Па жыццёвых і творчых сцяжынах

19 кастрычніка ў актавай зале Валожынскага раённага цэнтра культуры адбылася прэзентацыя новай кнігі ўдзельніцы народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Марыі Шакун “Мае сцяжыны” (Мінск. Выдавецтва “Чарыты чвэрці”). Падрыхтавалі прэзентацыю і прынялі актыўны ўдзел у яе правядзенні сябры аўтара па творчай суполцы Валожыншчыны.

Да пачатку імпрэзы жадаючыя змаглі набыць кнігу зямлячкі  ў вестыбюлі РЦК. А ў зале ішла цёплая, сардэчная гутарка пра жыццёвы і творчы шлях Марыі Антонаўны. Самыя шчырыя словы віншавання даслалі гераіні сустрэчы-прэзентацыі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ганна Канановіч і дырэктр ДУК “Валожынскі раённы цэнтр культуры” Алена Конаўка, старшыня Валожынскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Марыя Камінская,  былыя калегі па настаўніцкай працы і былыя вучні, сябры па “Спяваючых сэрцах”, “Руні”, Клубу “Залатая восень”, родныя людзі. Дырэктар выдавецтва “Чатыры чвэрці” Ліліяна Анцух хоць не змагла прыехаць на прэзентацыю, але даслала вельмі кранальныя вітальныя словы ад імя ўсяго свайго калектыву.

І, вядома ж, гучалі вершы, якія чыталі як сама паэтэса, так і сябры па  “Руні”, песні на яе словы  ў выкананні ўдзельнікаў народнага хору ветэранаў працы  “Спяваючыя сэрцы”, кіраўніка гэтага калектыву Галіны Філяноўскай, рунеўца  Дзмітрыя Завацкага, салісткі РЦК Вольгі  Дзядуль і ўдзельніка хору Уладзіміра Юхо (тры з іх прагучалі ўпершыню). Уласную песню “Бацькаўшчына” падаравала ўдзельніца “Руні” Наталля  Жызнеўская.  А ўсё,  што гаварылася і спявалася, годна аздабляла мультымедыйная прэзентацыя. І безліч самых розных прыгожых кветак, якімі ў гэты вечар усе  выказвалі шчырую павагу, любоў і падзяку таленавітаму паэту і цудоўнаму чалавеку  Марыі Антонаўне Шакун.

 

Валянціна Гіруць-Русакевіч,

кіраўнік народнага літаратурна-

мастацкага аб’яднання “Рунь”.