Паэтычны марафон “У вянок Свята беларускага пісьменства”. Аляксандр Быкаў
Share the post "Паэтычны марафон “У вянок Свята беларускага пісьменства”. Аляксандр Быкаў"
ПАЧАТАК
За плугам пахадзіць калі —
Яно патрэбна,
Бо пачынаецца з раллі
Наш шлях да неба.
Ці ранак выбухне наўсцяж,
Ці вечар ляжа —
Зямны заўжды пачатак наш,
І доля наша.
І ўшчэнт душу хоць пакрышы,
Ды азірніся:
Да неба цягнуцца крыжы,
І тлее прысак.
І недзе там, дзе зорак стос
Хавае тайны,
Шлях пракладзе зноў да нябёс
Араты дбайны.
У МАЦІ
Рэдка прыязджаем да матуль!
Сумных думак коцяцца камы.
З-за страхі завеянай, адтуль
Ранак пачынаецца зямны.
Справы да мяне яму няма,
Быццам і мільёны год таму.
Як халодзіць сцюжная зіма,
Расказаць ці здолею каму?
Толькі хаты роднае парог,
Толькі ён — дарадца і спадзеў.
І мяне з бязлітасных дарог
Ён і зараз радасна сустрэў.
Колькі сноў пабачыў насамрэч,
Як дымок віецца над трубой…
Маці звыкла распаліла печ,
Каб сагрэць зімовы ранак мой.
СУСТРЭЧЫ Ў РЫМЕ
Знерухомеў ад з’явы такой.
Час той сорам ці прыме?
Афрыканцы на мове маёй
Размаўлялі у Рыме!
Натуральна вось так, на хаду,
Быццам дробязь у цэлым.
Па праспекце ж Скарыны прайду —
Скарыноўца ці стрэну?
Каб штурхнуць мне яго незнарок
У натоўпе стракатым
І пачуць у адказ не папрок —
Слова з матчынай хаты!
Уздыхнуў бы з палёгкаю: “Свой!,
Мова ў бездань не зрыне.
І няхай размаўляюць на ёй
Афрыканцы у Рыме…
***
м. ш.
Груша голлем змакрэлым
Ледзь варушыць са сну.
Скрэслю аркуш я белы,
Ды ізноўку пачну.
Ні зімы табе ладнай,
Ні ружовенькіх шчок.
“А на нашы каляды
Ты прыедзеш, сынок?!”
Колькі помню я сцежак
І гасцінцаў праз лёс.
І знаёмы узмежак,
Без мяне што зарос…
Зноў радок перайначу,
Ўсё па праўдзе яно.
Голас мроіцца матчын.
Быў нядаўна ж…Даўно…
У ХРАМЕ
Як вечнасць — храм. Вячэрняя імша
Спакой мне дорыць, веру і надзею.
І быццам адраджаецца душа,
Што страты спрэс прымала за падзеі.
Я не ўнікаю ў словы святара,
А проста рады гэтай вось спатолі,
Нібы глытку ратоўчаму з вядра,
Што ад спакус пазбавіць і ад болю…
Калі душа разбэшчваецца ў хлам,
Калі гібее ад хлусні і здзекаў,
Успомніце: стаіць, як вечнасць, храм.
Якіх яшчэ шукаць патрэбна лекаў?!