Насустрач кніжнай выстаўцы-кірмашу

Па традыцыі 8-12 лютага 2017 года ў Мінску пройдзе міжнародная выстаўка-кірмаш. Дзясяткі краін, сотні кніжных выдавецтваў, мноства пісьменнікаў, перакладчыкаў, выдавецкіх рэдактараў прымуць удзел у самых розных імпрэзах і прэзентацыях.

І, канешне ж, самымі дарагімі падарункамі будуць кніжныя навінкі. Адзін з такіх падарункаў пры дапамозе міністэрства інфармацыі Беларусі рыхтуецца ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Днямі ў друкарню будзе здадзены адмысловы том паэзіі і прозы маладых аўтараў – “Першацвет”.

У кнізе пад адной вокладкай будць прадстаўлены вершы, апавяданні Юліі Алейчанкі, Івана Булвы, Ганны Гарэлавай, Аліны Длатоўскай, Дар’і Значонак, Кацярыны Карповіч, Ірыны Карэлінай, Маргарыты Латышкевіч, Юліі Логвін, Алісы Мінінай, Кацярыны Нарваткінай, Валерыі Саротнік і іншых таленавітых аўтараў, — расказвае галоўны рэдактар выдавецтва Віктар Шніп. – Мне вельмі прыемна было працаваць з тэкстамі юных творцаў. Дарэчы, шмат хто з іх ужо сур’ёзна сцвердзіў сябе, мае не толькі публікацыі ў літаратурна-мастацкіх перыядычных выданнях, але і паспеў выпусціць першую кнігу. Я маю на ўвазе Маргарыту Латышкевіч, Валерыю Саротнік. Ведаю, што ў Выдавецкім доме “Звязда” рыхтуецца да друку і першая кніга вершаў Юліі Алейчанка.

Між іншым, падставай для публікацыі ў альманаху стаў рэспубліканскі літаратурны конкурс маладых аўтараў – і ён таксама называецца “Першацвет”. Будзем спадзявацца, што і альманах, і конкурс стануць штогадовымі праектамі міністэрства інфармацыі і вядучых дзяржаўных кніжных выдавецтваў краіны.

Сяргей Шычко

«Созвучие»

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.