Мужнасць без Разумнасці – нішто
Правядзенне ў Мемарыяльнай зале Дома Літаратараў урокаў Мужнасці даўно стала добрай і неабходнай для выхавання маладога пакалення традыцыяй. У снежні гэтага года гэта пачэсная справа была даручана старшыні Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Святлане Быкавай.
На сустрэчу з ёй прыйшлі навучэнцы двух сярэдне-спецыяльных устаноў: Мінскага Дзяржаўнага медыцынскага коледжа і Беларускага Дзяржаўнага медыцынскага коледжа.
Паэтэса, асноўнай тэматыкай творчасці якой з’яўляюцца творы філасофска-псіхалагічныя, па-новаму прадставіла юным слухачам тэму Мужнасці. Напэўна сёння, калі непасрэдных удзельнікаў і сведкаў падзей Вялікай Айчыннай вайны амаль што не засталося, трэба гаварыць з моладдзю аб мужнасці і іншых вельмі патрэбных якасцях чалавека крыху з іншага ракурсу, улічваючы ўмовы дня сёняшняга. Таму асноўнай думкай, якая “чырвонай ніткай” прайшла праз выступленне Святланы Быкавай, была думка аб выхаванні мужнасці чалавека, але ў яе непарыўнай сувязі з іншымі станоўчымі чалавечымі якасцямі: разумнасцю і мудрасцю. На думку пісьменніцы, менавіта яны дапамогуць сёння пазбегнуць новых войнаў і крывавых падзей. Паэтэса выказала надзею, што, дзякуючы працэсу духоўнага росту, глыбокага ўнутранага ўдасканалення, чалавек сённяшні знойдзе ў сабе мужнасць прызнаць свае кепскія якасці і ранейшыя памылкі, якія прыводзілі да войнаў, забойства сабе падобных і, карыстаючыся дадзеным ад прыроды Розумам, знойдзе мірныя шляхі вырашэння міжнацыянальных і ўнутраных канфліктаў.
Маладыя людзі з увагай і цікавасцю слухалі выступоўцу, яе вершы, якія з’явіліся падцверджаннем выказаных ёй думак. Напрыканцы свайго выступлення Святлана Быкава на памяць аб сустрэчы падарыла прадстаўнікам кожнай навучальнай установы зборнікі вершаў: свой асабісты і калектыўны зборнік пісьменнікаў Міншчыны.
Прэс-служба МАА ГА СПБ