«Пад зоркай духоўнасці» Яўген Пясецкі

Яўген ПЯСЕЦКІ

Напярэдадні

Гэты снежаньскі ранак прадвяшчае збаўленне,
Вынішчае цямноту нябесны агмень.
Скарацілася ноч на кавалачак цені –
На маленькі праменьчык пабольшыўся дзень.

Па-над снежнай прасторай развіднеліся высі,
Ад Сажа да Прыдзвіння звон вітальна гучыць —
Ці то неба нам кажа, што Хрыстос нарадзіўся,
Ці зямля кажа небу, як Ён будзе тут жыць.

А Яму — як і нам: хлеб надзённы ды роздум.
Ён з крыжа дараваў і панам і рабам…
Скарачаецца ноч на зямлі з новым годам
І святлеюць нябёсы, і высіцца Храм.

Мой абярэг

На ўсіх шляхах, што ад крынічкі ціхай
Вядуць да хуткіх, незнаёмых рэк,
Перад нявер’ем, роспаччу і ліхам
Хай беражэ мяне мой абярэг.

Мой абярэг нябёсы спавівалі,
У ім чароўны водар хвой і траў,
Яго дзяды да сэрца прыціскалі,
Калі груган над хатаю кружляў.

Як захачу – абудзяцца пралескі,
Пацягнуцца да сонейка скрозь снег,
Уславяць жаўрукі абшар палескі —
Адно патрэбна: верыць ў абярэг.

Мая сцежка

Збяру ўсе сцежкі, што вялі да Храма,
Ўсе кветкі, што навокал красавалі,
Усе праменьчыкі, якія з Божай брамы
Мне гэты шлях усцешна асвятлялі,

Збяру ўсе мары, што зрудзелым лісцем
Раскіданы асеннімі вятрамі,
Збяру ў адно – і ўбачу, як калісьці
Я дзіцём увайшоў у дзверы Храма.