«Пад зоркай духоўнасці». Лёля Багдановіч

«Пад зоркай духоўнасці»

Лёля Багдановіч

НА АДЫХОДАК…
Ззяе лямпачкамі ёлка —
Новы Год каля варот.
Снег святочнаю абноўкай
Лёг на хату і на плот.

За сталом уся сямейка —
Мама, тата, бабка, дзед,
Дзеткі: Волька і Андрэйка,
Кот Цімох прыбег услед.

На стале катлеты, мяса,
Галубцы і квашаніна,
Аліўе, паштэт, каўбасы —
У ката пабеглі сліні…

Селядец пад футрам, зразы,
Печыва, цукеркі, торт.
Натапырыў вус адразу,
Замурлыкаў песню кот.

Бой курантаў. Віншаванні.
Падарункаў шмат усім.
І не спалася да рання
Ні старэйшым, ні малым.

Жартавалі і спявалі,
Добрых слоў не шкадавалі.
Нават месяц-самародак
Пажадаў на адыходак

Шчасця, радасці і згоды
Усім, на ўсёй зямлі, заўсёды!
05.11 — 2019 г.

СВАВОЛЬНІК СНЕЖАНЬ…
Снежань снежкамі кідаў
Шэрым адвячоркам.
У белы кужаль спавіваў
Сад і грады лоўка.

У дрывотнік зазірнуў,
Пасядзеў на ганку
І на хату нацягнуў
Белую вушанку…
20.10-2019г.
ШЧОДРЫ ДЗЕД
Снег ляжыць на аканіцах.
Ззяе ёлка – Новы год.
У валёнках, рукавіцах
Дзед Мароз каля варот.
Уручыў мне падарункі
І на маскарад білет,
А яшчэ пакет ласункаў —
Самы шчодры гэты дзед!
20. 10 – 2019 г.
СТУДЗЕНЬСКІЯ ЖАРТЫ… 
Зубы выскаліў мароз —
Студзеньскія жарты.
Бег у лес праз сенакос
Ён з такім азартам,
Што ў снезе пагубляў
Цёплыя валёнкі.
Месяц пацеркі нізаў
На рабіне тонкай…
20.10 — 2019 г.
ЖМЕНЬКА ЗЯРНЯТАК…
Ты не злуйся, калі ласка,
Студзень белакрылы.
Апрані дзянёк у казку
І зрабі шчаслівым.
Цёплым сонейкам прылашчы
Птушачак маленькіх.
Калі ты дагэтуль нашча,
Дам зярнятак жменьку…
20.10 – 2019 г.
ЗІМОВЫЯ СВЯТКІ
Як жа мы чакаем вас –
Зімовыя святкі:
Пальцам піханых каўбас,
Блінкоў і аладкаў!
За сталом сядзіць радня —
Месца ўсім хапае.
Месяц зорчын да відна
Чаравік шукае.
Варажыла, незнарок
Кінула далёка
Ды пляла сабе вянок
Беленькі з аблокаў.
Адшукаў той чаравік
Месяц зухаваты
І на тройцы вараных
Прыскакаў у сваты.
Млечным шляхам год ішоў
Ночкай зарападнаю,
А да шлюбу месяц вёў
Зорачку калядную…
19.11 – 2019 г.
НА ЗАКЛАННЕ…
Прамень майго рання першы —
Ты мне незнарок прысніўся.
Табе прысвячала вершы,
З табою лятала ў высі.

А месяц у студні плаваў,
Лічыла гады зязюля.
І вецер прысеў на лаву,
І зорачкі ўсе паснулі.

Прыпаўшы да любых вуснаў,
Пяшчоту піла да рання.
Звязаўшы пажыткі ў хустку,
З усмешкай ішла на закланне.

Люляў мяне ў зорнай калысцы,
Сваёй называў маленькай.
Былое зляцела лісцем,
У сэрцы засеўшы стрэмкай.

Табе прысвячала вершы,
З табою лятала ў высі,
Прамень майго рання першы —
Як добра, што ты прысніўся!
11.11 — 2019 г.

У ЯЗМІНАВЫМ СНЕ...

 (памяці мамы)
Адзінаццаць гадочкаў без мамы…
Сэрца рве той балючы ўспамін…
А вясною квітнее дакладна таксама
Каля плоту матульчын язмін.

І зязюлька ў лясочку ля хаты
Спраўна нечыя лічыць гады.
І маўчыць падазрона-упарта,
Нібы ў дзюбу набраўшы вады,

Як прашу для матулі гадочак —
Уцякае з вачэй маіх прэч.
Схамянуся збянтэжана ўночы —
Мама булкі саджае ў печ…

Свет язмінавы водар напоўніць
У вяснова-пралескавым сне —
І матульчынай ласкай напоіць,
І пяшчотай душу мне кране.

Будзе месяц у чоўне да ранку
Закаханую зорку люляць.
Можа, ён дапаможа мне мамку
У язмінавым сне напаткаць.

А ці ветрык падкажа крылаты.
Дзе згубіла матулька сляды.
Шэрай хмарай навіслі над хатай
Апранутыя ў роспач гады…

Першы промень загляне ў акенца
І ў калодзеж спрасонку зірне.
Выйдзе мама на ганачак з сенцаў
І прытуліць да сэрца мяне…
…У язмінавым сне…
05.11 — 2019 г.

ЛАНЦУЖОК

           НЕПАЎТОРНЫХ ІМГНЕННЯЎ…
                                        (памяці матулі)
Толькі ты зразумееш заўсёды,
Адратуеш ад болю мяне
І ў вянок салаўіных мелодый
Невясёлую ноч апранеш.

Пашкадуеш, пачуеш, прылашчыш,
Захінеш ад нягоды крылом
І ў дзяцінства пяшчотную казку
Зноў спаўеш палахлівы мой сон.

Ты мне раніцай рада і ўвечар,
У святочны і ў будні дзянёк.
Пупавінай з табою навечна
Звязан кожны мой подых і крок.

Ланцужок непаўторных імгненняў
Застанецца са мной назаўжды.
Успаміны збіраючы ў жменю,
Стрымгалоў пралятаюць гады…
13.10 — 2019 г.