“Мой край, я дыхаю табою…” – юбілейны вечар Галіны Нічыпаровіч

Гэтыя словы з верша ўздзенскай паэткі Галіны Нічыпаровіч прагучалі ў яе ж выкананні шчыра, пранікнёна, і кожны з прысутных у чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Труса, што сабраліся сюды 11 лютага з нагоды чарговага юбілею аўтара, пераканаўся: гэта не проста прыгожыя словы, не гульня на публіку, а натуральны стан душы, творчае крэда майстра слова. Адпавядала такому прызначэнню і назва вечарыны: “Каб добры след пакінуць на зямлі”. Гэты след – і ў паўтара дзясятках кніг паэзіі і прозы Галіны Міхайлаўны, не меншай колькасці калектыўных зборнікаў, шматлікіх публікацыях у “Звяздзе” і “ЛіМе”, “Гаспадыні” і “Вожыку”, іншых газетах і часопісах.

Мільгаюць на слайдавай устаноўцы фотаздымкі, якія пераносяць прысутных у гады маленства дзяўчынкі (родам Г. Нічыпаровіч з вёскі Грабава Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці), а з семнаццццацігадовага ўзросту – на Уздзеншчыну, у вёску Магільна, дзе 30 гадоў адпрацавала паштальёнам. І самы багаты экскурс – да сяброў па літаратурнай творчасці з розных куткоў Уздзеншчыны, Міншчыны, Беларусі. З 1985 года друкуецца яна ў раённай газеце “Чырвоная зорка”, з 2000 з’яўляеца членам раённага літаб’яднання, з 2003 – абласнога творчага клуба, а ў 2009 годзе стала членам Саюза пісьменнікаў.

Так, Галіна Міхайлаўна – сталы, сур’ёзны, адказны да кожнага свайго радка літаратар. Пра гэта засведчылі ўсе, хто прыйшоў павіншаваць жанчыну з юбілеем. Грамату Саюза пісьменнікаў Беларусі за подпісам М. Чаргінца ўручыла паэтцы старшыня Мінскай абласной суполкі Святлана Быкава. Цёплыя словы віншаванняў і найлепшыя пажаданні гучалі з вуснаў кіраўніка абласнога клуба кампазітараў і паэтаў “Жывіца” Ірыны Карнаухавай, іншых пісьменнікаў, ад сяброў па пяры з раённага літаратурнага аб’яднання “Нёманец”, аднадумцаў з цэнтральнай і дзіцячай бібліятэк, раённай ветэранскай арганізацыі, Дома культуры, сяброў, знаёмых. Агучаны тэлеграмы з іншых куткоў Беларусі. А яшчэ прысутныя даведаліся, якая цудоўная Галіна Міхайлаўна гаспадыня (летась стала лаўрэатам ветэранскага конкурсу на лепшы падворак), кухоння руплівіца, грыбніца і проста прыгожая і  шчырая жанчына.

Віктар САБАЛЕЎСКІ

На здымку:

Юбілярку віншуюць удзельнікі літаб’яднання “Нёманец”