“Маладзечна – 2023” вітала пісьменнікаў Міншчыны
9 чэрвеня ў межах Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2023” у Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча адбылася творчая сустрэча з дзіцячымі пісьменнікамі і паэтамі Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Рагнедам Малахоўскім, Галінай Нічыпаровіч, Тамарай Бярэзінай і Аксанай Мітрошчанкавай. Суарганізатар сустрэчы – Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна.
Рагнед Малахоўскі расказаў прысутным пра значэнне беларускай літаратуры, роднага слова для духоўнага развіцця нацыі, чытаў свае вершы. Галіна Нічыпаровіч і Аксана Мітрошчанкава таксама чыталі творы для дзяцей, гаварылі пра сваю творчасць, адказвалі на пытанні аўдыторыі. Пісьменніца з Маладзечна Тамара Бярэзіна падзялілася з юнымі наведвальнікамі бібліятэкі сваім поглядам на ўзаемаадносіны літаратараў і чытачоў, пасля чаго адбылася прэзентацыя яе новай кнігі “Залатое жніво”. Сустрэча атрымалася вельмі цёплай і пазнавальнай.
Адметна, што на другі дзень фестывалю – 10 чэрвеня – удзел у ім прыняў Народны клуб кампазітараў і паэтаў “Жывіца” абласнога цэнтра народнай творчасці. Свае вершы і аўтарскія песні перад гасцямі свята выконвалі пісьменнікі Мінскага абласнога аддзялення СПБ – удзельнікі клуба – Ірына Карнаухава, Уладзімір Цанунін, Віктар Кажура, Людміла Круглік. Удзел у свяце беларускай песні і паэзіі таксама прынялі члены валожынскага народнага літаратурнага аб’яднання “Рунь” і дзяржынскага народнага літаратурнага клуба «Выток».
Прыемнай навіной стала ўзнагарода паэта Рагнеда Малахоўскага, які атрымаў званне лаўрэата Рэспубліканскага конкурсу імя Міколы Мятліцкага сярод маладых паэтаў.
Прэс-служба МАА СПБ