Маршрутамі літаратурнай дыпламатыі. Кыргызстан. Абібіла Пазылаў
Міжнародныя літаратурныя стасункі — справа надзвычай важная. Гэтыя зносіны не толькі фарміруюць пісьменніцкі светапогляд творцаў іншых краін аб пісьменніцкім узроўні майстроў беларускага Прыгожага Слова, але і пашыраюць літаратурныя далягляды нашых пісьменнікаў. Пазнаючы іншых, мы пазнаём сябе. Гэта і сапраўды так. Між тым, міжнародны літаратурны камунікат – гэта яшчэ і вялікі рух наперад у справе ўсталявання міру ва ўсім свеце і развіцця добрасуседскіх зносінаў паміж краінамі і народнасцямі.
У справе міжнароднай лучнасці з пісьменнікамі Кыргызстана апошнім часам асабліва шчыра адгукаецца пісьменнік з гэтай сонечнай краіны Абібіла Пазылаў. Аўтар шматлікай колькасці паэтычных зборнікаў, а таксама кніг прозы, перакладаў, сцэнарыяў і літаратурнай публіцыстыкі парупіўся над перакладам “Рассказов о Тимофее” Алеся Карлюкевіча, а таксама перастварыў па-кыргызску верш “Сонца”, што перакладзены на 42 мовы свету (верш аўтара гэтага артыкула). Абодва творы былі змешчаны на старонках кыргызскага літаратурнага партала “РухЭш”.
Алесь Карлюкевіч. Кыргызстан
Марыя Кобец. Кыргызстан
Над перакладам апавядання “Брыфінг” старанна парупілася пісьменніца з Клецка Таццяна ЦВІРКА.
Марыя КОБЕЦ
Абібіла ПАЗЫЛАЎ
Брыфінг
(Апавяданне)
Памяці Чынгіза Айтматава, першага настаўніка і вечнага пісьменніка
Дэпутат Саатаў з самага пачатку быў супраць брыфінгу. Пэўны заганны шаблон сацыяльных паводзінаў, па-іншаму не скажаш, пераважае сягоння на практыцы. Ледзь што, у прэс-цэнтр парламента адусюль склікаюць цэлы табар карэспандэнтаў. Яны, гэтыя ўсюдыісныя тэлеаператары і тэлевядучыя з бойкімі рухамі цела, цёткі і дзядзькі ў акулярах і без іх, цікаўныя да немагчымасці юныя рэпарцёры з універсітэцкіх, здаецца, яшчэ лавак, таксама не промахі. Па першым жа клічы налятаюць на «смажанае» і не разыходзяцца да таго часу, пакуль не даведаюцца ўсю праўду-матку, паднаготную, не вытрыбушаць навыварат ўсе наяўныя ў тваім ўнутраным арсенале асабістыя, прадбачліва схаваныя з-за гэтага максімальна глыбей ад лісліва-зацікаўленай увагі абывацеля і проста звычайных старонніх праглядаў, таямніцы.
Пасля экстранай нарады ў віцэ-спікера Саатаў доўга чартыхаўся ў душы́, нават аддаліўшыся адтуль на значную адлегласць, спусціўшыся двума паверхамі ніжэй, ніяк не знаходзіў сабе месца ад нахлынуўшай трывожнай лавіны. Больш за тое, калі ішоў няўпэўненай чамусьці хадою – ногі падкошваліся – па знаёмым доўгім калідоры мясцовага «Белага дома», не прамінуў скарыстацца магчымасцю выплюхнуць сваю накіпеўшую незадаволенасць на адказнага работніка аддзела грамадскіх сувязяў, між іншым, у нядаўнім мінулым аднаго з папулярных аглядальнікаў агульнарэспубліканскай газеты. Нібы менавіта той, з бычынай шыяй і лысай галавой, быў вінаваты ў скліканні з хвіліны на хвіліну такога тэрміновага брыфінгу, а не няштатныя абставіны ў развіцці, звязаныя з затрымкай і арыштам з вельмі туманнай фармулёўкай у аэрапорце далёкага Страсбурга скандальна знакамітага ў коле сяброў-аднакашнікаў кыргызскага парламентарыя. Бедны апаратчык з дзелавіта-збянтэжаным выглядам абсалютна не зрабіў нічога дрэннага, акрамя маральнай падтрымкі яму, старанна тупаючы з двухмятровым бамбізам амаль нараўне, ціха і адрывіста тлумачачы за адным махам кароткую схему маючай адбыцца задумы.
– Чым брыфінг адрозніваецца ад прэс-канферэнцыі? – буркнуў раптам Саатаў пры хуткай хадзе і, не чакаючы адказу візаві, без бачнай на тое падставы, барані божа, разышоўся не на жарт, раз-пораз сутаргава жэстыкулюючы то левай, то правай, то абедзвюма рукамі адначасова. У выніку дакрычаўся да таго, што высунулі нос з «бытоўкі» пачцівыя прыбіральшчцы ва ўніформе з вёдрамі ды «вёсламі», міжволі прыпыніліся ў позе музейных статуэтак, у страху прыціскаючыся да сцяны.
– Не ведаеце. А арганізаваць мітуслівыя зборышчы ні свет ні зара – майстры. Хай Саатаў аддуваецца, нездарма гэта шчаслівая істота – намеснік старшыні камітэта па замежных зносінах. Старшыня, – няхай яна, «жаба-падарожніца», праваліцца! – якраз з нефармальным візітам у індыйскай курортнай правінцыі Гоа … ці не так? Вядома, ваша хата з краю. Назіральнікі з прадузятасцю… Ды ў труне я пагадзіўся б праводзіць гэтае бесталковае медыя-шоу, калі б не службовыя абавязкі! Шчыра, набіла аскому! Мая жонка часцей бачыць і слухае мяне па скрынцы, якая размаўляе і паказвае, чым у рэальным побыце. Разумееце ці не, нарэшце?
Так і пайшоў да сябе, каб, напэўна, трохі астыць, сабрацца з думкамі, пераапрануцца ў ярка-аранжавы пінжак у клетку, што быў набыты ім у захапляльным замежным ваяжы ў «цёплай» кампаніі калегаў напярэдадні даволі значнай сесіі. Як-ніяк тэлебачанне, адразу некалькі каналаў, плюс дзень і ноч не перарываюцца перадачы радыё, невыпадкова, напэўна, распладзіліся мультымедыйныя інфармагенцтвы, штодзённыя электронныя і перыядычныя друкаваныя выданні. Сярод электарату, на думку Саатава, шмат такіх выбаршчыкаў, якія часам, не шкадуючы бясцэннага здароўя, сістэматычна цікавяцца падобнымі палітычнымі інтрыжкамі, якім з’яўляецца дадзены выпадак са слугой народа. Ашаламляльную навіну паспяшаюць у перспектыве смакаваць на ўсялякі лад, перажоўваць да млоснасці ў страўніку, тыражаваць тысячы разоў, безумоўна, з паралельна-суправаджальнымі раз’ясненнямі нязменных тлумачальнікаў рознага кшталту фактаў і падзей, якія адбываюцца цалюткі дзень каля нас, непасрэдна з намі і дзесьці, у тамтэйшых краях, стала быць, абсалютна без нас.
Насуперак змрочным прадчуванням Саатава, атмасфера на пазапланавым брыфінгу была даволі прыемнай для зносінаў. Спачатку ў трох-чатырох важных фразах ён распавёў аб цяперашнім нестабільным становішчы ў соцыуме, якое звязана са стопудовай адсутнасцю даверу грамадзян да кіраўнічых і ідэалагічных структураў, якія зноўку былі створаны з прычыны той вясновай рэвалюцыі сапраўды сусветных і гістарычных размахаў, дарэчы, перамагла яна безагаворачна пакуль толькі ў сталіцы і на яе ўскраінах. Потым прамоўца мімаходзь дадаў пра тое, што новаспечаная апазіцыя з ліку неахайных чыноўнікаў-рэваншыстаў, якая абапіраецца ў асноўным на падпоркі правінцыйнай эліты, голасна ахрысціла яе слаба замаскіраваным пераваротам у вышэйшых дзяржаўных эшалонах. Пераходзячы да таго, дзеля чаго турбавалі журналістаў ні свет ні зара, Саатаў, у адпаведнасці з «дамашняй загатоўкай», у поўнай меры абвінаваціў французскую паліцыю, якая на працягу апошніх сарака васьмі гадзін замуравала за кратамі члена заканадаўчага органа суверэннай Рэспублікі –суб’екта міжнароднага права з-за нікчэмных буклетаў і брашур ісламскай экстрэмісцкай партыі, забароненых у Старым Свеце. Рэлігійная макулатура на вялікіх і малых дыялектах еўрапейцаў, быццам бы выяўленая пры ператрусе багажу высокапастаўленага авіяпасажыра, у кішэні якога было запрашэнне на буйны сімпозіум «Another World» – «Іншы свет» па абмеркаванні наспелых праблем мірнай змены ўлады ў постсавецкіх, а разам з імі і ў занадта наравістых іншых краінах зямнога шара.
Далей Саатаў станоўча ахарактарызаваў дзейнасць «страсбургскага палоннага» ў Жагорку Кенешы, дакладней сказаць, Нацыянальным кангрэсе і Сенаце ў аб’яднаным варыянце, і ад імя кіраўніцтва рашуча запатрабаваў неадкладнага яго вызвалення і аператыўнай адпраўкі з Францыі ў зваротным кірунку па заканчэнні афармлення неабходных фармальнасцяў у прысутнасці паўнамоцнага дыпламатычнага прадстаўніка ад Кыргызстана. Паабяцаў асабіста сустрэць калегу з ушанаваннямі каля трапа самалёта.
Пасля ўступнай часткі дазволілі задаць пытанні па сутнасці. Іх выдалася зусім мала. Адно, другое – скончыліся. У прынцыпе, усім усё ясна. Мадэратар, той самы супрацоўнік, у шчырасці якога Саатаў дарэмна засумняваўся, карыстаючыся інтэрвалам, хацеў было ў завяршэнні дыялогу падзякаваць удзельнікам брыфінгу, выключыўшы персанальны мікрафон лёгенькім дотыкам кнопкі. Аднак… Сам вінаваты. Угледзеў непадалёк паднятую пяцярню суразмоўцы і не ўтрымаўся, пайшоў на паваду: «Калі ласка!» Быццам д’ябал тузануў за язык.
Чарнабровы хлопец-пачатковец у журналістыцы, не назваўшы ў спешцы прозвішча і каго ён прадстаўляе, тым не менш, пачціва папрасіў законатворцу сцісла выкласці прынцыповы пункт гледжання кваліфікаванай большасці ў парламенце на барацьбу з карупцыяй, не здолеўшы да канца зразумець сапраўдныя прычыны раптоўнага замяшання перад аўдыторыяй дагэтуль упэўненага ў сабе дэпутата. Перад адчувальнымі (у сэнсе фіксацыі выявы і гуку) кіна-тэлекамерамі Саатаў не толькі папярхнуўся, слухаючы пытанне, але і густа пачырванеў. Спрактыкаваная публіка, у тым ліку і журналіст, хутчэй за ўсё ўспрынялі алагічны ўчынак публічнай персоны як празмерную асцярожнасць не балбатаць лішняга і спыніцца за крок ад крытычна небяспечнай рыскі. Ой, ды дзе там!
Яна, дарэчы, сядзела на перадапошнім радзе залы, куды не так ярка падаюць прамяні асвятлення, у гордай адзіноце, абыякавым настроі. Мабыць, прыйшла са спазненнем, далібог, яе не было напачатку. Так, яны няўзнак упіліся адзін у аднаго поглядамі. Але, пачуўшы сфакусаваную цікавасць нардэпа да сябе з падмосткаў, праставатая жанчына ва ўзросце хуценька дастала мабільнік з сумкі для таго, каб крыху «пакалупацца» ў ім, па праўдзе кажучы, сімуляваць, што ніколькі не заўважае на чужое сузіранне.
Між тым і Саатаў апамятаўся. Залпам выпіў паўшклянкі мінералкі, не адводзячы вачэй ад далёкага кутка прэс-цэнтра, дзе нечакана для яго апынуўся няпрошаны пісака ў жаночым абліччы. У намесніку профільнага камітэта, на здзіўленне прысутных, адкуль ні вазьміся, прачнуўся запал камсамольскага важака васьмідзясятых гадоў мінулага стагоддзя, які, як правіла, сек з пляча, не шкадуючы бацькі роднага з перажыткамі феадальна-патрыярхальнага ўкладу мыслення на шляху да светлай будучыні.
– Бязлітасная вайна з ганебным грахом, ці як яе, з грэшнай ганьбай пад кантролем бескампрамісных выбраннікаў кіруючай кааліцыі, а таксама створанага імі ўраду «камікадзэ» – адчаканіў ён шматзначныя вусныя фразы.
– Нараў хапае, бо мы выпускаем з турмаў тых, хто трапіў у пекла пры паўшым рэжыме. Вызваляюцца доўгачаканыя вакансіі. Сардэчна запрашаем!
У запале эмоцый (аб карупцыі немагчыма разважаць спакойна!) Саатаў дапусціў некаторыя шурпатыя вольнасці ў падборы выразаў. Можа быць, наўмысна, можа быць, і не. Напрыклад, ён заявіў, што тымі, у каго маецца больш за тузін бараноў, будзе займацца фінансавая паліцыя, а ўладальнікамі жылля з мансардай – пракуратура. Судовая галіна трыадзінства распускаецца да высвятлення дачынення суддзяў да крыміналітэту, у сельскія і гарадскія ўправы ўводзяцца штатныя адзінкі па маніторынгу пазык з працэнтамі, якія атрымліваюцца заможнымі сем’ямі ў камерцыйных банках.
– За гады незалежнасці нам не давалі нармальна рээкспартаваць метал з Расіі ў Кітай, – паскардзіўся намеснік профільнага камітэта, – блізка не падпускалі туды, дзе дзялілі маёмасць і партфелі. Рэспубліка ператварылася ў вотчыну купкі купцоў. Дзеячаў-іншадумцаў запісвалі ў ізгоі супольнасці. Пастаянна абражалі і прыніжалі… – яго голас задрыжаў. Ён у імгненне праглынуў сліну, што падкаціла да горла. – Цяпер, пагадзіцеся, настала наша чарга…
– А Ваш рынак «The Mongol» у самым цэнтры мегаполіса? – Нейкі смяльчак з сярэдніх сядзенняў гучным выкрыкам перапыніў маналог дэпутата.
– «The Mongol»? А ці вядома табе пра тое, колькі я аддаў за яго хабару ненасытнай жонцы збеглага прэзідэнта, – парыраваў Саатаў. Пасля працягнуў павышаным тонам: «Дзякуючы рэвалюцыі, а не «урияту, не ынкылапу, не тёнкёрушу-кёнтёрушу»1 як вы пішаце і вымаўляеце на трэццяразрадным жаргоне, паўтаруся, толькі дзякуючы рэвалюцыі, якая адбылася воляю Усявышняга, самай справядлівай рэвалюцыі ў дваццаць першым стагоддзі, «The Mongol» будзе няўхільна разрастацца ў маштабах, у колькасці і якасці. У кожным населеным пункце, на кожным «пятачку» пабудую рынкі на карысць жыхароў, якія жывуць ва ўмовах рыначнай эканомікі. Зразумела?
Напал гутаркі спакваля нарастаў. Адны ўжо ўспрынялі гарлапана- гаваруна за шызафрэніка, другія – на поўным сур’ёзе, трэція – яшчэ не паспелі яго раскусіць. Хоць усім было цікава слухаць прамову ў стылі стэндап комікаў.
– Прабачце, вам перашкодзілі адказаць на маё пытанне належным чынам? – Чарнабровы з ручкай і нататнікам напагатове ажно прыўстаў з крэсла.
– Так, не забыўся… Мы абавяжам адрэзаць пальцы казнакрадам, адпаведна замацаваўшы адэкватную норму заканадаўча. Чаго вытарашчыў моргалкі? Продкамі ў адносінах да праціўнікаў ужываліся яшчэ горшыя пакаранні.
– Дапусцім?
– Дапусцім. – Парламентарый хітра паціснуў плячыма, разыгрываючы ролю выступоўцы, які быў вымушаны гаварыць пра нешта супраць волі.
– Калі вам цікава, раскажу. Чалавеку звязвалі рукі і ногі, а ў задні праход засоўвалі палку і круцілі яе да тых пор, пакуль ён не памрэ … Ціха, вы ж не слабанервныя байцы дэмакратычнай прэсы?! Вось, пасля такога дзеяння нідзе не застанецца ні сіняга, ні іншага якога знака на целе нябожчыка. Вядома, з задняга праходу будзе ісці кроў, але яго сваякі падумаюць, што той быў сапраўды хворы, ці, магчыма, захварэў на жывот у выпраўленчай установе.
Зала замерла ў здзіўленні. У маўклівай цішыні выразна было чуваць чыёсьці нясмелае нараканне:
– Значыць, вернемся назад, у Варварстан.
Саатаў на хвіліну замоўк, каб крыху перадыхнуць.
– У рэдакцыях маецца процьма барзапісцаў, гэткія ліслівыя «салаўі-доўгажыхары» вольных гор, якія і дагэтуль бессаромна парадай ды справай дапамагаюць ранейшым дыктатарам. Пачакайце, і вас стрымгалоў пахаваем з аркестравай музыкай, выкінем на сметнік хронікі, – развінціўся выступоўца, напрамую накідваючыся на канкрэтную публіку паблізу. І зусім недарэчы, непрыкрыта ўтаропіўся на задні левы бок ад сябе, быццам там сядзеў важны ваяўнічы карупцыянер з кіпаю брудных купюр у кішэнях, што былі нажыты несумленным спосабам, пры гэтым ляніва гартаючы старонкі пухлага таблоіда, у якім быў надрукаваны яго каляровы партрэт на ўсю паласу.
За ім імгненна, быццам па ўзмаху чараўнай палачкі, усе прысутная кінулі погляды на той фланг. Спрытныя аператары, каб не ўпусціць унікальны шанец, бойка павярнулі аб’ектывы камеры на крэслы, якія пуставалі.
…Яна знікла, яе не было на месцы. Зноў усталявалася няёмкая паўза. І тады доўгацярплівы рэферэнт афіцыйна абвясціў завяршэнне брыфінгу, суха пажадаўшы поспехаў яго саўдзельнікам.
***
Пасля дзіўнага мерапрыемства з залішне недарэчнымі казусамі, якія каштавалі яму нямала нерваў, Саатаў зачыніўся ў рабочым кабінеце. На ключ замкнуў масіўныя дзверы, выключыў сотавы, які гучна зазвінеў, а на званкі па гарадскім тэлефоне не адказваў. З цяжкім сэрцам заваліўся на зручную для часовага адпачынку мяккую канапу і з усяе сілы стараўся адганяць з галавы ўсякія дурныя думкі, якія не давалі спакою. Няўжо гэта падкопы яго заклятых сапернікаў, а калі не падкопы, то за якія заслугі гэтая адраўнелая лаза вінаграду трапіла сюды менавіта ў лёсавызначальную фазу? Разнюхвае нешта?
Так, калісьці, даўным-даўно ён зрабіў глупства. Спатыкнуўся на роўным месцы. Але з тых часоў шмат чаго змянілася. І яна састарэла, і сам амаль аксакал, хоць прызнацца ў тым не так ужо проста. Бацька дарослых дзяцей, цьфу-цьфу, адзін за адным пайшлі і ўнукі.
Памятае намеснік старшыні пераход «недаткнёнкі» з «маладзёжкі» ў жаночы альманах. Потым прымазалася праектным экспертам у няўрадавыя арганізацыі, па тэлевізары выступала, інтэлігентная такая, у акулярах. А потым неяк знікла з-пад увагі … Пачакай! Сёння яна з’явілася без акуляраў. А можа я памыліўся ў спешцы?!
– Не! Як бы ні так. Кіргізія меншая за планету Зямля. Тут амаль усе падданыя ведаюць адзін аднаго ў твар. Блін, даўным-даўно трэба было засунуць сваю мужчынскую ганарлівасць як мага далей ды падысці куды трэба з труфельным тортам і бутэлькай шампанскага, каб папрасіць прабачэння. Ён неспадзявана прагаварыў «папрасіць прабачэння» ўслых і зачасаў патыліцу. Праўда, ад гэтага не палягчэла на душы, наадварот, узмацнілася трывога, і нейкі час ён не мог суняць дробныя дрыжыкі на вуснах.
Глупства адбылася ў Ошы, правільней кажучы, прыставанне, а яшчэ правільней – сэксуальнае дамаганне падчас свята ўраджаю. Туды з цэнтра прыязджае прадстаўнічая дэлегацыя, каб адзначыць выкананне гадавога плану па збору бавоўны-сырца працаўнікамі аднайменнай вобласці. У яе санкцыянаваным спісе з самага верху значыўся малады і энергічны Саатаў, загадчык аграрнага аддзела Рэспубліканскага штаба камсамола.
На поўдні ўрачыстасці праходзяць пераважна восенню (ва ўсякім выпадку, такая была традыцыя ў савецкія пяцігодкі). На дастархане – свежыя сярэднеазіяцкія аладкі, цудоўны плоў у чыгунных катлах, кавуны і дыні з духмяным пахам жыватворнай глебы – еш – не хачу. Гукі карная і сурная2 апавяшчаюць аб пачатку весялосці, танцоркі ў рознакаляровых шаўковых сукенках з шырокім падолам пад запальныя найгрышы Усходу імклівым каскадам акрэсліваюць круг. З фарфоравых заварнікаў дарагім кунакам наліваюць не толькі зялёны настой, але і «зялёны змей».
Група прыкамандзіраваных паплечнікаў прыбыла ў гатэль пасля паўночы. Гатэль – адна назва, а на самай справе вельмі стары цагляны корпус, засервіраваны прымітыўным убраннем: графін і гранёныя шклянкі, жалезны ключ з бляшаным нумарком. Не параўнаць з цяперашнімі наварочанымі гатэлямі ў тым жа Ошы, напрыклад.
Шумны натоўп не марудзячы разышоўся па начлегах. Толькі Саатаў, які добра выпіў у цеснай кампаніі комсоргаў баваўняных брыгад, а таму узбуджаны да ашаламлення, быццам бяссонная сарока, не змог заплюшчыць сваіх шэра-попельных зрэнкаў. «Нельга ўпусціць такую цацу, недаравальна», – падумалася нецвярозаму функцыянеру. Балазе, начальства спіць далёка, у процілеглым баку, у прэстыжных люксах.
Бог сведка, стажорка штотыднёвіка «Ленинчил жаш» («Ленінская моладзь») яшчэ задоўга да бяседы пад адкрытым небам, у Доме палітасветы, папрасіла тэкст яго віншавання перадавікоў сацыялістычнага спаборніцтва, нібыта для публікацыі. Напэўна, спадабаўся ёй выступ, выдатна пастаўленая дыкцыя, манера чытання афіцыёзу растучага кадра.
Карацей, Саатаў адважыўся пад градусам зайсці да яе без груку, знянацку, і апынуўся тварам да твару са спрэс безабароннай русалкай. Тая, вядома, яго не чакала, толькі – толькі збіралася легчы ў ложак, прывёўшы ў парадак цёмныя кудзеркі пасля асвяжальнага душа. Да таго ж дзяжурная, умудроная вопытам узбечка ў гадах, падахвоцілася паклапаціцца наконт санітарна-гігіенічнага стану адзінай паненкі ў калодзе салідных спадарожнікаў моцнага полу: «У нас, не судзіце строга, вакол пыл, тым больш на плантацыях «белага золата», – сказала яна, ветліва абдымаючыся з ёй. – Я загадзя лазню прапаліла».
Саатаў не з тых, хто шчыра шкадуе аб памылках учарашніх дзён, перажываючы часцяком з-за дробязяў. Аднак, бойка са злюкай – недагляд неардынарнага ранжыру. З якога перапуду не разбіў драўляныя дзверцы праклятай халупы пад празаічнай шыльдай «Пахтакор»-«Хлопкороб», неадкладна не задушыў святую карову падушкай? Па крайяй меры, не прымусіў яе замест ранішняй зарадкі бегаць трушком вакол караван-сарая без стайні ў чым маці нарадзіла?
П’яны ў вусцілку донжуан недароблены ў адзін цудоўны момант спрытным рухам азлобленай дзяўчыны быў выпхнуты з пакоя і ледзь не стаў пасмешышчам у вачах паўсонных пастаяльцаў «Пахтокора». Страціўшы канцэнтрацыю, стукнуўся аб процілеглую сцяну ў пралёце спінай і ўсёй вагой плюхнуўся на пятую кропку. Не паспеўшы ачухацца ад болю і грукату, пачуў чыйсьці нясцерпны раздражняльны бас знутры з вядомым у тутэйшых ваколіцах іранічным здзекам: «Хто ўпаў? Вярблюд ці кабыла?» Па-суседску зарыпеў ложак, за плотам забрахаў напалоханы дварняк.
Прыйшлося жвава ўцякаць, рукою прыкрыўшы бессаромны орган, але, як рашыцца прайсці голым праз тумбавы стол з абажурам? Ён на напаўсагнутых нагах стаіўся за вазонам (такія ж фікусы ўпрыгожваюць фае і холы гасцініц), і скрозь яго зялёнае лісце вытарашчыўся на абрысы ўзбечкі, якая не спала на вахце, чытала кнігу. Ён чымсьці быў падобны да малпы з заапарка, якая мітусліва разглядае наведвальнікаў з-за шчыльных рашотак клеткі на колах. Не ведаў, куды сябе падзець, завіслі і думкі, і дзеянні.
Дзякуй богу, жанчына, якую бабнік хацеў абысці цішком, выратавала яго ад непазбежнай ганьбы і немінучага сораму. Спярша паднялася і прайшла міма фікуса да дзвярэй дзяўчыны, коратка пра нешта з ёй абмовілася, потым сышла ў двор і вярнулася адтуль з пакамечаным адзеннем, выкінутым праз акно:
– Углим3… – зашаптала яна, апускаючы ўніз вейкі, – … трымайце!
Эх, каб яшчэ трошкі, і ўтаймаваў бы свавольную кабыліцу. Ага, ламалася, кусалася. Не без таго, канечне! На хаду напрыдумляла казак пра заручыны, паклікала на вяселле ў нейкую глухамань скрозь Цянь-Шанскія хрыбты: «Пазнаёмлю Вас з маім жаніхом. Мы – аднакласнікі …»
– Капцела б ты, нарачоная, дома.
– Бабуля настаяла, каб я, перш чым выйсці замуж, памалілася святыням Сулайман гары. Ош мне спадабаўся, Вам … не?!
Імкнулася пажартаваць:
– Зроду ні разу не адважылася далучыцца да старажытных паселішчаў і артэфактаў.
– Ах, ты, варожы элемент, пазбаўлены паранджы! Цябе рэзаць мала…
Жартаўніца закрычала, і, убачыўшы яго бессаромную фізіяномію зусім без адзення, вымавіла: «Няўжо Вы, жанаты мужчына, высокаадукаваны інтэлігент, не шануеце агульныя для ўсіх звычаі?! Хіба кыргызскія джыгіты сілай дабіваюцца нявіннай дзяўчыны?»
У адказ пагрозлівы тон: «Ану, жыва распрануцца», – і сапраўдная спроба сарваць з яе халацік. У выніку – голая, у ніжняй бялізне з тонкай матэрыі, далікатная, да таго ж зусім слабая фізічна, дзяўчына парываецца ўцячы з жалезных абдымкаў мускулістага мужыка, былога члена баскетбольнай каманды ВНУ. Аднак жа, баскетбаліст, вядома, без асаблівай натугі зловіць мячык, які выслізгвае з рук.
Саатаў, лежачы ў ложку, зразумеў, што застаўся на бабах. Не прадбачыў каварных звычкаў вядзьмаркі, бо цалкам даверыўся інтуіцыі, а яна ж была сапсаваная ўздзеяннем нямала выпітага спіртнога. Дзяўчына, высветлілася, не захацела змірыцца з жорсткімі, бесчалавечнымі правіламі жаночай ахвярнасці. Калі той, перагарадзіўшы ёй выхад, саманадзейна прыхінуўся да вушака рыпучых дзвярэй і даў волю пацалункам узасос, дзяўчына фібрамі мезенца непрыкметна зафіксавала за спінай гвалтаўніка зашчапку і з налёту выправадзіла бабніка з пакоя задам наперад, ды ў парыве жудаснага гневу выкінула яго анучы на вуліцу.
На шчасце, ні тады, ні пазней ніхто не выказаўся Саатаву ў лоб пра ошскі інцыдэнт. Толькі галіновы сакратар ЦК камсамола па прозвішчы Манжосаў, аднойчы запрасіўшы яго да сябе, сказаў: «Таварыш Саатаў, мы вырашылі накіраваць Вас на працу па спецыяльнасці».
Ён зусім не разгубіўся, таму што не аднойчы пракручваў у галаве варыянты далейшага працаўладкавання. Манжосаў, тактычны ў зносінах з мясцовымі кадрамі, не чарговы пасланнік Масквы, узважыўшы прапанову свайго вынаходлівага паплечніка аб вырошчванні ў індывідуальным парадку на арандаваных у прыгараднага саўгаса надзелах бахчавыя культуры з намерам збыту оптам і ў розніцу, успыхнуў: «Значыць, станеце фермерам, савецкім фермерам!»
Патэнцыйны савецкі фермер, развітваючыся з Манжосавым па-прыяцельску, зноўку прыпомніў жулікаватага гаўрыка ў ранішнім аўтобусе ля ганка «Пахтакора» з напускной клапатлівасцю: «Вы апранулі джэмпер не так.., гм, каўнер шыварат-навыварат… З кім не бывае наспех?! Пераапраніцеся, пакуль мы адны».
Неўзабаве пачатковец-прыватнік, ператварыўшыся ў «новага кіргіза», негалосна пачаў захапляцца біяграфіяй Чынгісхана. Увайшло ў звычку збіраць навукова-пазнавальныя матэрыялы пра багдыхана намадаў і багдыханідаў – паслядоўнікаў крыважэрнага з крыважэрных катаў буйных царстваў. На тое былі ў яго банальныя матывацыі: па-першае, род, якому ён належаў па паходжанні з матчынай лініі, некалі славіўся мангольскім, па-другое, урокі ваенна-палітычнага мастацтва, апісаныя ў выкладах «Яса», якія прыпісваюцца заваёўніку, прыйшліся яму даспадобы. Спаў і бачыў сябе на белым аргамаку нейкім правадыром.
Добры Ош для яго ператварыўся калі не ў варожы, то, у лепшым выпадку, у вельмі нязручны кірунак на карце перамяшчэння. Калі быў прадпрымальнікам, прыязджаў туды заключаць кантракты па закупцы тытуню, бавоўны, сухафруктаў, дык адчуваў сябе вельмі скавана, яму здавалася, што вось-вось на тратуары сустрэне старую ўзбечку з кіем, і яна прамалінейна бразне ў анфас і профіль: «Згінь, стварэнне!» – замест даўняга «углим». Адсюль і яго закамплексаванасць, катэгарычнасць да ўсяго таго, што звязана з другой сталіцай. Саатаў, балбочуць злыя языкі, не толькі прыдумаў, але і наўмысна ўжываў у агульнадаступных выступах арго «югаславы», маючы на ўвазе канкурэнтаў з поўдня.
***
Напасць несусветная! Людзі пачынаюць урывацца ў яго асабістую прастору сваімі нахабнымі выхадкамі. Ну вось, напрыклад, навошта Тэзекаў пракраўся ў зачыненае наглуха офіснае ўладанне чужога саноўніка?! Ну, навошта?! Што журналістка, што саветнік спікера – усе з аднаго цеста, душагубы ўсё.
– Выбачайце, да вас і на асабняк, і на кватэру, і на дачу тэлефанавалі, – гарлапаніць «господин нехороший», па характарыстыцы калегаў – прабіўны чалавек, празваны ў калектыве Кізяковым на рускі лад «Малый», – памочніка з рэферэнтам двойчы пасылалі сюды, каб пастукалі больш настырна. А колькі «эсэмэсак» скідвалі – не злічыць. Шэф хацеў моцна паціснуць вам рукі. За кубачкам кавы паглядзелі брыфінг у прамым эфіры. Нічога не прапусцілі.
Саатаў, натуральна, здагадаўся, што ва «ўправы» бываюць «медзвяжатнікі» на ўсялякі пажарны выпадак. Але, божа, без адзінага гуку дастаць «язычок» замка з адтуліны ў дзвярным праёме, без лішняга шоргату аб’явіцца ўнутры і гаспадарыць сабе на задавальненне, пікнік ладзіць сярод белага дня?! Уявіць нельга! Розумам не дайсці! Хіба сам у нейкі момант з глузду з’ехаў?!
Па шчырасці, яму палягчала, калі на пару з Тэзекавым залпам аглушыў чарку з запасаў на палічках халадзільніка ў славу Кыргызскай рэвалюцыі. Зрэшты, у вузкім асяроддзі бамонду паспелі ўсталяваць залатое правіла: абвясціць першы тост за канчатковы і беспаваротны разгром «ханскай стаўкі», за смерць на чужыне праклятых кіраўнікоў сярэднявечча і асушыць шклянку ў знак прызнання сціплых дасягненняў авангарду сучасных-дэ сацыялістаў. У рэгулярных зборышчах супартыйцаў і іх верных прыхільнікаў гэтае новаўвядзенне паступова ператвараецца ў напаўафіцыйны рытуал з сімвалічным падтэкстам. Нехта, напрыклад, хапаючы за «талію» мудрагелістую чарку, напоўненую, пэўна, спіртным напоем імпартнага прыгатавання, голасна абвяшчае: «За нашу рэвалюцыю!» Астатнія гучным воклічам: «Кантип?» Гэта значыць, «Пакажы»! Той дапівае змесціва да кроплі і пераварочвае пусты келіх уверх дном, абавязкова адклікаючыся ў недакладную рыфму: «Зонтик»! Аднак, у большасці выпадкаў гарачыя саюзнікі зборнай, таму і рыхла-аморфнай сходкі, не абмяжоўваюцца аднаразовым актам аналагічнага стандарту, і збіты дыялог з пары слоўцаў кыргызска-рускай лексічнай сумесі «кантип-зонтик» паўтараецца зноў і зноў з абавязковым ушанаваннем піцейнага абраду ў фінале.
Аказалася, што Кізякоў, ён жа па пашпарце Тэзекаў, абшукаўся нездарма. Вышэйстаячы начальнік загадаў хоць з-пад зямлі дастаць Саатава, і закаранелы апаратчык вылічыў, дзе можа быць прытулак пустэльніка. Суцешыў гаротнага ў межах пасільнага ўмення і красамоўства: нельга асечку паплечніка прымаць блізка да сэрца. Пачакайце, яго выпусцяць! Бос штогадзіны кансультуецца з уплывовымі фігурамі на Захадзе. Сілы і сродкі дастаткова разнастайныя: толькі што загадалі запусціць фэйк аб тым, што ў Парыж адпраўляюцца сто кыргызаў, каб паўторна ўзяць Бастылію, ці, як у іх зараз – Елісейскі палац, і вызваліць з турмаў палітвязняў, што там пакутуюць. Тролі, якія працуюць у форумах вельмі старанна, за кошт ахвяраванняў ад рэлігійных сектантаў раздуюць ідэю і далей. Заданне спушчана. Каб суцішыць страсці па Страсбургу, моладзевае крыло асацыяцыі бедных прыдумала паўсюдны флэш-моб пад назвай ці то «Не харкай…», ці то «Не смаркайся ў дзень больш, чым дзесяць разоў!». Не ведаю, як дакладна гучыць фармуліроўка, кіраўніцтва якраз у гэтыя хвіліны гутарыць з імі.
Тэзекаў, які дагэтуль размаўляў з Саатавым на нагах, прыгнуўся націснуць на айфон, які ляжаў на часопісным століку і, выпрастаўшыся, наліў гарэлкі абаім, зноў дастаўшы першапачаткова пачатую бутэльку. Калі чокаліся, прамямліў: «За тых, хто з намі!» Хапнуў і доўга нюхаў адламаны кавалак халяльнай каўбасы, кіўком падзадорваючы напарніка зрабіць тое ж самае. Потым падсеў да Саатава, прыабняў і паведаміў таму тое, што павінен быў паведаміць: «У вашых адказах лідар угледзеў аснову асноў праграмы прэтэндэнта ў прэзідэнты на маючых адбыцца датэрміновых выбарах».
– Ну, так, – ён падняўся на ўвесь рост, асцярожна адштурхваючыся ад пляча суразмоўцы, зрабіў крок убок. – Спікер выдатна разумее, што з сістэмнай карупцыяй лепш змагацца цывілізаванымі метадамі, скажам, развіццём вытворчасці, узмацненнем маральных асноў, угаворваннямі. Страшна ўявіць, на гэта патраціцца шмат гадоў, а нам улада патрэбная тут і цяпер, да зарэзу.
Дэпутат ніяк не адрэагаваў на яго запытальны позірк, з алімпійскім спакоем адпіў глыток соку з папяровага пакета.
– Таму Ваша пазіцыя аб застрашванні найбольш плённая, – ускрыкнуў Тэзекаў. – Сваякі расстраляных на плошчы хлопцаў на бясконцых мітынгах заслужана патрабуюць ад нас пакараць тых, хто займаўся і займаецца разрабаваннем казны. Нагода ёсць, ёсць і што? – Саатаў машынальна зірнуў на лядоўню. – Не-е, ёсць следчыя і суддзі. Успомніце любімую прыказку папярэдняга аўтакрата: пераспаць і адначасова захаваць нявіннасць – немагчыма. Крадуць паўсюдна. Усе тыя, хто супраць плыні, апынуцца ў наручніках. І натоўп задаволены, і мы на вышыні.
Саатаў здрыгануўся:
– Я тут прычым?
– Вы – ініцыятар грандыёзнай кампаніі па выкараненні карупцыі ў асобна ўзятай дзяржаве.
– Па якому праву, я – ініцыятар? Розныя да хрыпаты рэкамендацыі дыскутуюцца ў дэбатах.
– Так, дыскутуюцца, а вы агучылі на ўвесь свет. Значыць, у Вас на тое выпакутаваныя матывацыі.
Саатаў ускочыў з месца. Наваляўся на канапе, думаючы свае думы, –баста! Няўжо ад’ютант (без году тыдзень) дакладна дасведчаны пра сутнасць яго перажыванняў? Чаго, наогул, з мухі робяць слана? Не перашкодзіла б знішчыць пузырыстыя аргументы няпрошанай зануды пасрэдных здольнасцяў і рэзка папрасіць пранырлівага перагаворшчыка сысці дадому.
Між тым, кадык Тэзекава, які нёс ахінею, пацешна заскакаў. Здалося, ён мяняў тэмп і тэмперамент прамовы:
– Вы вытканыя з супярэчнасцяў, – прашыпеў, трасучы ўказальным пальцам, – вы – гэта не толькі вы канкрэтна, вы – пакаленне экс-касмакратаў і экс-партакратаў. Любіце марыць аб прарыўных зменах, не жадаючы ісці на рэформы. Рызыкі баіцеся, як агню. Развал імперыі, смею выказаць здагадку заднім чыслом і заадно гневацца, адмоўна адбіўся на вашай псіхалогіі. Днём спавядаеце адну рэлігію, ноччу – іншую. Складана з вамі, дрыжачымі баязліўцамі і дамарошчанымі дагматыкамі, дамовіцца аб чым-небудзь актуальным.
– Тэзекаў, цябе б на распалку ў печ кідаць. Загарышся ўраз, і ніякіх праблем.
– Пакрыўдзіліся? Дарэмна. Я не зусім пра Вас. Вы – асоба пад стаць бягучым выклікам эпохі. Хто, акрамя Вас, даслоўна працытуе апавяданне Хівінскага летапісца Абулгазі Бахадура пра своеасаблівае пакаранне нязгодных? Разбілі СМІ напавал.
Разгневаны Саатаў, абы насаліць самаздаволенаму вундэркінду, адрэзаў катэгарычна: – Абулгазі Бахадур – непераўзыдзены шэльма – камбінатар! Напісаў працу нібыта пра радаводнае дрэва цюркаў, а ўзвысіў да нябёсаў адзінакроўных суродзічаў-манголаў. Зямны шар, заўваж, трымаўся на плячах крываногіх і цвердалобых царэвічаў.
– Без намаганняў здаяце занятыя рубяжы, шаноўны Саатаў. Звычайнае раздваенне розуму. Хіба не Вы ўнушаеце нам думку пра генетычную блізкасць кыргызскіх жывёлагадоўцаў з мангольскімі аратамі?
– Забыўся ўзгадніць з найдаражэйшым кансультантам мімаходзь вымаўленыя выказванні на мімалётных тусоўках.
– Якога чорта ў негатыўным стаўленні да даследчыка разварушылі асінае гняздо ўзору, па меншай меры, сямнаццатага стагоддзя? Вось палюбуйцеся, – ён прысунуў ушчыльную да расчараванага твару спрачальніка айфон з мігатлівым дысплеем, – мігранты ў Бішкеку агітуюць гараджан на шэсці пад небяспечным лозунгам «Чым больш жорсткая кара, тым вузейшая задніца злодзея». У прыгранічных жа пасёлках ардэнаносныя старыя, маці-гераіні стыхійна захопліваюць паштовыя аддзяленні, якія не выплацілі пенсіі і дапамогі.
Саатаў ледзь стрымаўся, акрамя ўсяго, яму было няёмка перад самім сабой. А можа, нашкодзіў чаму, міжволі захапляючыся балбатнёй у медыя-цэнтры, разам з марай выдаў і сакрэты.
Кізякоў корпаўся ў ватсапе, пакуль не знайшоў патрэбную інфармацыю, потым звярнуўся да яго, не адрываючы вачэй ад мабільніка: «Патрону занеслі рарытэты, што запрошвалі ў бібліятэцы».
– Не дапамогуць. Мангольскія рэцэпты малапрадуктыўныя. – скрозь зубы прабурчаў парламентарый. Крышачку пазней, рэзка зменшыўшы градус непрадузятай размовы, кінуўся ў разважанне:
– Ніхто ж у акрузе не мяркуе, што дзеючы старшыня дэпутацкага корпуса разумее талмуды і трактаты, у цэлым, сур’ёзную літаратуру, адрознівае на слых, напрыклад, Маркеса ад Маркса, Сервантэса ад серванта.
Дзіўна, але, існая ісціна, Кізякоў, ласы да звадкаў, групаўшчыны, прапусціў міма вушэй сентэнцыі, што намякалі на інтэлектуальны ўзровень часовага важака нацыі. Настойліва захапіўся інфармацыяй у тэлефоне і з непрыхаваным хваляваннем у тэмбры нашаптаў: «Мулы, наўючаныя афганскай анашой, шчасна перасеклі мяжу». Саатаў спачатку падумаў, што той чытае загаловак зводкі аператыўнікаў у адкрытым друку, а не дублюе атрыманае зашыфраванае данясенне наёмных агентаў.
***
Яго «Джып», як патлумачыў Тэзекаў, пакідаючы спехам узламаны кабінет незадоўга перад паездкай, з заведзеным маторам знаходзіўся на другой пазіцыі ў картэжы, які чын па чыне выстраіўся па даўжыні параднага пад’езда. Далей – далёкі шлях на Ісык-Куль пад прыкрыццём інспекцыі летняга турыстычнага сезону. На беразе блакітнага возера вызначацца з кандыдатам-фаварытам у гонцы ад фракцыі, прагавораць клятву часоў шаманаў аб служэнні супляменнікам верай і праўдай (Тэзекаў сцвярджае, што яе тэкст раздадуць па прыбыцці).
Яна зноў з’явілася экспромтам. Пастукала ў прыцемненае шкло, нават не пастукала, а неяк сціпла паскрэбла. Пахвальна, што ахова паспела адцягнуць яе, аднак тая не сунімалася.
– Кідай! – Скамандаваў Саатаў у паніцы.
– Што кідаць? – перапытаў шафёр націснуўшы на газ.
– Сто даляраў … з бардачка…
Спазніліся. Іншамаркі маналітным строем рванулі з зыходнага пункта, быццам скакавыя коні са стартавай пляцоўкі спаборніцтваў. Дэпутат уздыхнуў ці то з палёгкай, ці то з абурэннем.
– Ды вы не хвалюйцеся з-за дробязяў, – не паварочваючыся назад правішчаў бадзёрым тонам вадзіцель. – Ёй патрэбна інтэрв’ю з вамі.
– Інтэрв’ю?
– Напярэдадні выезду замучылі нас даішнікі. Узад-уперад, хто за кім? І яна падыходзіць з просьбай якраз да мяне: «Вы не маглі б паказаць машыну дэпутата Саатава?» «Навошта?» – кажу. «Хачу папрасіць інтэрв’ю для часопіса», – адгукаецца карэспандэнтка.
– Часопіс? Які часопіс?
– Новы нейкі … Я прадставіўся, узяў яе візітоўку, аддаў сваю, ну, значыць, Вашу. Тым больш, пытанні лёгкія, без папярэдніх умоў, таму і плаціць не давядзецца … Жанчына выклікае прыхільнасць, наўрад ці хлусіць.
Саатаў не паверыў уласным вушам. Замест нянавісці і помсты знаёмая незнаёмка прапануе перамір’е?! Трасецца? Малаверагодна. Схіляецца да супрацоўніцтва? Не выгадна. Жадае праявіць велікадушнасць? Таксама не пераканаўча. Чаго ад яго ў такім выпадку чакае чарцяня «чацвёртай» улады? Атрымліваецца, што пацярпелая, якая мае карт-бланш на судовы іск, просіць прабачэння перад катам?.. Парадокс! Бач, Саатаў, упершыню ты прызнаўся ў гэтым, хоць і сам сабе.
Пісклівы гук таго, хто за рулём, даносіўся не з пярэдняга адсека казённага транспарту, а аднекуль здалёк. Той, здаецца, са смакам выбудоўваў разлікі датычна адпачынку на пляжы, начных прагулак у прахалодным садзе пансіяната. Лічыў-пералічваў колькі разоў ездзілі на возера мінулым летам. Бывала, з-за шчыльнасці графіка не ўдавалася выкупацца ўдосталь.
Раней манатонная споведзь рамізніка падалася б яму бестактоўнай марокай. Толькі не зараз. Наадварот, у гэтым балаболе, распешчаным сыне малодшай сястры, які нямала павазіў яго, ён запрыкмеціў збаўцу ад залішняй істэрыкі. Адразу ж перабраў у памяці анекдот, адзін у адзін спісаны з іх, і засвяціўся ва ўсмешцы: «Раніцай каля дома дэпутат чакае службовую машыну. Праходзіць процьма часу, яе няма і няма на гарызонце. Набірае сотавы нумар кіроўцы – не падымае. А калі аўтамабіль плаўна пад’язджае да брамы, ён ўжо ў лютасці.
– Дзе цябе ляшчы носяць, – крычыць начальнік да падначаленага. – Спазняюся на канферэнцыю. І што за стаўленне да мяне?! Я цябе вучыў, жаніў, кватэру выбіў…
Вадзіцель і пляменнік дэпутата (два ў адным) ніяк не рэагуе на крыкі.
– Дзядзька, – кажа ён, сонна высунуўшы галаву з салона, – ці не пара нам наняць шафёра на дваіх?
Неймаверна складана (даўжынёю каля двух дзесяцігоддзяў запар) нязменна заставацца ў сядле. Але Саатаў прадэманстраваў дэманічную выкрутлівасць на так званых пераправах. Дзе дыпламатыяй, дзе грашыма стабільна захоўваў пазіцыі ў вярхах.
А апошні раз дапамог яму ўвайсці ў кагорту новаспечаных гаспадароў становішча той, хто цяпер пакутуе ў Страсбургскай вязніцы. Памятае здзелку ў дэталях. На парозе некантралюемых беспарадкаў прыехалі з ім інкогніта (не з пустымі рукамі, зразумела) у зацішнае мястэчка ў цяснінах. За адзін прысест мяса кавалкамі елі два разы. Ён быў старэйшым сярод тых, хто спачуваў і абараняў законныя правы беспрацоўных на працу, і з-за чаго арганізатары застолля па заказу з найвялікшым шанаваннем падавалі прывілеяванаму папячыцелю спачатку падуздышную костку ягняці-смактуна, а затым – на вялізнай місцы – смачна-тлустую заднюю частку тушы жарабяці-смактуна.
Даволі, спадары! Здаўся мне ваш галавакружны п’едэстал, тыпу першы, другі, трэці, я хачу заняць у жыцці свой п’едэстал. Чатыры разы абіраўся ў парламент, перажыў трыумф і фіяска трох рэвалюцый, пяці прэзідэнтаў. З мяне хопіць! За гэты час у краіне вырасла (прычым, у разы) толькі колькасць даўгоў, алігархаў і прастытутак, іншыя паказчыкі ў мінусе. Згодна з прыказкай індзейцаў, жаба не выпівае сажалку, у якой жыве. Няўжо мы горшыя за іх – індзейцаў і жаб?!
Яна, верагодна, займалася «чаўночным» бізнэсам. Па рынках Стамбула хадзіла з непад’ёмнымі бауламі, у аэрапорце Варшавы памежнікі, пагарачыўшыся пры даглядзе дакументаў, яе і яе суайчынніц называлі «гюльчатаямі»; у Кашгары мытнікі арыштавалі іх груз, кваліфікаваўшы яго ў катэгорыю «кантрабанда». Імаверна, што яна нядаўна вярнулася з Крайняй Поўначы, пакінуўшы прыбытковы занятак іншаму, параўнальна маладому гастарбайтэру. Вярнулася ў надзеі на перамены ў Айчыне, з мужам або без мужа, з нашчадкамі заснавала энскі рупар інфармацыі. Бо журналістыка – адзінае рамяство, навыкамі якога больш-менш валодае мігрантка са стажам, якая доўгія дні і ночы добрасумленна дастаўляла на сабачых вупражках геолагаразведчыкам і абарыгенам тавары паўсядзённага спажывання.
Які боль?! Прабачце, так склаўся лёс? Спартсменкі, камсамолкі, прыгажуні касмічнай эры!
Зрэагаваць на кімсьці кінутыя рэплікі ў рамках брыфінгу значна прасцей, чым трымаць адказ перад уласным сумленнем. У падсвядомасці кожнага з нас існуюць сакрэты, якія не падлягаюць агалосцы, і ў канчатковым выніку, неразгаданымі сыходзяць у магілу разам з намі.
– Стоп? – рэзка звярнуўся Саатаў да пляменніка. Аднак той не запаволіўся, мёртвай хваткай утрымліваючы руль пры наборы шалёнай хуткасці на трасе з аднабаковым рухам.
– Тармазні, каму кажуць?! – раз’юшыўся дэпутат.
– Ну, дзядзька, не паложана. Мы ў калоне.
– Э, не, спыні зараз жа! Начхаць на калону. Вазьмі ўправа… Кінь блазнаваць!
Ліхач ўсё-такі скарыўся, груба парушаючы пры гэтым правілы. Машына з’ехала з дарогі, узнімаючы хмары пылу. Хтосьці з абганяючых аўтамабіляў закрычаў, аб’язджаючы: «Падцягвайцеся!»
Саатаў, не зачыніўшы за сабой дзверцы «Джыпа», аршыннымі крокамі ў адзін момант пераскочыў праз мяжу дзікарослага сухатраўя, якая аддзяляла асфальт ад пшанічнага поля, і апынуўся сам-насам з бязмежным морам жоўта-спадзістага колеру, якое ў сярэдзіне лета разгулялася з моцным вячэрнім ветрам. Мільёны каласкоў, налітыя збожжам, калыхаліся з боку ў бок, быццам бы сустракалі бывалага агранома з ушанаваннямі.
Даўно не наведваў ён абшары, якія сталі яму роднымі з дзяцінства. Справы без канца і краю, клопатаў – хоць адбаўляй. Непадалёк адсюль, у перадгор’ях, яшчэ да службы ў войску на Далёкім Усходзе, дапамагаў бацьку-камбайнеру ў пару жніва, там жа ў перыяды перабудовы вырошчваў адборныя мясістыя памідоры для адгрузкі ў Сібір.
Павольна, але мерна ступаючы па бязлюднай стэпавай сцежцы ўздоўж галаўнога падоўжнага арашальнага канала, у чароце, у глыбіні зямельных угоддзяў гаспадарчых суб’ектаў дэпутат намерыўся на заўтрашнім жа паседжанні сесіі паставіць пытанне аб недаглядах аграрыяў Чуйскай даліны ва ўборцы ўраджаю. З гэтым спазніліся, па меншай меры, на дэкаду, мабыць, іх таксама напружваюць даручэннямі неэканамічнага профілю.
Адначасова ўспомніў Саатаў і абаяльную акуратную красуню, якая спявала на злашчасным свяце. Яе настойліва папрасілі праспяваць і апладысментамі зазывалі на імправізаваную сцэну. За ёй імгненна выстраіліся жаўтаротыя выканаўцы-танцоры ў пышных строях, зайграў вакальна-інструментальны ансамбль, які складаўся выключна з дзяўчат.
Звонкі, нібы ў званочка на калысцы дзіцяці, голас госці прымусіў і старых і малых абудзіцца, развесяліцца, падпяваючы ёй дружным хорам. З выбарам яна не памылілася. На фоне малаэмацыйных музычных нумароў плакатна-патрыятычнай тэматыкі прагучалі чароўна-пранікнёныя лірычныя куплеты аб пяшчотнай любові мілавіднай смуглянкі, якія нікога не пакінулі абыякавымі. Невыказнае задавальненне ад стылізаваных напеваў фальклору, надзвычайнае адчуванне прысмаку гармоніі і шчасця. Адурэць! На жаль, двойчы не ўвойдзеш у адну і тую ж раку!
– Чаму, паразіт, зрабіў замах на гонар улюбёнкі публікі? – Саатаў ці то ад перанапружання, ці то ад збянтэжанасці далонню закрыў рот, і, каб не ўпасці, незнарок прысеў на кукішкі на скрыжаванні:
– Дрэнь я, дзікун натуральны…
Настальгія нагнала тугу. У грудзях дэпутата спантанна аднаўляліся радкі з той песні, няхітрыя па форме, цудоўныя па змесце, і ад прыкрасці яму станавілася не па сабе. Чамусьці захацелася загаласіць. Бо, кажуць жа, што залівісты плач здымае люты стрэс. І, седзячы, заплакаў. Аднак ён зусім не падазраваў, што з яго вачэй струменяцца па шчоках не празрыстыя, чыстыя, падобныя да крынічнай вады, слёзы, а выцякаюць выплёўкі ліпкай пеністай мокроты, разведзеныя рэдзенькімі соплямі.
1. пераварот, паўстанне, смута (па-кіргізскі)
2. духавыя музычныя інструменты
3. сынок (па-узбекскі).
З кыргызскай. Пераклад Таццяны ЦВІРКА