“Не цурайся сваіх каранёў…” – літаратурная гасцёўня ў вёсцыТуча

Гэтыя словы з верша клецкай паэткі Галіны Нупрэйчык сталі назвай літаратурнай гасцёўні грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці, што напярэдадні ладзілася ў Тучанскім ВПК  дзіцячы сад-сярэдняя школа Клецкага раёна. Галіна Іосіфаўна была запрошана на сваю малую радзіму. Тут прысутнічалі госці: кіраўнікі ўстаноў адукацыі, прадстаўнікі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Клецкага райвыканкама. Настаўнікі і школьны бібліятэкар  падрыхтавалі змястоўны сцэнарый. Размова ішла пра Беларусь, пра вёску Тучу, яе гісторыю, гісторыю школы. Ва ўтульнай актавай зале на вялікім экране мільгалі відэаролікі. У адным з іх, знятым вядомым журналістам тэлеканала АНТ Алегам Гарбузам – гістарычныя звесткі пра Тучу. Другі ролік – вёска сучасная, маці-зямля.

Вершы Галіны Нупрэйчык, Зоі Мініч пранікнёна чыталі вучні Есіс Раман, Лях Ксенія, Войцік Валерыя. Шмат было сказана і пра 75- годдзе Перамогі. Г.Нупрэйчык чытала вершы, прысвечаныя Беларусі, роднай Тучы, а таксама вершы ваеннай тэматыкі, адзін з якіх прысвяціла апошняму тучанскаму ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Куракову Анатолю іосіфавічу. Распавяла пра літаратурныя набыткі клецкіх паэтаў – членаў СПБ, падарыла школе калектыўныя вершаваныя зборнікі. Затым паэтка ў прасторным класным пакоі гутарыла з вучнямі, чытала ім свае творы, загадвала загадкі. Напрыканцы сустрэчы зрабілі некалькі фотаздымкаў. Мерапрыемства атрымалася цікавым і карысным для школьнікаў.

Прэс-служба Мінскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі»