«ПА ЛЕСВІЦЫ ЎВЕРХ»
15 лістапада 2015 г. ў актавай зале УА «Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў» адбыўся справаздачны канцэрт удзельнікаў народнага клуба кампазітараў і паэтаў «Жывіца» ДУ МАЦНТ. Прадэманстраваўшы творчыя і артыстычныя здольнасці, «жывічане» паказалі больш за 25 разнастайных нумароў.
Клуб «Жывіца» – дасведчаны і рознабаковы калектыў са сталымі традыцыямі – штогод бярэ ўдзел у розных культурных мерапрыемствах: конкурсах, фэстах, святах, канцэртах, прэзентацыях, якія праводзяцца на Міншчыне і ў рэспубліцы. Не стаў выключэннем і цяперашні справаздачны канцэрт – вынік творчага пошуку кіраўніка клуба Ірыны Карнаухавай і руплівай працы ўдзельнікаў калектыва і запрошаных госцяў.
Праграма выступлення пад характэрнай назвай «Па лесвiцы ўверх» атрымалася цікавай і насычанай. У ёй арганічна перапляліся вершы, песні, танцы і нават тэатральная сцэнка «Агледзіны» – урывак з п’есы Iрыны Карнаухавай «Блазан і кароль».
Вядучыя Уладзiмiр Цанунiн i Настасся Швядко аб’яўлялі кожны нумар, запрашаючы на сцэну пад святло юпітараў усе новых і новых выканаўцаў. Прагучалі вершы ў выкананні аўтараў: Настассі Швядко (а/г Пятрышкі Мінскага раёна), Людмілы Круглік (г. Дзяржынск), Зінаіды Багамолавай (г. Жодзіна), Марыі Лебядзько (г. Стоўбцы), Микалая Марына (г.п. Дружны Пухавіцкага раёна), Алены Радкевіч (г. Мар’іна Горка), Анатоля Мазгова (г. Барысаў), Мікіты Крыцука (г. Жодзіна), Валянціны Акуленак (г. Салігорск), Марыны Шапавалавай (г.п. Мачулішчы Мінскага раёна), Сяргея Махнача (г.п. Калодзішчы Мінскага раёна). Госці з Гомельшчыны – паэт і кампазітар Сяргей Верамееў, а таксама ансамбль народнай музыкі «Аксель» Беліцкага ПК – падаравалі публіцы свае песні. Дуэт з Вілейкі Таццяна Цвяткова і Людміла Алеолава ўпрыгожылі свой выступ не толькі вершамі, але і акампанементам скрыпкі.
Кампазітарскі склад клуба – Уладзімір Цанунін (г. Вілейка), Анатоль Мяккі (г.п. Калодзішчы Мінскага раёна), Эдуард Білейчык (г. Мар’іна Горка), Валянціна Дзяшчэня (в. Вынішчы Слуцкага раёна), Максім Жаровін (г. Салігорск), Мікалай Міхайлоўскі (г. Беразіно) – прадэманстраваў не толькі музычныя, але і добрыя вакальныя дадзеныя. Асаблівае захапленне прысутных выклікалі выступы юных спявачак Вікторыі Ларчанка і Аляксандры Ларынай, якія выканалі песні Алега Петкуна (г. Дзяржынск) і Дзмітрыя Окунева (г. Жодзіна).
Напрыканцы мерапрыемства кіраўнік народнага клуба «Жывіца», намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Ірына Карнаухава ўручыла граматы і дыпломы лаўрэатам абласнога конкурсу «Страфой і тактам» і актывістам клуба.
Свята не проста атрымалася, яно засталося ў сэрцах удзячных гледачоў, якія не шкадавалі далоняў і крыкаў «Брава!». І гэта натуральна, бо «жывічане» – гэта адораныя людзі, згуртаваныя захапленнем да літаратурнай і музычна-песеннай творчасці. Гісторыя «Жывіцы» шчасліва развіваецца «па лесвіцы уверх», і да 13-годдзя свайго існавання клуб падышоў з новымі творчымі набыткамі.
Анатоль МАЗГОЎ, г. Барысаў