Марыя Кобец. «Толькі ў мілосці прарастаюць крылы…». Вершы

Марыя Уладзіміраўна Кобец (19 кастрычніка 1974 года) паэт, перакладчык, журналіст. Нарадзілася ў в. Валішча Пінскага раёна  Брэсцкай вобласці. Скончыла Пінскае медыцынскае вучылішча (1994), Інстытут журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (2017). Працавала медыцынскай сястрой Лагішынскай гарадской бальніцы (1994), загадчыкам Валішчанскага фельчарска-акушэрскага пункта (1998-2010), дырэктарам Валішчанскага сельскага Дома культуры (2010-2013), рэдактарам карэспандэнцкага пункта г.Пінска РУП РТЦ «Тэлерадыёкампанія «Брэст» (тэлеканал «Беларусь-4») (2013-2018), дырэктарам Лагішынскага маладзёжнага Цэнтра культуры (2018), намеснікам старшыні Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі (2018-2020).

Аўтар паэтычных зборнікаў: «Кроплі» (2011, Мінск, «Мінкапрынт»); «Палыновая квецень» (2016, Брэст, «Альтэрнатыва»); «У белым ветразі завей» (2018, Мінск, «Народная асвета»),  «Пречиста киша» («Прачысты дождж», вершы ў перакладзе на сербскую мову, 2019, Бялград, Сербія).

Аўтар кнігі перакладаў «Мой маніфест» (паэзія Казі Назрул Іслама (Бангладэш) (2020, Мінск, «Мастацкая літаратура»), удзельнік шэрагу анталогій і калектыўных зборнікаў паэзіі, у тым ліку і міжнародных (Албанія, В’етнам, Грузія, Індыя, Малайзія, Казахстан,  Польшча, Расія (Кабардзіна-Балкарыя, Чачня, Чувашыя), Румынія, Сербія, Чарнагорыя, Чылі).

Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі (2011), Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы (2016), лаўрэат Брэсцкай абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка (2012, Брэст), Залаты лаўрэат «Міжнароднай Еўразійскай літаратурнай прэміі» ў намінацыі «Мастацкая літаратура» (2018, Масква), лаўрэат ІІ ступені у міжнародным паэтычным конкурсе ў Італіі (2018, Балоння), лаўрэат Мінскай абласной літаратурнай прэміі імя Максіма Багдановіча (2019, Мінск). Узнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь (2019), Падзячным лістом Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Башкартастан (2019).

Піша па-беларуску. З паэзіяй дэбютавала ў друку ў 2007 годзе, як перакладчык упершыню заявіла аб сабе ў 2013 годзе. На беларускую мову перакладала паэзію  Азербайджана, Албаніі, Арменіі, Бангладэш, Башкартастана, В’етнама, Грузіі, Дагестана, Егіпта, Індыі, Ірана, Італіі, Калмыкіі, Кіпра, Македоніі, Малайзіі, Мексікі, Нігерыі, Пакістана, Польшчы, Саудаўскай Аравіі, Сербіі, Таджыкістана, Туркменістана, Турцыі, Украіны, Хакасіі, Чарнагорыі, Чачні, Чувашыі, Эквадора.

Асобныя вершы М. Кобец былі перакладзены на азербайджанскую, албанскую, англійскую,  арабскую, балкарскую, баснійскую, башкірскую, бенгальскую, венгерскую, в’етнамскую, грэчаскую,  італьянскую, іспанскую, казахскую, каннада, кітайскую, кіргізскую, крымска-татарскую, македонскую, малайскую, нямецкую, нідэрландскую, партугальскую, польскую, румынскую, рускую, сербскую, славенскую, тайваньскую, туркменскую, турэцкую, украінскую, урду,  харвацкую, хіндзі, чачэнскую, чувашскую і інш мовы.

ТРЫПЦІХ СВЯТОЙ  МІЛО̀СЦІ1       

І

…Чуеш, каханы, як дужэе

зламанае крылле наша!

Час чорных груганоў мінуў!

Настае Пара Вечнасці для душаў стомленых.

Бяры руку Евы сваёй,  Адаме,

і руш па новым шляху –

гайда ў Дарогу дадому!

 

Чуеш, нябеснавокі, –

у аксамітных гуках міло̀сці

нараджаюцца парасткі

не расшуканай намі дагэтуль  Ісціны.

Глядзі  і ўбачыш –

у знежывелай пустыні  аднаўляецца

змялелая Крыніца Тварэння.

Ведай,  мой любы,

напраўду – толькі ў міло̀сці прарастаюць крылы

даўно пахаванай намі Птушкі Фенікс…

ІІ

Чарговая ноч з Табой…

Чарговая ноч без Цябе…

Чарговая ноч у мроіве і спадзеве…

Чарговая ноч у роспачы і адчаі…

 

О, колькі сандаліяў стаптана задарма,

о, колькі ўсмешак падорана беззваротна.

О, колькі камянёў на пляцы тваім, старая Варшава, –

столькі камянёў у маім зледзянелым сэрцы.

 

Будзь жа тройчы выкляты Ты, суровы Жыгімонце2,

калі, дараваўшы блаславенне на Міло̀сць Святую,

Ты не дабраславіў Яе на жыццё вечнае…

 

Што ж маўчыш Ты, Стары Кароль?

Пахіліўся крыж Твой.

Ці ж не з сумневу ад провіду Боскага?..

Ці ж не лёс Дэльфіны3 Ты ўгатаваў мне?..

Сем соцень лістоў спісана ўжо даўно,

а я ў прадсвітанні  па тваёй, Уладар, волі

складаю  свае  «Psalmy przyszłości»…

 

Эх, Велічны Кароль, я знаю –

гэта пра вочы маго каханага казаў паэт4! –

«Wyście jak przepaści,

a w głębiach waszych tajnie ukryte błękitu»5.

 

Эх, несмяротны Магнат!

Жыцця цэлага мне не хопіць,

каб  наноў пражыць усяго адзін толькі вечар –

Шляхетная Варшава,

Stare Miasto6

серада,  23-га…

ІІІ

У зрэнках Тваіх –

неспатольная крыніца Існасці

і акіян нязведанасці.

Пад скронямі Тваімі –  дзіцячая цнатлівасць

і мудрасць сівых стагоддзяў.

 

На  далонях Тваіх –  нясходжаныя сцежкі,

нязнойдзеныя адказы.

На рамёнах Тваіх – атлас гарачых зораў,

карта ўсяго Усясвету.

Ва ўлонні Тваім – агонь і спаталенне,

прага і неспатольнасць;

І шлях…  да самой сябе,

Шлях у беззваротнасць…

Нараджэнне і смерць, адраджэнне і жыццё…

І… жыццё вечнае…

Жыццё…

апасля жыцця…

***

Наймагутнейшы Творца,

доўга і ўпэўнена трымаеш Ты

Дзіды лёсаў у руцэ сваёй –

лёсаў мертванароджаных,

але –  жывейшых за ўсіх жывых,

лёсаў жывых, але – мярцвейшых за мёртвых.

 

Творца!

І ў тым, пэўна, увесь промысел, што

часам у першым ускрыку немаўляці –

увесь спадзеў аблудных шукальнікаў –

у пошуку лёгкай долі, сэнсу, Ісціны,

а ў апошнім выдыху –

подых цэлых пакаленняў!

Жыццё чалавечае, о, найвысокі Творца, –

усяго толькі пыл між Жорнаў Лёсаў…

 

***

У ручве тваім імклівым і паўнаводным,  Рака Часу,

у рэчышчы тваім няспынным і гаманкім –

лёсы істотаў зямных –

мізэрныя кропелькі ў віры імклівай плыні!

Празрыстыя і няўлоўныя –  на паверхні яе,

мутныя – ацяжэлыя мулам і глеем – у праддонні…

 

Куды імкнуцца яны, рухомыя плынню тваёй,

у спракавечным памкненні абагнаць адзін аднаго,

ствараючы агульную шэрую масу,

у віры ўзнятым замутняюць сутнасць асяроддзя ўласнага….

О, колькі прачыстых даджоў патрэбна на зямлю гэтую,

каб аднавіць і ачысціць шэрае рэчышча тваё,  Рака Часу?

О, колькі салёнай вільгаці павінна праліцца ў стыхію тваю,

каб ачысцілася плынь твая?

Каб стала прыдатнай яна для Святога Хрышчэння?..

 

Колькі сонечных зацьменняў павінна адбыцца для таго,

каб людзі змаглі ўсвядоміць –

брудныя кроплі ў стане стварыць толькі бруднае балота,

і толькі дыяменты салёнай жывой вільгаці ствараюць празрысты акіян!..

 

…О, колькі слёз яшчэ мае быць пралітымі…

***

Калі скончацца ўсе крошкі  хлеба,

вазьмі далонь маю ў сваю, Мама,

ціха шапні:

– Хадзем са мной, дачушка…

Золак толькі займаецца, глянь на ўсход!

Бач, марыва туману спадае…

Хадзем!

Якраз той час!

Бяры свой посах і руш!

Адсёння – толькі голымі!

Адсёння  і  раны загояцца.

Кінь торбу сваю грувасткую,

далей з ёй –  немагчыміца!

Пакінь сынам сваім  адзінае –  Слова Святое!

Хадзем жа, хадзем…

Канец – гэта толькі пачатак.

 

Далікатна крані мае валасы,  венчык,

ціхутка моў:

– «Святый Боже,

Святый крепкий,

Святый бессмертный, помилуй нас…»

_____________________________________________________________

1 Мiłość (польск.) – каханне.

2 Тут: Кароль Жыгімонт ІІІ Ваза. Яго статуя ў выглядзе постаці мужчыны, што ўтрымлівае ў руках магутны крыж,  размешчаная на Замкавай плошчы ў Варшаве. Калона ўзведзена ў 1643–1644 гадах;

3 Дэльфіна Патоцкая, жонка Мечыслава Патоцкага, доўгія гады была «музай» вядомага польскага паэта і драматурга Зыгмунта Красіньскага. Прылічаецца да найвялікшых польскіх паэтаў эпохі Рамантызму. Захавалася каля 700 лістоў з іх перапіскі. З.Красіньскі – аўтар вялікай колькасці твораў, у тым ліку «Псальмаў будучыні»; «Psalmy przyszłości»; 1845-1848);

4 Тут: Зыгмунт Красінскі;

5 (польск.) – «Вы як бездані, а ў глыбінях вашых схаваныя таямніцы блакіту» (Зыгмунт Красіньскі).

6 Варшаўскі Стары горад (польск. Stare Miasto, разг. «Starówka») – старэйшы гістарычны раён Варшавы.

 

http://sozvuchie.zviazda.by/poeziya/maryya-kobets-tolki-milostsi-prarastayuts-kryly-vershy.html