«Пад зоркай духоўнасці». Ніяна Загарэўская

Ніяна Загарэўская

ххх

Ты прыйшоў немаўляткам, Сын Божы,
і Цябе прытуліла Зямля.
Ды Табе не адкрыецца кожны,
бо, маўляў, чалавек – Немаўля.
Не прызнанне сустрэнеш, а здраду,
блізкі толькі прывеціць здаля,
і варожасцю зменіцца радасць
тых, каго Ты ацаляў.
Дар любові ў Айчыне не прымуць
і свае павядуць да крыжа.
І Айцец на самоце пакіне
Свайго Сына, каб зведаў Той жах…
Праз стагоддзі у поклічы вечным
зноў анёльская песня гучыць:
на Зямлю Сын прыйшоў Чалавечы,
каб смяротных нас з небам злучыць.
х х х

Ойча наш, што ў нябёсах,
дазволь паратунку прасіць!
Не з нараканнем на лёс свой
імя Тваёй вернай насіць.
Бо праўда мая маною
ўсплывае сярод людзей.
Ты ж ісцінаю незямною
стамлёны мой дух абнадзей!
Віна мая цяжкім камнем
да долу цісне душу,
як спёкаю летняй каня –
жывое вады прашу!
Ніхто не спатоліць дух мой,
без Духа Твайго – марната…
Істоту самойтнай думай
агортае немата…
Ойча наш, што ў нябёсах,
свабоды Твае прашу:
змяненнем жыцця і лёсу
маю наталі душу!
х х х
Сум мінецца, боль мінецца,
сэрцу памяць застанецца,
дні праходзяць, час знікае —
доля нашая такая…
толькі трэба, чалавеча,
клапаціцца ўсё ж аб нечым,
каб у кругаверці дзён
ясны промень быў відзён,
каб, мінаючы, гады
не прарочылі бяды…
Няхай Божа, Збаўца свету,
дапаможа нам і ў гэтым…
ххх
Напэўна боль суцішыцца тады,
калі сама ўздымуся над сабою
і спапялю мінулае без болю,
і згадкай-сном атуляцца гады.
Перажыванняў скрутак спапялю,
натольна смагу па былому знішчу,
і Вечным Словам думкі ўсе ачышчу,
і ісціну святую палюблю.
Прымхлівасць асалоды на зямлі
не задаволіць летуценнасць мары.
Жыццём маім хай ісціна ўладарыць!
…І па былым душа больш не баліць.

х х х
Сейбіт на полі, араты на ніве
з ранняй вясны да марозаў – руплівы,
працай нялёгкай свой хлеб здабываюць,
часта спачыну ад стомы не маюць…
моляцца Богу за дождж, за пагоду,
так паўтараецца з году да году.

Хто адчувае смак свежага хлеба –
лішнія словы, пачуцці тут трэба:
спечанай бульбы ў гарачым кастрышчы
смак аніякім ласункам не знішчыш.

Гэта — з дзяцінства. Іншае сёння,
толькі ўсё тое ёсць поле, вядома,
тую ж патрэбу да хлеба мы маем,
як і раней ураджаі збіраем.

Сеянне, жніва паўсюднае будзе,
покуль жывуць на зямлі гэтай людзі,
покуль Гасподзь шле дождж ранні і позні,
покуль паклон шле араты на пожні,
покуль працуюць з падзякай на полі –
сеяць і жаць будуць з Божае волі.

х х х
Супакой маё сэрца,
што тугою акрытае.
Цені смутку не сцерці –
ные рана адкрытая.

Божа, вызвалі з немачы –
боль мінулага знішчыцца.
Праз святло Тваёй велічы
маё сэрца ачысціцца.