Марыя КОБЕЦ. Калінавыя маністы. «Літаратура і мастацтва»

КАЛІНАВЫЯ МАНІСТЫ
БЕРАГ
(Калінавыя маністы)
Бераг…
Мой бераг парос хмызамі…
Колішні, пясчаны, светлы…
Бераг маёй Зараніцы,
Бераг майго Зарападу…
Плёскаюцца гонкія хвалі,
сонечны праменьчык
у люстры вады —
люстры памяці:
Няўклюднае дзяўчо бяжыць басанож,
рудзенькі тварык і ручкі запэцканы
глінай,
танюткую шыйку аздабляюць
калінавыя маністы.
Бераг…
Той бераг парос хмызамі…
Крывавай барвай
на зледзянелым снезе —
Калінавыя маністы…

КАЛЯНДАР

…Тата, я чую сэрца тваё!
Я чую яго…
Я ведаю кнігу твайго жыцця на памяць.
Гартаю каляндар вясны…
Халоднай, галоднай, басаногай.
Сірата-пастушок, жэўжык, руплівец…
І цешуся жніўнем тваім —
Мазалістым, урадлівым, мітуслівым.
Сонца яшчэ высока, Тата!
Вер! Я чую сэрца тваё!

ТОРБА

Торба мая пустая, Мама…
Дом мой даўно астыў,
Вецер нястрымна ірве яго дах, аканіцы,
Заносіць у жытло маё пыл і смецце,
Шэрыя шчуры павілі кублы ў ложку маім,
З покуцця самотна глядзіць Збавіцель,
Стол вянчае штодзённая сухая
скарынка…
Дай да мне проскурку (1)
, Мама…
Дай!..
Шлях мой яшчэ даўгі, торба цяжкая,
ды… амаль пустая.
Няма ў ёй ні золата, ні караляў…
Вера, Надзея і Любоў — ледзь цяплеюць
у торбе маёй.
Далікатна трымаю яе,
Іду…
Што пакладзеш ты ў торбу маю
перад Вялікім Шляхам, Мама?
Што пакладу я ў торбу сыноў сваіх
Перад Дарогай Ісціны?..

________________

(1) Проскурка (палескі дыялект) — прасфора (бел.)

ПАВЕТРАНЫ ШАР
Што бачыла вока Ваша, о Вучыцель,
Калi Вы сляпую, глухую, нягеглую вялі
мяне з цемені да Святла?
Што рабілі рукi Вашы, калi я ў знямозе
аступалася?
Як трывалі вушы Вашы, о Вучыцель,
Калi я ў роспачы прызывала
на дапамогу д’ябла.
Што чула я?.. Спытаеце Вы —
Што чуе гаротнiк, акрамя мелодыi
сваёй жалейкi?!
Але Вы навучылі мяне слухаць
Голас Ветру
І навучылі быць падуладнай яму.
Вы навучылі мяне разумець Голас Неба
І занатоўваць Яго думкі
ў Нататніку Ісціны.
Я ўдыхнула водар кветкі Эўтэрпы(2)
і сёння…
Сёння я не належу сабе, о Вучыцель!
Я — празрысты паветраны шар!
Бязвольна лунаю сярод цяжкіх хмараў,
Не дыхаю…
Матузок, на якім трымаецца шар,
у Вашых руках.
Не адпускайце яго!
Ён загіне адзін між хмар, Вучыцель…

_______________

(2) У грэчаскай міфалогіі адна з дзевяці муз, дачок
Зеўса і Тытаніды Мнемасіны, муза лірычнай паэзіі
і музыкі.

ЛІСТ ДА ЗБАВІЦЕЛЯ
ЗБАВІЦЕЛЬ!
Калі постаць Твая размыецца
ў марыўным даляглядзе гарызонту,
ці змогуць вочы мае распазнаваць
сілуэт Твой?
ЗБАВІЦЕЛЬ!
Калі ў бясконцай пустыні
сляды Твае замятуць сухавейныя
Вятры Стагоддзяў,
ці змагу я адшукваць шлях Твой?
ЗБАВІЦЕЛЬ!
Калі сведкі Тваіх пакут —
крывавыя адмеціны на сукне —
знікнуць са Святой Плашчаніцы,
ці змогуць людзі адчуваць той боль,
які Ты стрываў дзеля іх?
ГОСПАДЗЕ!
Крынічка мая перасохла,
сандаліі пазношваліся, рукі стаміліся
прасіць,
плечы ледзь-ледзь утрымліваюць
цяжар крыжа майго,
а цела ўжо амаль не ў стане ісці
за Табой па вадзе.
ГОСПАДЗЕ!
Шчокі мае палымнеюць(3)—
гэта рдзеюць сцягі перамог маіх
крыўдзіцеляў.
Але…
Злітуйся над імі, Ісусе!
Злітуйся нада мной і маімі сынамі!
Злітуйся над людзьмі, што ўсё роўна
здраджваюць Табе!
Твар мой асвянчаецца салёнай
вільгаццю пакаяння,
рукі адчайна перабіраюць Святы
Ружанец, а вусны шэпчуць:
«Госпадзе, памілуй!
Госпадзе, памілуй!
Госпадзе, памілуй!»
…Ісусе! Я ведаю, Ты чуеш мяне…

___________

(3) 38-ы верш Нагорнай пропавадзі, Евангелле ад
Матфея. Мц. 5.38-42. — «Не пярэчце злу сілаю. Вы
чулі, што сказана: «вока за вока и зуб за зуб». А Я
кажу вам: не праціўцеся злому. Але хто ўдарыць
цябе ў правую шчаку тваю, падстаў яму і другую».

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.