадой спярша
Яна жыццё дасць лугу, полю…
Так верш выспельвае душа,
Перш чым пусціць яго на волю.
СУЛАДДЗЕ
На золку рыфмы студзяць,
Як позняя раса.
На золку вершы будзяць,
Якіх не дапісаў.
Хіба ж грахом прыкуты
Да гэтай працы я,
Салодкая пакута,
Паэзія мая?
Мне хораша з табою.
Ты – ісціна жыцця,
І спасціжэнне болю,
І прага адкрыцця.
І слых ты мой, і вочы…
І ўсё ж, і ўсё ж, і ўсё ж
Пакінь мяне хоць ноччу,
І думкі не трывож.
Я на тваіх загонах,
Як пчолка, шчыраваў.
А быць тваім прыгонным
Я клятвы не даваў.
Тады чаму ж суладдзя
Няма ў маёй душы,
Калі нетхненне здрадзіць,
І сам сабе – чужы?
Чаму вышэе неба,
І зноўку ты жывеш,
Калі травінкай з глебы
З душы праб’ецца верш?
МОЙ ХРАМ
Маёй рукой таксама водзіць Бог,
Хаця пішу я рэдка і нямнога.
Калі ж каму я вершам дапамог –
Хваліце Бога.
Напэўна, мог, у прынцыпе, і сам
Свайму натхненню зрэдку даць патолю.
І ўсё-ткі,
Што б тады я ні пісаў,
Было б не тое.
Я не царкоўны вернік, Бог, даруй.
Але ж, хоць не спазнаў я Божай ласкі,
Усё, пра што пішу і гавару,
З тваёй падказкі.
І я хаджу таксама ў Боскі храм –
У сонцы ўвесь, не меў дзвярэй ён зроду.
Адкрыты ён заўсёды ўсім вятрам.
Мой храм – Прырода.
У ім гарыць зары іканастас,
Туман – як дым з кадзіла – над дарогай.
Малюся я Прыродзе ўсякі раз,
А значыць – Богу.
ЛІРЫКА
За форткай – лірыка дажджу,
Вясна, і шпак на белай вішаньцы.
Як вам – не знаю, мне ж, скажу,
У дождж заўжды натхнёна пішацца.
Мільгаюць рыфмы, як стрыжы,
Трымцяць метафары, як чаіцы.
Вядома ж, гэта стан душы –
Душы, якая захапляецца.
І ні гадзіны болей сну,
Ні тэлевізара, ні вуліцы.
Але ж чаго вініць вясну,
Калі адчайна так рыфмуецца.
Ты гэты стан не дакарай,
Не будзь нявераю і скептыкам,
Бо сам сябе ты пакараў
Добраахвотным рабствам гэтакім.
Ды ў тым трагедыі няма,
Што ты не спіш вясною суткамі,
Калі Паэзія сама
У сэрца чуйнае пастукала.
Нямнога шчасця на вяку,
Таму паслухай госцю мудрую,
Пакуль струменьчыкі цякуць
Па звонкіх шыбах перламутравых.
І сам я вершамі грашу.
І што б сябры мае ні крэмзалі,
Няхай паэзія дажджу
Пераліецца ў дождж паэзіі.
ПАЭТЭСЫ
А можа, так яно і трэба,
Пакуль нягоды не прайшлі?..
І забірае лепшых неба,
Каб не гібелі на зямлі.
І ў час вячэрні над аблогам,
Дажджынкі цэдзячы ў траву,
То не аблокі, не аблокі,
А душы іхнія плывуць.
І ці не з іх нябеснай ласкі,
Нібы паэзія ў душы,
Запаланілі далеч краскі
Усцяж бязлюднае шашы?
Яны ўзышлі раптоўна, разам,
Пазалаціўшы поле спрэс.
У іх няма ніякіх назваў.
Ці гэта ўздыхі паэтэс?
Не стопча статак іх, не знішчаць
Іх ні спякота, ні зіма…
Няма Яўгеніі Янішчыц,
І Еўдакіі Лось – няма.
ЛІХТАРЫ
Ліхтары між рэбраў поўначы,
Быццам раны нажавыя.
Светлапад штурмуюць, стогнучы,
Машкары сцягі жывыя –
Пад бярэзінамі ніцымі,
Там, дзе слуп танцуе босы.
І з падсмаленымі крыльцамі
Абсыпаюцца з нябёсаў.
Тры таполі, дзве бярэзіны,
Пошум лісця, дотык пальцаў…
Так і я аб Вас, Паэзія,
Сны і думкі паабпальваў.
ЦІХІЯ МАЕ ВЕРШЫ
Салавей у клетцы не пяе,
І жаўрук маркоціцца ў няволі.
Так і вершы сціплыя мае –
Што яны без лесу і без поля?
Што яны без рэчак, без сцяжын,
Без аблокаў ранішніх, без поўні?
Хіба толлькі голасам чужым
Заспяваць, як шпак каля шпакоўні?
Што яны без ветру, без дажджу,
Без вясёлкі майскае?..
Чакайце,
Больш я вам нічога не скажу,
Лепш вы самі вершы прачытайце.