«Пад зоркай духоўнасці». Галіна Нупрэйчык

«Пад зоркай духоўнасці». Галіна Нупрэйчык

Малітва
Аддаю Табе думкі, Божа.
Накіруй іх на сцежку святла,
Каб у словах і ў справе кожнай
Непарушная вера жыла.

Прабачай, што прашу так многа
Тваёй міласці шчодрай святой.
Нават кропля адна дапамогі –
Як крыніца вады жывой.

Дар Твой, Госпадзе,
– шлях цярністы.
Ён – надзея, маяк уначы,
Чалавеку адзінае выйсце,
Каб душу для жыцця зберагчы.
***
Шлях да храма – у кожнага свой…
Праз сумненні, нягоды, пакуты
Угару падымаецца крута
Сцежка вузкая – над мітуснёй.
З камянямі, з высокай травой
Там змагаюцца ўпартыя крокі.
Льюць халодныя слёзы аблокі,
І не сняцца цяпло і спакой.

Шлях да храма – у кожнага свой.
Лёс нялёгкі душу ачышчае,
І яна, трапяткая, жывая,
Цэлы свет сагравае сабой.
***
Закон сусвету ці прыроды:
За ўсё ў жыцці заўжды плаці.
За промнем радасці – нягоды
Імкнуцца сцежку перайсці.

Калі ж даецца вельмі многа,
Вялікі моцных крыл размах,
Калі абраннік ты у Бога –
Твой цяжкі крыж, цярністы шлях.
Калядныя званы
Гучаць калядныя званы,
Званы надзеі і дабра.
Як напамін людзям яны:
На свеце годна жыць пара!
Замест халодных скразнякоў
У сэрцах веру пасяліць,
Да бліжніх шчырую любоў
Ад светлай зоркі запаліць.
Над Віфлеемам узышла
Яна, каб шлях нам асвятляць.
І Слова Божае дала,
Якое нельга забываць.
Гучаць калядныя званы.
***
Імгненні – пясчынкі жыцця.
Няўрымслівы час іх падхопіць,
Закружыць – і ў ноч небыцця,
Як лісце увосень, адносіць.

Адкуль ты, вандроўнік, куды?
Пытанне пракоціцца рэхам.
Зіма замятае сляды
І скроні выбельвае снегам.

Часовыя госці Зямлі
Часовае шчасце шукаюць.
Нашчадкі аднойчы спытаюць:
“А як нашы продкі жылі?
Шляхі іх быллём параслі,
Ці ў вечнасці зоркамі ззяюць?”
Мяжа
Мяжа паміж злом і дабром
Сцяжынкаю вузкай пятляе.
У спрэчцы адвечнай з жыццём
Не кожны яе заўважае.

Хвіліны адлічвае час,
А плод забаронны дурманіць.
Грахі выпрабоўваюць нас,
У цемры палону трымаюць.

Не ў іх тэба слодыч шукаць,
Бо лёгка ступіць да благога…
Па ўзмежках не будзе блукаць
Душа, што імкнецца да Бога.
Рубяжы
Цішыню зберагаюць вянкі і крыжы…
Кветкі селяцца тут нежывыя.
Між зямным і нябесным жыццём рубяжы.
Тут асіны дрыжаць векавыя.

Промні сонца губляюцца ў кронах густых.
Памінальныя ладзяцца святы.
Абдымаем нябачна мы родных сваіх,
Што ўсяліліся ў вечныя хаты.

Абдымаем і молімся: “Божа святы,
Дай іх душам дабра і спакою,
Адпусці ім грахі, каб не зналі бяды.
Хай жа з міласцю будуць Тваёю”.

Ачышчаемся самі на родных кладах.
І ніхто не забудзе нікога.
Верым: блізкія нашы на іншых шляхах
Нам спагады папросяць у Бога.
Зваротная сувязь
Гэты ціхі куточак – зямля запаветная.
Спее песняй у сэрцы яе прыгажосць.
Край дзядоў і бацькоў, Беларусь мая светлая,
Шчыра Богу я ўдзячна, што ты ў мяне ёсць.

Каранямі зямля пераплецена родная.
Не знікаюць тут продкаў сляды, галасы…
Адчуваецца сувязь між намі зваротная.
Сувязныя – азёры, палі і лясы.
Сустрэча
Помнікі ды агароджы,
Снег пад пяском ды крыжы…
Вось і яшчэ адзін родзіч
У дамавіне ляжыць.

Слепіць зімовае сонца.
Кветкі ў вянках зіхацяць.
Родныя, аднавяскоўцы
Ціха, журботна стаяць.

Хтосьці наводдаль сочыць –
Раптам адчула спіной.
Свецяцца чыстыя вочы
Шчасцем сустрэчы са мой.

Гэта ж яна, цёця Маня,
Мамы сяброўка маёй!
Хоць яна глуханямая,
Свет адчувае душой.

Мамы даўно няма з намі.
Шмат праляцела гадоў.
Многа падзей цёця Маня
Уваскрасіла ізноў.

Рукі-ільдзінкі ёй грэю,
Моцна да сэрца тулю.
Хоць размаўляць з ёй не ўмею,
Кожную думку лаўлю.
Новы год
Ціха кружацца сняжынкі.
Зноў гартае памяць фрэскі,
Кліпы, вобразы-карцінкі,
Дзе жыцця бягуць адрэзкі.

Замятае белы снежань
Спадзяванні і сумненні,
Лабірынты лёсаў-сцежак,
Адгарэлыя імгненні.

У святле неона вокны,
І мігцяць гірлянды, зоркі.
Феерверкі цешаць вока –
Танчаць колеры вясёлкі.

Новы год нам пажадае
Божай ласкі сем’ям, хатам.
І надзея не згасае.
І жыве на свеце свята.
***
Ідуць чарадою
узлёты-падзенні,
сустрэчы-расстанні.
Зіма замятае
лістоты асенняй
чароўнае ззянне.
Сярод мітусні
сваю долю-сцяжынку
з нас кожны шукае,
Але з нараджэння
па волі Гасподняй
яна нас чакае.
Шляхі паласатыя,
лёсы людскія,
адкуль і куды вы?
Няхай будзе кожны
змястоўны, прыгожы,
шырокі, шчаслівы.
Хай добрыя справы
запоўняць да краю
пачуцці, памкненні,
Каляднымі зоркамі
ў душах заззяюць
спагада, сумленне.