«Пад зоркай духоўнасці». Вершы крымскага паэта Валерыя Басырава ў перакладзе Святланы Быкавай

Басыраў Валерый Магафуравіч нарадзіўся 11 верасня 1947 года на Ўрале ў пасёлку Старая Сама (З 1997 года пражывае ў Крыме).

Расійскі паэт, празаік, перакладчык, журналіст.  Кнігавыдавец – дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю «Выдавецтва» Доля «» (Сімферопаль). Старшыня Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Крым.

У 1977 годзе скончыў Літаратурны інстытут ім. М. Горкага.  Член Саюза пісьменнікаў СССР (1990), Нацыянальных саюзаў журналістаў (1971) і пісьменнікаў (1990-2005, 2012-2014) Украіны.

З’яўляецца Акадэмікам Крымскай літаратурнай акадэміі (2005), член-карэспандэнтам Украінскай тэхналагічнай акадэміі – аддзяленне «Гісторыя і філасофія» (2006), акадэмікам Украінскай тэхналагічнай акадэміі – аддзяленне «Мастацтва і літаратура» (2012), старшынёй крымскататарскага ПЭН-Клуба (1999г.), Крымскай рэспубліканскай арганізацыі НСПУ (2003-2005), Крымскага рэспубліканскага творчага саюза «Крымская асацыяцыя пісьменнікаў» (2005), Крымскай рэспубліканскай арганізацыі Усеўкраінскага творчага саюза «Кангрэс літаратараў Украіны» (2007), сустаршынёй  Усеўкраінскай грамадскай арганізацыі «Кангрэс літаратараў Украіны» (2005), намеснікам старшыні Усеўкраінскага творчага саюза «Кангрэс літаратараў Украіны» (2007-2009), членам праўлення Еўрапейскага кангрэса літаратараў (2011 — ц/ч), старшынёй Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Крым (2014 —  ц /ч), членам Міжнароднага супольніцтва пісьменніцкіх саюзаў (2008) і агульнарасійскай грамадскай арганізацыі «Саюз перакладчыкаў Расіі» (2015).

 (Звесткі паводле Вікіпедыі)

 Аўтар: ВАЛЕРЫЙ БАСЫРАЎ

Пераклад на беларускую мову: СВЯТЛАНЫ БЫКАВАЙ

 ***

Я знудзіўся, ізноў прыйшоў сюды –

у рай зямны, дзе шыр лугоў, палеткаў.

Як мову чалавечую, заўжды

Я разумею тут гаворку кветак.

 

Я знудзіўся, прыйшоў сюды здалёк –

прыпаў душою да  зямной крыніцы.

Яна мацуе сілы, лашчыць зрок –

я п’ю і не магу ніяк напіцца.

 

* * *

Я між прапаведнікаў – лішні.

Але ж, як пакрыўдзяць, ад болю

прашу, каб Ён боль мне спатоліў:

Прабач жа грахі мне, Усявышні!

 

На тых жа, хто б’е – не крыўдую,

бо хворыя гэта душою.

І бачу, што будзе са мною –

што час мне наступны гатуе.

 

Прасветлены, я не крыўдую.

Іспыт майго Духа – цярпенне.

І бачу з парога збавення:

квітнее дарога да Раю.

 

Знямоглы ад іглаў цярпення,

ад поглядаў вочы хаваю

і бачу з парога забвення

дарогу, што ў Пекла збягае.

 

Калі ж раптам стану я лішнім, –

між грэшных не самы я гожы, –

Збавіцель, даруй, калі зможаш,

і выратуй, Божа Ўсявышні.

***

Я спадзяюся: мудрасць год

не дасць каханне наша знішчыць.

Адкрый жа вокны. Карагод

начных свяціл

няхай святлом

тваю

душу ачысціць.

 

Яшчэ імгненне – і світанне

зноў таямнічасць ночы знішчыць.

Я адчыняю вокны. Ззянне

начных свяціл

няхай святлом

маю

душу ачысціць.

 

Я – кропка

Не люблю азірацца.

Якая карысць у тым, што было?

Успаміны альбо раздражняюць,

выклікаючы, у лепшым выпадку,

пачуццё сарамлівасці,

альбо адводзяць далёка ад рэчаіснасці,

дзе быць не заўсёды камфортна.

Але і з днём заўтрашнім

не хочацца

завязваць сяброўскія адносіны,

бо ілюзорная надзея на будучыню

адводзіць ад рэчаісных учынкаў.

Я – сённяшні.

Мінулае даўно адпусціла,

а ў будучыні

мяне на фізічным плане не будзе.

 

Я – кропка,

у якой сышліся

мінулае,

цяперашняе

і будучыня.

 

Я – кропка,

якая ўвабрала ў сябе

падзеі

з трох вымярэнняў

і якія

мне ўдалося нанізаць

на прастору часу.

 

 Ісціна там

Над гарызонтам

вецер

махае белымі аблокамі …

Пра што сігналіць ён?

А можа, хоча здацца?

 

Чым пільней

узіраюся

я ў свет,

тым далей

выслізгвае

ісціна пазнання.

 

Мне не знайсці яе.

Яна не тут.

Яна –

за гарызонтам.

 

Апошняе жаданне

Я ведаю:

памру, калі спаць буду –

таму

так цяжка засынаю.

 

Усявышні,

літасць праяві!

Калі сыходзіць буду я,

дазволь

мне ўбачыць

смерць

сваю.

У вочы ёй хачу я паглядзець …

 

Згасанне

У гэтым свеце

на плаву

нас падтрымліваюць

Доўг і

Каханне.

Без іх

няма сэнсу ў быцці.

На змену ім,

напэўна,

прыходзяць

Старасць,

Смерць …

 

* * *

Няма сэнсу лічыць

прыступкі дзён і гадоў

на лесвіцы жыцця –

яны заўсёды

абрываюцца

раптам …

 

* * *

На выпаленым полі Любові

я правёў шмат часу.

Шчаслівы:

усходы ўбачыў –

дасць Бог,

ўраджай збяруць іншыя …

 

* * *

Калі мялеюць пачуцці, –

Жыццё заканчваецца …