“МОЙ КРАЙ, Я ДЫХАЮ ТАБОЮ…”
У Палацы культуры г. Узда прайшоў Другі раённы фестываль паэтаў-песеннікаў і кампазітараў “Вянок”. Сваё майстэрства перад землякамі дэманстравалі прафесійныя работнікі сцэны і самадзейныя выканаўцы, аўтары вершаў, музыкі, танцоры. А тэма была агульнай – любоў да роднага краю.
З вуснаў вядучых гучыць лірычны верш паэткі з Магільна Галіны Нічыпаровіч, радок з якога (“Мой край, я дыхаю табою”) мог бы паставіць эпіграфам да свайго выступлення кожны з тых, хто ўздымаўся на сцэну. Такімі ж цёплымі вершаванымі радкамі Віктара Сабалеўскага, Алы Шыбко, Паўла Шыдлоўскага, іншых уздзенскіх творцаў аздабляліся выступленні многіх удзельнікаў фестывалю.
— Я нядаўна перанёс дзве аперацыі, і цяпер адчуваю сябе не лепшым чынам, — казаў перад пачаткам праграмы Мікалай Старавераў, — але калі даведаўся, што з вялікай сцэны будзе гучаць песня “Мой край дарагі” на мой верш, не ўстрымаўся, каб не прыехаць …
Адзін за адным уздымаліся на сцэну барды, выканаўцы сваіх і іншых аўтараў песень. На рахунку Алы Шыбко з Цялякава, напрыклад, ужо звыш сотні песень. Каля паловы з іх напісаны на ўласныя творы, астатнія – на вершы класікаў беларускай літаратуры і сучасных уздзенскіх паэтаў. На фестывалі Ала Сяргееўна прэзентавала новы зборнік песень “Маё сэрца – насцеж…” на вершы Віктара Сабалеўскага, куды ўключаны 13 твораў. Добра вядома на Уздзеншчыне і творчасць Вольгі Бокуць-Чабатаровай. Жанчына выканала некалькі сваіх твораў, расказала гісторыю іх стварэння.
Валерый Стасенка жыве ў Хатлянах, даўно піша і вершы, і музыку. А пачалося ўсё яшчэ ў маладосці, калі юнак працаваў на БАМе і ў складзе ВІА выконваў папулярныя мелодыі савецкіх часоў. А вось у творчасці ансамбля “Кандраты” з Азерскага СДК пераважаюць сучасныя рытмы. Юрый Рослік, Сяргей Казлоў з аднадумцамі стварылі і агучылі нямала песень, якія і на сельскай сцэне, і ў вялікіх залах гучаць арыгінальна. Ажывіліся іх выступленні пасля далучэння да творчай дзейнасці салісткі Марыны Манькоўскай. Настальгічным успамінам пра падзеі трыццаціпяцігадовай даўніны стала выступленне вакальна-інструментальнага ансамбля “Лісаўцы”, якія калісьці ў гэтым жа саставе выступалі са сцэны Ліцвянскага СДК.
На прафесійным узроўні выканалі песні ўздзенскіх творцаў артысты РДК Сяргей Прыёмка, Аляксандр Каханы, а Дзмітрый Буднік – і як аўтар музыкі і кіраўнік маладзёжнага гурта “Диас”. А народны калектыў “Зборная субота” парадаваў гледачоў выкананнем “Песні пра Уздзеншчыну” на верш Заслужанага дзеяча культуры Беларусі Паўла Шыдлоўскага і сапраўднага гімна роднаму краю “Беларусы будуць жыць” (словы і музыка колішняга кіраўніка “Зборнай суботы” Людмілы Казей).
Усе ўдзельнікі свята атрымалі сімвалічныя медалі з лагатыпам фестывалю. Гэта і напамінак аб цікавым мерапрыемстве, і ўпэўненасць у тым, што праз год “Вянок” збярэ не меншую колькасць адораных уздзенскіх аўтараў і выканаўцаў.
/Інфармацыю даслаў Віктар САБАЛЕЎСКІ/