«Пад зоркай духоўнасці». Таццяна ЦВІРКА


ДА БОГА
Дапамажы! Ў жыццёвым полі
Парай, куды мне скіраваць?
Вандруе блудны лёс па волі,
Дапамажы яго суняць.
Паспачувай! Жыццёвым градам
Не сып балюча на шляху.
І прычасці людской спагадай,
І адвядзі, збаў ад граху!
Не пакідай! Знайдзі прыстанне
Для неспакойнае душы.
Дазволь ад райскага світання
Глыток…
Дазволь, не адкажы…

МАЛІТВА
Зберажы мяне, Божа,
ад зайздроснага вока,
ад людскога пляткарства,
ад прадажных сяброў.
Зберажы мяне, Божа,
ад паспешлівых крокаў.
ад ліхое маланкі,
ад вятроў- скразнякоў.
Зберажы мяне, Божа,
ад нянавісці лютай,
ад глухой адзіноты
у вірлівым жыцці.
Памажы праз жыццё
быць жанчынаю любай,
быць матуляй ласкавай,
ў сэрцы веру нясці!

* * *
ТРАГЕДЫІ НА НЯМІЗЕ ПРЫСВЯЧАЮ…
Плачуць кветкі на мёртвым граніце
Па юначым, нязведаным шчасці.
Прыпыніцеся!
Памяніце!
Шлях да раю…
Пякучы.
Заўчасны.
Млеюць свечкі ў летняй спякоце,
Іх спагада сплывае воскам.
Людзі, немымі не праходзьце –
Спачувайце малітвай боскай.
Мы забылі аб мудрасцях вечных,
Дарагім самым ахвяруем.
Божа праведны, выбач нас, грэшных!
Божа міласцівы, даруй нам…
( У вершы 53 словы – у трагедыі — 53 ахвяры)

“ БУДЗЬ ВОЛЯ ТВАЯ ”…
Адзіны ў свеце Збаўца й Абаронца.
Адзіны ў свеце Пан і Валадар.
Я да Цябе хачу звярнуцца, Ойча!
Пачуй мяне, са мною пагутар.

Мой Бог, даруй! Даруй, грашыла.
Не так жыла, не так сябе вяла.
Не так малілася. Не так прасіла…
Мой Бог, прымі паклон мой, я прыйшла.

Пачуй, мой Божа, просьбы й пакаянні,
І накажы. Усё прыму й сцярплю.
Ды выканай адзінае жаданне –
Дай шчасця тым, каго я так люблю.

ЗАСНЕЖЫЛА
Заснежыла. У гэтым чуйным свеце –
Перадсвяточны тупат мітусні…
Змяшаліся ў жыццёвым вінегрэце
Надзеі, планы, думкі, мары, дні…

Заснежыла. На вуснах – прысмак снегу
Каму гарчыць, камусьці саладжавы.
Супастаўляем альфу і амегу
Пражытага. І завяршаем справы.

Заснежыла. У прадкалядным небе
Павесіць ноч на срэбных ніцях зоры.
І маналогі-просьбы аб патрэбе
Сплывуць да Бога казачным узорам.

Заснежыла. Расквецілі гірлянды
Самотнасць вуліц і людскія душы.
Імгненні шчасця адаб’юць куранты…
І ў добры шлях год новы смела рушыць!

***
Памяці знаёмай
Ты адляцела птушкай легкакрылай
У сонечны Эдэм, у райскі сад.
Ты за дваіх нас, мамачка, любіла,
цябе мы не даклічамся назад.
Расчынена акно. Гуляе вецер
З фіранкаю бялюткаю як бог.
Упершыню, матулька, твае дзеці
Сіроцкі перасілілі парог.
Ты адляцела…
Скінь нам хоць па пёрку,
Каб нам лягчэй было на крылы стаць.
Так нам балесна, мама… Так нам горка
Ля свеч царкоўных воблік твой шукаць.
Расчынена акно. Шумяць бярозы.
Забылася дзятва кароткім сном.
Зноў побач мама. Выцірае слёзы
Танюткім саматканым ручніком.

НЕ ВЕР!
Зноў нехта нешта некаму сказаў…
Пайшлі скакаць разборкі, высвятленні,
здагадкі, звадкі, сваркі і сумненні,
разлад, варожасць, лаянка, скандал…
І абдымаюць сэрцы халады,
і топчуць душы брудныя абуткі,
кіруюць светам слыхі, плёткі, чуткі,
хоць ісціна крычыць да хрыпаты.
Зноў нехта нешта некаму… Не вер!
Не пі з гарачкі слоўную атруту,
не дай успыхнуць гнеўнаму салюту —
лепш жменьку даравання ім адмер!