Маршрутамі літаратурнай дыпламатыі. Паэзія Чарнагорыі
ПАЭЗІЯ ЧАРНАГОРЫІ. ЗВАРОТ ДА ПРАВЫТОКАЎ
Напэўна, ні адзін славянскі народ не мае такой глыбокай і важкай паэзіі, як народ Чарнагорыі. Багатая на прыгажосць прыроды, гэтая балканская краіна мае і надзвычай багатую духоўную спадчыну, што ад часоў першадрукарства да дня сённяшняга выяўляецца ў літаратурных творах пісьменнікаў розных часоў.
Першыя літаратурныя набыткі, занатаваныя ў гэтым рэгіёне, з’явіліся яшчэ ў дзясятым стагоддзі, а першая чарнагорская кніга з’явілася 500 гадоў таму. У далёкім 1494 годзе ў Цэціне была ўсталявана дзяржаўная друкарня (Друкарня Чарноевіча), дзе ў тым жа годзе была надрукаваная першая паўднёваславянская кніга (Актоіх – Псалтыр). Цэлае мноства сярэднявечных рукапісаў, пачынаючы з 13-га стагоддзя, і сёння захоўваецца ў кляштарах Чарнагорыі.
Ад часоў Негашаў да дня сённяшняга шмат вады ўцякло, шмат змянілася і ў паэтычных тэндэнцыях краіны, але навідавоку і сёння –
чарнагорскі свабодны народ валодае неацэнным літаратурным скарбам, што прываблівае да сябе ўвагу ўсяго літаратурнага свету.
Творчасць аўтараў-сучаснікаў, што выхавала шчодрая чарнагорская зямля, якая прадстаўляецца сёння на суд беларускага чытача, у многім розная, але ў той час надзвычай падобная. І падобная найперш у сваёй глыбіні філасофскай думкі, багацці і пластычнасці мастацкіх вобразаў і эпітэтаў, адсутнасці павярхоўнасці. І асабліва адметна, што ў кожным з іх – праз вобразы і карціны прызмы хрысціянскага сузірання і ўспрымання Божага свету – зварот да галоўных каштоўнасцяў свайго народу, а тым самым – і да правытокаў.
Пазнаёміць беларускага чытача з паэзіяй гэтай надзвычай прыгожай краіны падштурхнула выдатная творчая нагода — запрашэнне на ўдзел у 5-ым Міжнародным паэтычным фестывалі, які пройдзе з 19-га па 23-га верасня бягучага года пад куратарствам пісьменніцы, старшыні Асацыяцыі пісьменнікаў Візія (г. Галубоўцы) Слаўкі Клікавац. Форум збірае паэтаў з Марока, Егіпта, Восніі і Герцагавіны, Славеніі, Македоніі, Сербіі, Харватыі, Францыі і будзе праходзіць на працягу чатырох дзён у гарадах Падгорыца, Будва, Цэціне.
Марыя КОБЕЦ
Слаўка КЛІКАВАЦ
ТРАПЯТАННЕ ДУШЫ
І затрапятала душа ад дотыку твайго,
І ружовы твар спаталіў перасохлае цела,
І зайгралі анёлкі белыя ў нябёсах,
Рассыпаўшы косы свае па прасторах бяскрайніх.
Абрысы целаў змяшаліся ў хвалях светласці,
Жаданне патанула ў лопаце крылаў іх.
Нябесная зорка асвятліла змрок…
У вачах тваіх звіла гняздо я сваё.
Кранула рукамі аблокі, абняла іх –
Летуценныя сны зайгралі на твары маім.
У абдымках нябёсаў зніклі анёлы,
Вобраз іх застаўся на крылах птушкі.
З чарнагорскай мовы пераклад Марыі КОБЕЦ

Радамір УЛЯРАВІЧ
Я РАСКАЖУ ПРА ВАС БОГУ…
Трохгадовы хлопчык з Сірыі,
чыё імя
Журналісты не ўдакладняюць,
(Можа яго звалі Іісус),
Паранены і змучаны,
Ён сказаў апошнюю прамову
ў твар сваіх забойцаў:
– Я раскажу пра вас Богу…
Калі трохгадовы сведка
Прадстаў прад вачыма Ісціны,
Учыненае на гэтым свеце
Пакаранне не можа прайсці побач.
Ні нявінных, каторых няма,
Ні крыўдзіцеляў,
каторых няма сярод нявінных.
І калі малады Іісус уваскрэсне
Для помсты і прабачэння,
Там не будзе ні тых, ні іншых,
Не будзе каму і ўцерці слёз,
Бо дзеля ўсіх нас
ён гаварыў З Богам.
ПАДЧАС ШПАЦЫРУ З Т.С. ЭЛІЁТАМ
– Ты кажаш, што ў будучнасці –
І дзень сённяшні і мінуўшчына,
І што будучыня – гэта і ёсць мінуўшчына.
І перад дзвярыма, якія ніколі не адчыняем,
Столькі часу прайшло
І так шмат вады ўцякло.
Аднак і ў час сённяшні ёсць месца
І будучыні і мінуўшчыне,
Нягледзячы на тое, што няма дня сённяшняга.
А калі мы маем рацыю, дарагі Томас,
Дык не існуе ні будучі, ні мінуўшчыны,
Не існуе паняцця часу ні тут, ні там.
Патрэбна было самім увайсці
У дзверы, якія ніколі не адчынялі,
Якія ніколі не былі зачыненымі…
З сербскай мовы пераклад Марыі КОБЕЦ
Міраслаў РАІЧЭВІЧ
ВЯРТАННЕ
Маці
Што ты прынесла
з гэтага свету?
Я чую…
Калі гэта і сапраўды
нічога,
тады б свет быў большым за цябе,
а твая галава – меншай
за твой рот.
Будзеш вучыць ваду азбуцы,
а людзей – справядлівасці.
МАЛІТВА ВЕЧНАЙ МАСКВЕ
Не кранай маё сэрца мацней,
чым сэрца тваёй дачкі…
На каленях цябе прашу,
Вечная Масква,
пусці яе ў зялёнай сукенцы ў шлях
па вуліцы Маці Яе
да Храма
Хрыста Збавіцеля.
Перад парогам яго
голасна прашу цябе:
мажліва дачка твая,
неабдымная Масква,
спусціцца ў пустое сэрца маё –
Ружу іерыхонскую(1) –
дажджом Святым…
_____________
[1] Іерыхонская ружа, альбо Кветка ўваскрэсення – сімвал жыццястойкасці. Від расліннасці, які сустракаецца ў пустынях і паўпустынях. Галінкі гэтай расліны згінаюцца ў сярэдзіну вакол выспелага насення і высыхаюць, утвараючы шарыкі, што перактваюць па пустыні моцныя вятры. Адарваныя і разнесеныя па пустыні, яны могуць захоўвацца ў такім стане гадамі, але калі на іх трапляюць кроплі дажджу, галінкі, што ўтвораны з гіграскапічнай ткані, выпрамляюцца. Сама расліна пры гэтым не вяртаецца да жыцця, аднак з яе пладоў высыпаецца насенне і, трапляючы ў вільготную глебу, дае новае жыццё парасткам. Галінкі ж як быццам ажываюць – распраўляюцца, зелянеюць, тым не менш як толькі вільгаць сыходзіць, яны зноўку скручваюцца ў сухі шарык.
З сербскай мовы пераклад Марыі КОБЕЦ
Наташа ЛЕЧЫЧ
СВЯТА-МІХАЙЛАЎСКАЯ ПРЭЎЛАКА*
Перад тым як вера
Прыйшла да нас,
Яна спела
Сярод мірты і размарыну,
У пацалунках хвояў,
Малітвай
ветранога віру
прынесеная.
_______________
- Прэўлака – паўвостраў у Адрыятычным моры, вядомы як Востраў кветак. Галоўная яго адметнасць – манастыр Святога архангела Міхаіла.
СТВАРЭННЕ
І лавіла вока
Блікі сонца ўсепаглынальнага.
І лавіла сэрца
Шэпат брызу пяшчотнага.
Посмех за посмехам,
Пакінуты подыхам, – свежым, горным,
Што патананае на вуснах…
І настане лепшы свет.
МАСКАРАД
Натоўп людзей.
Ілюзіі пошук.
Абліччы пакутныя,
запазычаныя,
скураю крытыя.
З патаемных кішэняў усмешкі гэтыя.
Ілюзіяніст, кланяючыся,
Балем правіць.
З чарнагорскай мовы пераклад Марыі КОБЕЦ





















