Паэтычны марафон «У вянок Свята беларускага пісьменства». Дзмітрый Краскоўскі

Дзмітрый КРАСКОЎСКІ

Максіму Багдановічу
Гляджу на Млечны шлях, на россып зорак,
Абрысы бору спяць у цішыні
І прахалодай ахінае золак,
Венера-зорка ззяе ў вышыні.

Пісалі пра прыроду ўсе паэты,
Ды ён – з вялікай літары Паэт!
Вякі мінуць, а застанецца гэты,
Максіма Багдановіча, сюжэт.

Хоць маладым сышоў ад нас у Вечнасць,
На Млечны шлях пайшоў, як на шашу,
Ды вершы пра каханне, чалавечнасць,
Крануць заўсёды чытача душу.

Яго “Лявоніха” гучала ў народзе,
Настрой заўжды ўзнімаўся ад яе
І танец, у імклівым карагодзе,
Засумаваць і сёння не дае.

Хай адбіваюць рытм свой чаравікі,
Змяняюцца культуры і часы…
Імя навечна ўславіў – Вераніка
І Слуцка залатыя паясы.

Паэт
У органах больш працаваць
Здароўя моцнага не маю.
“Дастала” рапарты пісаць:
“…и настоящим сообщаю”.

Цяпер ужо пенсіянер:
Ні рапартаў, ні пратакола…
Таму, на захадны манер,
Пісаць рашыў пра ўсё наўкола,

Ды каб парадаваць сяброў,
Тых асабліва, хто не піша…
І вершы будуць – будзь здароў!
…Папера, ручка, у хаце – ціша…

Спачатку весела было,
Бо рыфму так круціў і гэтак.
Ды праз гадзіну дапякло –
Не абыйсціся без таблетак.

У галаве нібы мука –
Хвіліны поўнага адчаю…
Прывычна вывела рука:
“…и настоящим сообщаю”…

Продкаў запавет
Паўтараць я буду зноў і зноў
Нашых продкаў мудры запавет,
Што для іх – аснова ўсіх асноў –
Праслаўленне мовы на ўвесь свет.

Слова беларускае заўжды
Змалку песціў сейбіт і ваяр,
За яго ў далёкія гады
Палягло нямерана ахвяр.

Захавайце на сваёй зямлі
Мудрых продкаў запавет такі:
“Каб народам звацца вы маглі,
Мову не губляйце праз вякі!”