«Не – вайне, зберажом мір!». Пісьменнікі Міншчыны – ва ўнісон з галасамі паэтаў свету

Адразу два цікавыя мерапрыемствы на ваенна-патрыятычную тэматыку з удзелам пісьменнікаў Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” прайшлі напярэдадні.  Першае  – пад дэвізам «Не – вайне, зберажом мір!» – Сусветны фестываль паэзіі «NO WAR – HUG PEACE», другое – падвядзенне вынікаў абласнога літаратурнага конкурса, прысвечанага 75-годдзю з Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Ва ўтульнай Каміннай зале Рэспубліканскага Палаца культуры ветэранаў сабраліся пісьменнікі Міншчыны, аматары паэзіі і песні. Гасцямі мерапрыемства сталі старшыня Мінскага абласнога аддзялення ГА «Беларускі рэспубліканскі Фонд Міру» Любоў Ермаловіч, першы намеснік старшыні ГА “Саюза пісьменнікаў Беларусі” Алена Стэльмах, журналісты. У рамках мерапрыемства адбыўся канцэрт, на якім гучалі вершы і песні канкурсантаў, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, а таксама тэматыцы Сусветнага фестывалю.

Адкрываючы мерапрыемства, старшыня Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Святлана Быкава зазначыла:

– Ініцыятыва правядзення Сусветнага фестывалю «No war – hug peace» («Не – вайне, зберажом мір») належыць міжкантынентальнаму дырэктару фестывалю, паэтэсе, перакладчыцы Хілал Карахан (Турцыя), а таксама вядомай італьянскай паэтэсе, перакладчыцы, дырэктару фестывалю ў Еўропе Клаўдзіі Пічына (Італія). У Беларусі  гэтую ініцыятыву падтрымала намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення нашай пісьменніцкай арганізацыі Марыя Кобец. Два тыдні таму ў літаратурнай вандроўцы яна наведала Сербію, затым прыняла ўдзел у фестывалі паэзіі ў Маскве. Падчас адной з такіх паездак паэтэса пазнаёмілася з Клаўдзіяй Пічына, дырэктарам Сусветнага фестывалю паэзіі ў Еўропе «No war – hug peace». Італьянская пісьменніца распавяла пра ўнікальны форум, удзельнікамі якога сталі паэты з многіх краін свету. У азначаныя дні ў многіх куточках свету, аб’яднаныя мэтай гуманізму, паэты чытаюць свае вершы на тэму захавання міру ва ўсім свеце і супрацьстаяння вайне. Вось і  паэты нашага аддзялення ўпершыню ў такім фармаце аб’ядналіся разам з паэтамі з Італіі, Бангладэш, Велікабрытаніі, Грэцыі, Сербіі, Румыніі, Пуэрта-Рыка, Палесціны, Сектара Газа, Сіцыліі, Камеруна, Калумбіі, Кубы, Ірака, Ірана, Інданэзіі, Індыі, Ізраіля, Турцыі, Іспаніі, Мексікі, Філіпінаў, Румыніі, Нідэрландаў, Грэцыі, Злучаных Штатаў Амерыкі, Швецыі, Швейцарыі, Казахстана і іншых… Варта адзначыць, што пісьменнікам Міншчыны таксама ёсць што сказаць на гэтую тэму. Члены Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” даволі актыўна адгукнуліся на ўдзел у літаратурным  конкурсе, які быў прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У конкурсе прынялі ўдзел каля 30 творцаў, было даслана 65 рознапланавых работ. Узнятыя тэмы і іх узровень яшчэ раз даказваюць: нягледзячы на тое, што даўно адгрукаталі апошнія залпы вайны, рэха яе зноў і зноў спараджае ў нашых літаратараў жаданне звяртацца да ваеннай  тэматыкі.

– Тэма захавання міру ва ўсім свеце – гэта тая тэма, якая сёння мае даволі шырокае распаўсюджанне на планеце, – адзначыла першы намеснік старшыні ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Алена Стэльмах.  – Вельмі важна, што пісьменнікі Міншчыны ўсведамляюць неабходнасць вырашэння тых задач, якія ўскладаюць на свае плечы. І надзвычай прыемна разумець такую акалічнасць: у глабальнай справе захавання міру ва ўсім свеце галасы пісьменнікаў нашай вобласці гучаць ва ўнісон з галасамі паэтаў Еўропы, Азіі, Афрыкі.

Непадробную зацікаўленасць у актыўнай пазіцыі пісьменнікаў Міншчыны ў справе захавання міру ва ўсім свеце выказала і старшыня Мінскай абласной арганізацыі ГА “Беларускі рэспубліканскі Фонд міру” Любоў Ермаловіч. Яна акрэсліла своеасаблівае гучанне гэтага мерапрыемства напярэдадні святкавання ў нашай краіне 75-годдзя з Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама выказала спадзеў на далейшае супрацоўніцтва ў гэтай справе з пісьменніцкай арганізацыяй вобласці.

На працягу дзвюх гадзін паэты Міншчыны дэкламавалі свае вершаваныя творы, прысвечаныя тэме міру і вайны, гучалі аўтарскія музычныя кампазіцыі, а ў завяршэнні імпрэзы была раскрыта інтрыга дня – імёны лепшых майстроў прыгожага слова, што прынялі ўдзел у абласным літаратурным конкурсе, былі агучаны.

Так, у конкурснай намінацыі “Паэзія” дыпломам 1-ай ступені быў узнагароджаны Фёдар Гурыновіч з Салігорска, дыпломамі 2-ой ступені адзначаны паэты Яўген Пясецкі і Людміла Круглік, трэцяе месца ў паэтычнай намінацыі раздзялілі Зінаіда Гасціловіч і Эльвіра Ярчак.

Свой талент у напісанні празаічных твораў найбольш ярка прадэманстравалі Аркадзь Жураўлёў (дыплом 1-ай ступені), Алена Стэльмах і Таццяна Цвірка (дыплом 2-ой ступені), Вольга Савасцюк і Барыс Далгатовіч (дыплом 3-яй ступені).

У намінацыі “Песня” асабліва яскрава заявілі пра сябе Дзмітрый Краскоўскі (дыплом 1-ай ступені), Уладзімір Цанунін і Таццяна Дашкевіч (дыплом 2-ой ступені), Канстанцін Цыбульскі (дыплом 3-яй ступені).

Як зазначае сёння дырэктар Сусветнага фестывалю паэзіі ў Беларусі “Не – вайне, зберажом мір!” Марыя Кобец,   маштабная паэтычная акцыя даволі актыўна прайшла ў многіх краінах свету. Ад Даккі да Іерусаліма, ад Калькуты да Нью-Йорка паэты свету паслалі гучную заяву аб тым, што свет не хоча, каб адбываліся новыя войны, чалавецтва напоўніцу прачула жах кровапраліццяў і забойстваў. І надзвычай важна, што паэты Беларусі таксама далучыліся да гэтай акцыі, на сусветнай паэтычнай пляцоўцы тым самым адзначыўшы: “Беларусы – у ліку першых, хто ніколі не забудзе жахаў папярэдніх войнаў, хто на ўвесь голас прамаўляе: “Не – вайне, зберажом мір!”

Прэс-служба

Мінскага абласнога аддзялення

Саюза пісьменнікаў Беларусі

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.