Паэтычны марафон «У вянок Свята беларускага пісьменства». Алена Стэльмах

Алена СТЭЛЬМАХ

Гульня слоў
Слова – нібыта пушынка,
Лёгкі, свавольны вецер,
Слова – вясна, аблачынка,
Лёгка ўладарыць у свеце.

Вылеціць птушкай крылатай –
Усцешыцца плён ад палёту.
Словейка спешчана ласкай –
Безліч стракатых дабротаў!

Нават адзін пестуночак,
Сказаны добрай хвілінай,
Слоўца-свяцень, галубочак
Душу аздобіць малінай.

Дробязь, з кіпцюр, нягеглае,
Ці крапіва пякучая –
Злоснае слова, нявернае,
Да нематы балючае.

Весткі здзічэла заўюцца
Хмарай груганаў чорных –
Стратай-бядой адгукнуцца,
Процьмай слёз незлічоных…

Шлях, дзе ні рушыць — раздольны,
Коціць знішчальнай навалай.
Слова, спыні ты, войны!
Гэта ж так многа і мала.

Слова, мацуй нашы крылы,
Стань наймагутнай зброяй.
Волат – ты, жыць каб у міры,
Каб не зрабіць яго мрояй.

Муза і муха
Паэт чакаў таго імгнення,
Калі магутнае натхненне,
Абрыне на яго знянацку,
І стане ён тварцом важняцкім.

Дзе Муза слынная вітае?
Паэт у вокны паглядае.
Цікуе, можа, йдзе ў вароты?
Ці не відаць яе з-за плоту?

Паэт нажом пяро ваструе,
На стол папераў стос майструе.
Падсілкаваўся ён удала –
Клапот пісьменніцкіх нямала.

Карпець, мо, прыйдзецца без меры,
Спісаць лістоў са сто паперы.
Нялёгкі хлеб – прывабіць славу.
На госцю знойдзе ён управу.

Гадзіны дзве, а, можа, й пяць
Улегцы збеглі. Музы – не відаць.
Як раптам нешта зазвінела,
На лоб паэтавы прысела.
Замёр наш творца, не кранецца,
Цяпер ён Геніем завецца!
Муха вяртлявы розум мела,
Крылом пырхнула – паляцела…

Паэт знайшоў адпомсціць меру,
Біць муху ўхапіў паперу.
І не жартуе, не смяецца —
Кроплі, як дам, не застанецца.

А тая адляцела крыху,
І паддае для творцы дыху:
Не страшна мне зусім, ані,
Ківае лапкай – дагані!

Гайсаў паэт, што было сілы,
Такі фурор яму не мілы.
Займеў лятуху, ды не тую,
Як торбу дзедаву пустую.

Бывае так, сябры, у свеце,
Хто меціць з лёгкасцю паэціць,
Той з мухі мае ўсю наеду,
А муза госціць у суседа.