«Мінская праўда». Добрых кніг шмат не бывае

Творчыя вынікі 2018 года падвялі літаратары Міншчыны. Ім ёсць чым ганарыцца.

Першы паказчык дзейнасці літаратара – напісаныя кнігі. Дык вось: майстрамі слова вобласці выда­дзена 39 кніг агульным накладам 41 тысяча асобнікаў. Найбольш плённа папрацавалі Дзмітрый Вінаградаў (5 кніг прозы), Ірына Карнаухава (3 зборнікі – вершаў, песень і апавяданняў для дзяцей), Славамір Даргель (3 кнігі аповесцей і апавяданняў) і іншыя.
Значная падзея 2018 года – выхад у свет дзіцячага зборніка «Ад калыханкі да забаўлянкі», які пад сваёй вокладкай сабраў літаратурныя творы 25 пісьменнікаў Міншчыны (выдавецтва «Звязда»).

Члены абласнога аддзялення прымалі ўдзел у шматлікіх конкурсах, што праводзіліся як у нашай краіне, так і за яе межамі.

Так, да стагоддзя з дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка Алеся Бачылы Саюз пісьменнікаў Беларусі праводзіў конкурс «Радзіма мая дарагая». Па яго выніках пераможцамі ў розных намінацыях сталі Канстанцін Цыбульскі, Таццяна Цвірка і Валянціна Гіруць-Русакевіч. Марыя Шабанец атрымала Гран-пры ІІІ Міжнароднага фестывалю паэтычных перакладаў «Берагі сяброўства», а Віктар Сабалеўскі стаў фіналістам міжнароднага літаратурнага конкурсу «Славянская ліра – 2018». Кніга вершаў для дзяцей «Проездом из Африки» Дзмітрыя Вінаградава атрымала дыплом «За сонечную творчасць» у літаратурным конкурсе «Кніга года – 2018», які праходзіў у Германіі.

Выданні членаў нашага аддзялення адзначаны на нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі». Так, фотаальбом Уладзіслава Цыдзіка «Бачу Беларусь такой» атрымаў дыплом І ступені ў намінацыі «Фотапагляд», кніга для дзяцей «Приключения семейного кота Гусарика» Таццяны Дашкевіч таксама атрымала дыплом І ступені ў намінацыі «Разам з кнігай мы расцём».

Сумесна са спецыялістам Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Наталляй Обухавай быў праведзены шэраг мерапрыемстваў па ўшанаванню памяці вядомых беларускіх пісьменнікаў.

Так, у гімназіі Валожына і мясцовым цэнтры дзіцячай творчасці на адным з мерапрыемстваў ішла гаворка пра Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і яго творчасць, а ў Сеніцкай гімназіі праведзены сумесны круглы стол, прысвечаны юбілейнаму году Уладзіслава Сыракомлі.

«Малая радзіма Кандрата Крапівы» – так называлася творчая сустрэча, што адбылася ў Уздзенскай СШ №2.

У 2018 годзе пісьменнікі Міншчыны неаднаразова публікавалі свае вершы, творы прозы і публіцыстыкі ў замежных перыядычных выданнях, што свед­чыць аб іх высокім узроўні. Творы Барыса Савінава і Ірыны Карнаухавай змешчаны ў перыядычных выданнях Расіі; Марыі Кобец – у Азербайджане, Казахстане, Туркменістане, Чувашыі, Чачні, Кабардзіна-Балкарыі, Албаніі, Бангладэш, Мексіцы, Італіі, Саудаўскай Аравіі, Сербіі, Польшчы і інш.; Рэгіны Рэўтовіч – у газеце «Літаратурны Каўказ».

Пісьменнікі Міншчыны натхнёна працуюць, твораць, ім ёсць што сказаць чытачам. Значны ўклад членаў абласной арганізацыі ў развіццё беларускай літаратуры адзначыў і старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. Ён пажадаў ім поспехаў у працы, вялікай патрабавальнасці да сябе, новых выдатных твораў і чытачоў.

Рыгор САЛАНЕЦ

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.