«Пад зоркай духоўнасці». Валянціна Гіруць-Русакевіч

Валянціна Гіруць-Русакевіч

З НАРАДЖЭННЕМ ХРЫСТОВЫМ!

Зорка заззяла Калядная –
Весткаю светлаю радуе,
Што нарадзіўся Збавіцель.
Душы Яму ўсе адкрыйце,
У сэрцы святло ўпусціце!
І на каленях вітайце
Яго й Найсвяцейшую Маці –
Марыю, Прачыстую Дзеву.
Хвалу ў Нябёсы спевам
Узносім у Дзень адметны –
Гэткі святы і светлы.

Хай зорка Калядная тая
Шлях наш заўжды асвятляе,
Шлях, што вядзе да Бога,
І ўся жыцця дарога
Добраю, светлай будзе.
Душы адкрыем людзі,
У іх каб святло ўпусціці,
Што нам нясе Збавіцель,
З іншымі каб дзяліцца
І дабрынёй, і святлом тым,
Добраю весткай, словам.
З Нараджэннем Хрыстовым!
СА СВЯТАМ!

Са святам! З Божым Нараджэннем!
Святла ў душы і цярпення,
Любові вам надзеі, веры,
Хай шчасце адкрывае дзверы
Ўсім, хто з дабром у іх стукаць будзе.
Здароўя вам, добрыя людзі!
Усявышні хай сваёй рукою
Благаславіць на лёс спакойны,
На плённую жыцця дарогу,
Ісці па ёй — з падзякай Богу.

ДЗЯКУЙ НЕБУ

Дзякуй Небу, што дало мне крылы,
Каб узняцца па-над краем мілым.
Дзякуй Небу, вучыць што спяваці
Пра сваю зямлю, Радзіму-маці.
Дзякуй Небу, што дало мне розум
Думаць і ўзнёсла, і цвяроза.
Дзякуй Небу, што дало мне памяць,
Бо яна адна ні ў чым не зманіць.
Дзякуй Небу, што дало мне сэрца,
Не мялела б дабрыні азерца –
Памагчы, хто мае ў тым патрэбу.
За ўсё, што маю – дзякуй Небу.

АКРАВЕРШ

Ззяюць расінкі крыштальна пад сонцам,
Блікі на воднае гладзі іскрыстыя,
Еднасць з прыродай адчуеш бясконцую
Раннем паветра ўдыхнуўшы празрыстае.
А ў паднябессі, у блакіце бяздонным,
Жаўранак сыпле званочкам мелодыю.
О, як жа хораша, светла сягоння!
Маці-зямелька, якая ты шчодрая!
Золатам ніва даспела адсвечвае…
Яркая летам і восенню ранняю,
Мілая наша зямелечка вечная
Любай матуляй і ў зімачку радуе,
Юнай здаецца вясной непаўторнаю.
Нам зберагчы яе як, найадзіную,
Ад злы-бяды, ад згінення халоднага,
Што ўжо прарочаць ліхою гадзінаю,
У прыгажосці такой жа, як бачым мы?..
Людзі, то ўсе зберажом яе, родную,
Юным, што прыйдуць, жыццёваю спадчынай,
Для пра-пра-праўнукаў любай матулечкай –
Ззянне і сонца, і зор каб убачылі
І цеплыню яе, шчодрасць адчулі каб.

“ Цветы – остатки рая на земле”
                              (Иоанн Крандштатский)
***
Дзянёчкам свежа-веснім па ўзлеску,
Дзе снег апошні шчэ не ўвесь растаяў,
Як зорачкі маленькія, пралескі
Зямлю абуджаную аздабляюць.

Падбела залаціначкі жаўцеюць
І кветкі дзьмухаўца, бы мікра-сонцы…
Ах, як прырода радаваць умее
І цешыць прыгажосцю той бясконца!

Дыван стракаты рассцілае лета:
На лузе, ля прысадаў і ў полі…
Здаецца, цеплынёю той сагрэты,
Не знікнуць кветкі яркія ніколі.

А ўвосень мноства астраў шматкалёрных
Так цешаць, што вачэй не адарваць,
Нібы ў нябесным раі цуда-зоркі
І клічуць нас, і звабліва гараць.

Я кожнай кветачцы ўсцешна рада,
Якой парою дзе б ні зацвілі.
Святы ўсё ж сказаў калісьці праўду,
Што кветкі – рэшткі раю на зямлі.

ЧАС ЗАДУМАЦЦА, ЗЯМЛЯНЕ!
Няўжо замала шчэ выпрабаванняў,
Зямляне?!
Чаму Зямлю сваю бяздумна-груба
Мы губім?
Яна ж гатова ўсе свае багацці
Аддаць нам,
А мы яе, матулю, грабім
Нахабна
І атручаем, і калечым…
Не вечна ж
Цярпець яна ўсё гэта будзе!
У брудзе,
Ва ўсім, што мы нясем ёй ліху –
Як дыхаць?!
Таму й яна нам пасылае,
З адчаем,
Змагаючыся з тым, як бурым,
І буры,
І ўсе залевы, землятрусы…
Прымусіць,
Напэўна, хоча да парадку,
Як матка,
Задумацца ўрэшце просіць.
Не госі ж
Бяспечныя мы на планеце,
А дзеці.
То дзе наш чалавечы розум
Цвярозы?
Патрэбна ўсім не ўзбраенне –
Цярпенне.
Не злосць-нянавісць і не прага –
Увага
Да шматпакутнае Зямліцы.
Спыніцца
І ўсім задумацца разважна –
Так важна!
Не сквапнасць выбіраць, а розум!
Бо позна
Быць можа: як не схамянёмся –
Зальёмся
Зусім, ці задыхнёмся ў гары
Пажараў.
Усё жывое злыя смерчы
Скалечаць,
Зямля пустой, халоднай стане…
Зямляне!
Ці ж нам сягонняшніх сігналаў
Замала?!
То ў Бога разам усе папросім
Мілосьці,
Нібы матулі роднай дзеці, —
Планеце.
І ў дабрыні, святле жыць будзем,
Мы ж – людзі!
* * *
О Божа, міласэрны, любы,
Найлітасцівы і магутны,
Не дапусці Зямелькі згубы
Ад подыху вятроў атрутных!