«Пад зоркай духоўнасці». УЛАДЗІМІР ЦАНУНІН – вершы

БЯССОННЕ

Мароз скаваў за хатаю зямлю.

У коміне гудзе трывожна студзень.

Малюся моўчкі ноччу, бо не сплю.

Гады цяжарам стукаюцца ў грудзі.

 

Грашыў зашмат. У тым мая віна,

Што адмаліць усё ўжо не паспею.

Трывожна на душы, а ля акна

Ў двары самотна кружыцца завея.

 

Шапчу: «Магутны Божа, памажы!

Збавення дай ад цяжкіх успамінаў.»

Ліхтар начны падміргвае ў імжы,

Адлічваючы доўгія хвіліны.

 

Малю не за сябе, а за дзяцей,

За ўнукаў і за ўсіх людзей на свеце.

Тады і ноч здаецца карацей,

Хоць і гудзе ў трубе самотна вецер.

 

ЁСЦЬ У КОЖНАГА

У кожнага ёсць асабісты храм,

Куды не забываецца дарога,

Калі мы ўжо не верым дактарам

І ў роспачы звяртаемся да Бога.

 

Сваю бяду прыносім на алтар.

Скідаем шапкі на ўваходзе ў дзверы.

Ёсць асабісты ў кожнага святар,

Якому спавядаемся і верым.

 

У тлуме дзён – задумак перамол,

Няўдача, а за ёй бяжыць другая.

Ёсць асабісты ў кожнага анёл,

Які ад ліхалецця зберагае.

 

І колькі б ты ў жыцці не перанёс,

Глядзі на свет спакойнымі вачыма,

Бо ў кожнага ёсць асабісты лёс,

Які канём аб’ехаць немагчыма.

 

БОЖА! УРАТУЙ І ЗБЕРАЖЫ

Грэшныя мы ўсе па добрай волі

І зусім не ведаем мяжы.

А пасля ўжо ў роспачы скуголім:

“Божа! Уратуй і зберажы!”

 

Злосць і сквапнасць у сабе не тушым,

Часам захлынаемся ў ілжы,

Д’яблу прадаем за грошы душы…

Божа! Уратуй і зберажы!

 

Абразы цалуем вінавата.

Вешаем вяночкі на крыжы.

За нявер’е і былыя страты,

Божа, уратуй і зберажы!

 

За вакном вячэрнім стыне паша.

Небакрай хаваецца ў імжы.

Цісне страх душу за ўнукаў нашых.

Божа! Уратуй і зберажы!

 

ПОЗНЯЕ ПАКАЯННЕ

Мы забывалі сцежку да царквы,

Бо працавалі з рання і да рання.

У спешцы не схілялі галавы

Каля старых крыжоў на скрыжаваннях.

 

Мы абразы не вешалі ў куткі.

Маліліся таемна, палахліва.

Нас клікалі рабочыя гудкі,

А не званоў царкоўных пералівы.

 

Забылі мы прычасце і пасты.

Не ставілі на святы ў храме свечкі.

У мітусні рабіўся свет пусты.

У ім жылі прадажнасць, глум і спрэчкі.

 

Мы выбіралі розныя шляхі –

Да шчасця, да багацця, да кахання.

Даруй нам, Божа, цяжкія грахі

І не карай за наша пакаянне.

 

ХРЫШЧЭННЕ

Перад выявай Божай Маці

Гарэў агеньчык трапяткі.

Святар схіліўся да дзіцяці

І дакрануўся да рукі.

 

Адкрыла вочкі немаўлятка.

У гэтай гулкай цішыні

Яго цікавіла лампадка

І свечак цёплыя агні.

 

Малітваў велічныя словы

Малы ўспрымаў, нібы здаля.

Што вера – усяго аснова,

Не разумела немаўля.

 

Але з хвіліны важнай гэтай

Яго надзейна і ўначы,

І ў дзень такі марозны, светлы

Крыж Божы будзе берагчы.

 

РАСТВО

Марозны ранак снегу плашчаніцу

Пасерабрыў над соннаю зямлёй

І перазвонам со старой званіцы

Паплыў удалеч ціха над Вяллёй.

 

Бялюткі голуб у нябеснай высі

Паміж калматых воблакаў кружыў.

Над горадам прыціхлым узняліся

Ў блакіце залачоныя крыжы.

 

Мільгалі свечкі ў вокнах каляровых

Царквы бялюткай на крутой гары,

Бо не сціхалі тут малітваў словы

Ўсю ноч да самай ранішняй зары.

 

Дым ладана салодкі і прыемны

Сцяліўся над галовамі людзей.

Благое ўсё здавалася дарэмным.

Святлелі душы радасцю надзей.

 

Над плошчай праз расчыненыя дзверы

Псалмоў акорды велічна плылі,

Краналі душы цеплынёй і верай

У шчасце і спакой на ўсёй зямлі.

 

І сэрцы калаціліся ўрачыста,

Траплялі ў такт царкоўнаму звану.

Вілейка сустракала ранкам чыстым

Аб нараджэнні Божым навіну.