Паэтычная вечарына “Аснежаныя рытмы”

Паэтычная вечарына «Аснежаныя рытмы» сабрала ў актавай зале філфакаўцаў розных гадоў. Вечарына ладзілася ў гонар яе заснавальніка А. А. Лойкі (1931—2008), прафесара, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, былога загадчыка кафедры беларускай літаратуры, экс-дэкана філалагічнага факультэта. Менавіта ён быў ініцыятарам паэтычнага свята «Аснежаныя рытмы», якое пачало ладзіцца дваццаць гадоў таму. Адкрыў мерапрыемства А. І. Бельскі, загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры, які нагадаў, што калісьці ў «Аснежаных рытмах» бралі ўдзел Рыгор Барадулін, Міхась Стральцоў, Раіса Баравікова, Галіна Каржанеўская і іншыя паэты.

І вось філфакаўская традыцыя правядзення «Аснежаных рытмаў» аднавілася. Гасцей, калег і студэнтаў сардэчна прывітаў дэкан філалагічнага факультэта, прафесар І. С. Роўда. Госцем паэтычнай вечарыны быў паэт-песеннік, выпускнік філфака 1982 года, былы ўдзельнік студэнцкага легендарнага літаб’яднання «Узлёт» Кастусь Цыбульскі. Па сутнасці яго выступленне стала творчым бенефісам на сцэне роднага філфака. Зала цёпла сустракала вершы і песні ў выкананні паэта, які прадэманстраваў не толькі паэтычнае майстэрства, але і цудоўныя артыстычныя, вакальныя здольнасці. Прысутныя паглядзелі відэасюжэт, прысвечаны Алегу Лойку, ушанавалі хвілінай маўчання ўсіх выкладчыкаў, якія пайшлі з жыцця, — менавіта яны многія гады выхоўвалі студэнцкую і літаратурную моладзь.

Былы «ўзлётавец» К. Цыбульскі перадаў на сцэне творчую эстафету сённяшнім студэнтам, маладым паэтам. Натхнёна чыталі свае вершы Кася Стаўрова, Ксенія Вярынская, Яўгенія Пракапчук.

На мерапрыемстве прысутнічалі вядомыя пісьменнікі, былыя выпускнікі БДУ Анатоль Бутэвіч, Уладзімір Мазго, Анатоль Зэкаў, Алесь Гібок-Гібкоўскі, выкладчыкі і супрацоўнікі, былыя і сённяшнія студэнты філалагічнага факультэта, настаўнікі, якія працуюць з адоранымі вучнямі, навучэнцы гімназій і ліцэяў г. Мінска, а сярод іх — пераможцы алімпіяд рознага ўзроўню, рэспубліканскага конкурсу даследчых прац школьнікаў.

(З сайта филалагічнага факультэта БДУ)