Паэтычны марафон “У вянок Свята беларускага пісьменства”. Віктар Сабалеўскі.

    ВІКТАР   САБАЛЕЎСКІ
Сэрцу любыя крыніцы

Зямлі маёй духоўныя крыніцы,
Радзімы любай неацэнны скарб!
Спяшаюся заўсёды пакланіцца
Каштоўнасцям, схаваны што ў вяках.

Гісторыі дыханне адчуваю
Сярод кухценскіх кальвінскіх муроў.
Душа адпачывае і спявае
Між нёманскіх лугоў, палёў, бароў.

Тут Будны частку Бібліі напіша,
Паўстане піраміда між магіл.
Тварылі тут і Ёдка, і Завіша,
Мужнела Магдалена Радзівіл.

Касцёл, царква Святых Пятра і Паўла
Да прымірэння, еднасці завуць.
Зямелька гэта годна ўзгадавала
Лычоў і Труса, Глебку й Крапіву.

Святар Навіцкі пацярпеў за веру,
Калі бязбожжа хлынулі вятры,
І сын яго у бессмяротнасць дзверы,
Героем стаўшы, для сябе адкрыў…

Вітаю пераемнасць пакаленняў
І добрых спраў чакаю ураджай.
Перад табой схіляю я калені,
Край Прынямоння, уздзенскі наш край!

Родная песня гучыць

Беларуская песня гучыць
Над прасторамі любай Радзімы,
За сабою заве ўдалячынь,
Немагчымае робіць магчымым.

Ад калыскі пачатак бярэ,
Дзе матуля дзіцятка люляе
І, як самы святы абярэг,
Мовай спеўнай здароўя жадае.

Напрадвесні звініць ручайком,
Гудзе пчолкай у квецені майскай,
Над палеткам ляціць жаўруком,
Свет адорвае ціхаю ласкай.

Беларуская песня гучыць—
Мілагучная, цёплая, шчырая,
Пералётнаю птушкай імчыць
На радзіму з далёкага выраю.

Ажывае падворак і дом,
І душа безупынна спявае –
Незвычайным, чароўным святлом
Песня кожнага з нас акрыляе.

І вясёлы, і сумны настрой
З роднай песняй заўсёды падзелім.
Бо мы ўпэўнены: збудуцца з ёй
Нашы мары, жаданні, надзеі.

Нявычэрпны скарб

У хатках і палацах
Для спраў малых, вялікіх,
Для розуму, для працы
Даюць нам многа КНІГІ.

Адкрыцці і знаходкі
Пра уздзенцаў ці грэкаў,
Пра слаўных нашых продкаў
Дае БІБЛІЯТЭКА.

Веды і падзеі,
Веру і інтрыгі,
Пошукі, надзеі –
Ўсё гэта дораць КНІГІ.

Радасць ды здзіўленне,
Здароўе, бы з аптэкі,
Бяром у захапленні
Мы з БІБЛІЯТЭКІ!
Вясна ў коласавым куце

Альбуцкая чаромха

У родным коласавым куце
Вясна ўладарыць, кліча ў госці.
Цвіце чаромха у Альбуці,
А груша з ліпай ёй зайздросцяць:
Ўжо груша кветкі пагубляла,
А ліпе шчэ да іх далёка.
Ды іх суседцы гора мала –
Цвіце ды радуе зноў вока.
Глядзіць з-за плоту дуб на квецень
І, пэўна, думае зайздросна:
“Глядзі ты, годна нам у дзеці,
А ўсё ж падцерла-такі нос нам!”
І двор старое леснічоўкі
Палае сонечным букетам,
І кружаць тут дзяўчаты-пчолкі,
На ўсіх хапае белых кветак.
Ёй аддаюць паклон турысты…
Вясна у коласавым куце.
Душа становіцца зноў чыстай –
Цвіце чаромха у Альбуці.

Акінчыцкі калодзеж

Стаіць калодзеж у двары,
Нібы вартуе тут сялібу.
Ён не працуе, ён стары,
Ужо на пенсіі ён нібы.
Але не спісаны ў архіў,
Хаця вадой і не частуе.
Эпохі тут былой матыў
Хто пажадае, той пачуе.
…Выходзіць з сенечкаў Антось
З драўляным новенькім цабэркам.
Да студні ён падходзіць вось,
Уніз глядзіць, нібы ў люстэрка.
Затым пяту ён жураўля
Уверх паціху адпускае,
Грузіла боўтае, пасля
Вядро з вадою падымае.
Скрыпіць старэнькі журавель,
І кроплі булькаюць тады.
І узнялося ўжо наверх
Вядро сцюдзёнае вады.
Яго паставіўшы на край,
Антось адольвае спякоту.
Праз зубы цэдзіць – вось то рай! –
І адчувае асалоду.
Пасля ў цабэрак пералье
Няспешна так і акуратна,
Штол нават кроплі не пралье.
Нясе вадзіцу тую ў хату.
“Хто хоча, жэўжыкі, вады?
То не вада, напітак райскі!
Бяжыце, хлопчыкі, сюды,
Ды пакаштуйце, калі ласка!”
Яго ўбачыўшы здалёк,
Любы тут збочвае з гасцінца.
На скрыжаванні дзвюх дарог
Ён падзывае ўсіх гасцінна.
Вось радзівілаўскі панок
На брычцы побач праязджае.
Яго замораны канёк
Па бруку стомлена ступае.
— То тпр-ру, Сівы, пап’ём вады
Ды адпачнём хвіліну.
Давай завернем во сюды,
Тут хтосьці дома быць павінен.
А вось і сам Міхал выходзіць,
Ён не спяшыць, ды й не марудзіць –
Панку служыць то не пашкодзіць,
Бо муха шчэ яго укусіць.
Тады, браток, не абярэшся
З такім антыхрыстам бяды.
І налівае ён нарэшце
Каню у ночаўкі вады…
Стаіць калодзеж ля гасцінца.
І хоць цяпер ён не працуе,
Ды побач з ім заўжды спыніцца
І прывітаць яго хачу я.
Сказаць: “Трымайся, брат, рыпі
І радуй вока чалавека.
Вада твая людзей такіх
Паіла, песціла спрадвеку!”

Альбуцкая крыніца

Плача крынічка, плача.
Хто палюбіць яе такую?
Хто слёзы яе пабачыць,
Хто жальбу яе пачуе?
Калісьці была невялічкай,
Цякла між вярбы, алешын.
Любаваліся ўсе крынічкай,
Была яна кожнаму ўцехай.
Вадзіца была празрыстай,
Халоднай і вельмі смачнай,
А бераг яе квяцісты
Быў раем для ўсіх, няйначай.
І мосцік яе – паленца
Улетку страчаў закаханых.
І кожны крынічцы-паненцы
За нешта ды быў прызнаны.
Паэт яе славіў у песнях,
Салаўі пелі ёй серэнады
А ракі у водах вешніх
Шукалі спакой і спагаду.
Што стала з табой, сятрыца?
Хто крыўдзіць цябе надумаў?
І ціха шапнула крыніца:
— Прыйшоў чалавек “разумны”.
Спачатку павысек дрэвы,
Што мне берагі мацавалі.
І змоўклі тут птушак спевы,
Кудысьці бабры пазнікалі.
А потым мяне выпрамлялі,
Труцілі нейкай брыдотай –
І побач з мяшка высыпалі,
Рассейвалі і з самалёта.
Кідалі турысты смецце
І мылі свае машыны…
Ведаюць неба ды вецер
Пра лёс цяжкі ручаіны.
…Сонца над лесам садзіцца.
Нават спякотным маем
Горкія слёзы крыніцы
Піць ніхто не жадае.

Віктар Сабалеўскі, г. Узда