Паэты Міншчыны завіталі ў Сеніцу

Нядаўна Мінскі дзяржаўны абласны каледж харчовай прамысловасці прымаў літаратараў Мінскай вобласці. Больш за 150 юных слухачоў – навучэнцаў і выкладчыкаў каледжа — запоўнілі актавую залу ўстановы.

У прызначаны да пачатку мерапрыемства час на сцэну падняліся старшыня Мінскага абласнога аддзялення ГА ”Саюз пісьменнікаў Беларусі” паэтэса Святлана Быкава і паэт і бард з Вілейкі Уладзімір Цанунін.

Сустрэчу распачала Святлана Быкава. Яна расказала прысутным пра Мінскае абласное аддзяленне і падарыла юным чытачам бібліятэкі каледжа калектыўны зборнік аддзялення “Міншчына літаратурная”, у якім прадстаўлены творы амаль 50-ці пісьменнікаў Міншчыны. Потым яна распавяла пра свой жыццёвы і творчы шлях, расказала цікавыя моманты са свайго жыцця і пазнаёміла слухачоў са сваёй творчасцю.

Прысутныя ўважліва, з цікавасцю слухалі яе вершы на беларускай і рускай мовах: “Карані”, “Зямелька мая”, “Непазбежнасць”, “Кахаю…”, “Майму зямному Анёлу”, “Сказ о дубе” і шмат іншых.

Скончыўшы сваё выступленне, паэтэса перадала слова Уладзіміру Цануніну. Далей са сцэны гучалі пранікнёныя вершы і песні пад гітару пра каханне, родную прыроду і асабліва пра Белавежскую пушчу, у якой давялося жыць паэту. Вельмі кранальнымі былі вершы і песні пра чарнобыльскія падзеі, удзельнікам якіх выступоўцу прыйшлося стаць па волі лёсу. Краналі сэрца вершы пра Вялікую Айчынную вайну, якую прайшоў яго бацька.

Падчас сустрэчы высветлілася, што разнастайнасць творчасці Уладзіміра Цануніна абумоўлена яго жыццём, захапленнямі: гэта і гісторыя нашай краіны, і археалогія, і турызм, і нават альпінізм.

Напрыканцы свайго выступлення Уладзімір Цанунін прачытаў яшчэ шмат гумарыстычных вершаў і праспяваў песні, якія прымусілі смяяцца ўсіх прысутных. На памяць аб сваім выступленні творца падпісаў для бібліятэкі каледжа кнігу вершаў “Пушчанскія галасы”.

Навучэнцы і настаўнікі вельмі цёпла развітваліся са сваімі гасцямі, запрашалі прыязджаць яшчэ. Шмат юнакоў і дзяўчат выказалі жаданне сфатаграфавацца на памяць з гасцямі. А адзін з навучэнцаў пазнаў у адным з выступоўцаў – Уладзіміры Цануніне — свайго былога настаўніка. Ён расказаў, што яшчэ ў гады вучобы ў школе тры месяцы вучыўся ў аздараўленчым лагеры “Надзея” на Віліі, у якім выкладаў гісторыю таленавіты майстар слова.

Прэс-служба Мінскага абласнога аддзялення СПБ