«Пад зоркай духоўнасці». Эльвіра Ярчак

Эльвіра Ярчак

СЛОВА ЗАСТАНЕЦЦА

Пройдзе ўсё, усё мінецца,
Нібы кане ў Лету,
Толькі Слова застанецца,
Што прыйшло з Сусвету
І трывожыць будзе сэрцы,
Клікаць у дарогу,
Толькі Слова застанецца,
Дадзенае Богам.
Мне ў вялікі свет акенца
Адчыніць не страшна,
Калі мова застанецца
Для нашчадкаў нашых.

РОЗДУМ

Як многа ў нас багатых і заможных,
Ды бедных і няшчасных тут не менш,
Калі ў грамадстве ўсё рашаюць грошы,
То весела не вельмі запяеш.
На паперці з працягнутай рукою
Бяздомныя і хворыя стаяць,
А вернікі бясконцаю ракою
Плывуць, каб ім малітвай паспрыяць.
Каб падтрымаць матуляў, хворых дзетак,
Каб вымаліць для ўсіх любоў і мір,
Каб захаваць ад бед Зямлю – планету,
Ад войнаў, што штурхаюць свет у вір.
У вір бяспамяцтва, пакуты і трывог…
Забыліся, што ёсць над намі Бог?!

***

За акном – калядныя дзянькі,
Ды вясной чамусьці вецер вее,
І мароз не моцны ўжо такі,
Толькі шэрань па алеях сее.
Грэе Бог цяплом ад даўніны
Ўсіх дзяцей вайны – сіротак бедных –
І ўрачыста звоняць зноў званы:
Клічуць на Вадохрышча няверных.
Я ж малю Хрыста і ўсіх святых
Падтрымаць паэтаў, як прарокаў,
Што ад першых да апошніх крокаў
Ісціны шануюць светлы міг.

НАТАЛЯЮСЯ ЦІШЫНЁЙ

Наталяюся цішынёй,
Да спадобы мне адзінота:
Ёсць тады для душы работа,
І здаецца: мой светлы Анёл
Мне падказвае добрыя словы.
І знікаюць пакута і злосць,
Толькі радасць ад творчасці ёсць
І любоў, як жыцця аснова.
Захапляюся глыбінёй
І праўдзівасцю Божага слова,
Не акордамі музыкі новай –
Наталяюся цішынёй.
***
Святлеюць нябёсы,
Святлеюць бярозы,
А гоні чарнеюць вясной:
Стаміла іх дужа
Завейная сцюжа,
Халоднай зімы неспакой.
І птушак крылатых
На гонях распятых
Пакуль што яшчэ не відаць,
І шэрыя дрэўцы
Дрыжаць ля акенцаў –
Чакаюць вясны благадаць.
У храмах гучаць пакаяння каноны,
Малітвы да Бога гучаць,
Каб стала зямля наша
Цёплай, зялёнай,
Каб сейбітам працу пачаць.
ВЕРНАСЦЬ

Праходзіць дзень за днём, за годам год,
Нібы калейдаскоп, жыццё, падзеі…
І зноў у храмах моліцца народ,
На лепшае не страціўшы надзеі.
Не страціўшы надзеі на дабро,
На Божую любоў і міласэрнасць,
І змрок асенніх доўгіх вечароў
Рассейваюць святло і наша вернасць
Традыцыям і продкаў, і бацькоў,
Што праз вякі пранеслі нашу веру,
Бо сотні нашых слынных землякоў
Пакутвалі за ісціну без меры.
Ды вернецца ўсё на кругі свае,
І змрок святла ніколі не патушыць.
Зноў мілагучна ў храме хор пяе,
І вера ўратуе нашы душы.

***

Бярозавы край, Беларусь мая мілая,
Ты лечыш душэўныя раны мае,
Дзе б я ні была, мне цябе не стае,
Тут толькі знаходжу бядзёрасць і сілы я.
Блукаю па росных сцяжынках лясных,
Збіраю грыбы і на сосны дзіўлюся,
А думкі аб ёй, аб маёй Беларусі,
Аб лёсе ўнукаў – нашчадкаў маіх.
Адзін – за мяжой, забываецца мову,
Другі толькі вучыцца тут гаварыць,
Гуляем мы з ім у зялёным бары,
І лес нам падказвае першыя словы.
Хаваецца сонейка за небакраем,
Ліецца з нябёсаў святых цішыня,
Любімых сябровак – бяроз чысціня
Душу напаўняе цнатлівасцю рая.
Усё заціхае ў згодзе й парадку,
Якога ў нашым жыцці не стае,
Ды лес мне надзею і веру дае,
Што Бог не пакіне наш край і нашчадкаў.

СЛАЎЛЮ ХРЫСТА НАРАДЖЭННЕ

Слаўлю Хрыста нараджэнне і Слова,
Што на Зямлі падарыў Ён народам,
Каб разумелі каханне і згоду
І збераглі праз вякі сваю мову,
Каб і сягоння, у век наш суровы,
На адракліся ад прашчураў, роду,
Каб шанавалі царкоўныя зводы,
Скінулі ўрэшце з душаў аковы.
Ведаю: будзе лягчэйшай дарога
З вераю ў існасць адзінага Бога.
З вераю родны наш край уваскрэсне,
І ля азёраў, і ў дубровах
Будуць гучаць беларускія песні.
Дык не цурайцеся ж Божага Слова!