Maй Baн Фан (Mai Văn Phấn). В’етнам. ЧАС УТЫЛЮ. З паэмы ў прозе

Maй Baн Фан (Mai Văn Phấn). В'етнам. ЧАС УТЫЛЮ. З паэмы ў прозе

Паводле даследаванняў літаратуразнаўцаў, В’етнамскія літаратурныя традыцыі развіваліся, праходзячы праз многія падзеі, якія перажываў В’етнам за ўсю сваю гісторыю. Больш за палову стагоддзя в’етнамскі народ вёў дзве буйныя крывапралітныя вайны і ў цяперашні час, на рубяжы найноўшай гісторыі краіны, знаходзіцца ў перыяд будаўніцтва, індустрыялізацыі і мадэрнізацыі. Новыя літаратурныя рухі ў В’етнаме можна было  назіраць кожныя дзесяць гадоў, але ў мінулым стагоддзі  літаратура гэтай краіны падпала пад некалькі літаратурных плыняў. Мабыць, таму ў абліччы сучаснай  в’етнамскай літаратуры, якая  прысутнічае сёння, дамінуе асаблівы жыццёвы рух і сіла.

І зараз на прыкладзе сучаснага літаратара гэтай краіны –  экперыментатара і мадэрніста Май Ван Фана (Phấn Văn Mai) – я прадстаўляю ўвазе беларускага чытача сучасную літаратуру В’етнама.

Май Ван Фан нарадзіўся ў 1955 годзе ў Кімшоне, правінцыі Ніньбінь у дэльце Чырвонай ракі ў паўночнай частцы В’етнама. У цяперашні час пражывае і працуе ў горадзе Хайфон. Уладальнік шэрагу в’етнамскіх і міжнародных літаратурных прэмій, у тым ліку прэміі Асацыяцыі пісьменнікаў В’етнама ў 2010 годзе і Літаратурную прэміі Шыкада ў Швецыі ў 2017 годзе. Аўтар 16-ці кніг вершаў і  кнігі «Крытыка –  нарысы» у В’етнаме. 15 яго паэтычных кніг выдадзены і выпушчаны ў замежных краінах і ў сетцы распаўсюду кніг Amazon.

Вершы Май Ван Фана публікаваліся на старонках газет і часопісаў многіх краін: Швецыі, Новай Зеландыі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канады, Аўстраліі, Турцыі, Румыніі, Узбекістана, Індыі, Паўднёвай Карэі, Ганконга, Інданезіі, Тайланда, арабскіх краінаў …

Творы Май Ван Фана перакладзены на 25 моў, у тым ліку: англійская, французская, руская, іспанская, нямецкая, шведская, галандская, албанская, сербская, македонская, чарнагорская, славацкая, румынская, турэцкая, узбекская, казахская, арабская, кітайская, японская, карэйская, інданезійская, тайская, непальская, хіндзі і бенгальская (Індыя).

Марыя Кобец

 

Глава I: «БАЧАННЕ» (з паэмы ў прозе «ЧАС УТЫЛЮ»)

Май Ван Фан

*

Калі я ў руху, я дакранаюся да вашага свету. Калі ласка, не папракайце мяне ў дзёрзкасці і бестурботнасці! Тыя, пра якіх штосьці вядома, яшчэ не паспелі здабыць вызваленне і прасоўваюцца па гэтым шляху вобмацкам. Ці ўсе ж такі яны па-ранейшаму застаюцца тут? З кожным уздыхам я падымаюся ўсё вышэй. Кроў, што струменіцца з куткоў майго рота, насычае маці-зямлю.

*

Я вырас у змешванні правільнага і няправільнага, пошукаў шляху і памылак, вар’яцтва і пажадлівасці, сучаснасці і зрэбнага сельскага ўкладу, шчодрасці і дробязнасці, цэласнасці і адзіноцтва, высакароднасці і нізасці, цывілізацыі і адсталасці. Раніцай я стрэўся з рыбай, якая плыла ўверх па плыні, і зоркай, што не заплюшчвала вочы ў чаканні ранішняй зары. У трывозе я зайшоў у клас, і сеў побач са сваімі аднакласнікамі, большасць з якіх цяпер ужо памерлі. Я слухаў настаўніка, які горача вёў урок. Настаўнік, узняўшы ўгару палец, загадаў класу перагарнуць старонкі сшыткаў. Ён акінуў доўгім позіркам кожнага з нас, і, падышоўшы да мяне, строга сказаў, што калі я зразумеў ўрок, то пара б ведаць, як стрымліваць свае эмоцыі.

*

Настаўнік паказваў класу шмат мадэляў: войны, хвалі эміграцыі, чысткі, рэформы. Горы чалавечых костак, цаной якіх была адкрыта дарога да будаўніцтва новага свету, дамы, прытулкі –  часовыя і далікатныя. Яны ператвараліся ў сцены, якія сталі перашкодай на шляху атручаных стрэл, што ляцелі з боку сумежных дзяржаў. Муляжы рэк крыві і слёз былі вырабленыя з свячнога воску. Настаўнік чыркнуў запалкай – мадэлі ўспыхнулі яркім полымем. Упершыню мы ўпэўніліся, што душы і думкі, ахутаныя клубамі дыму, пахнуць гарэлым. У той момант я мацней за ўсё прагнуў непахіснага міру для майго бязмежнага мора, неба і бязмежнай зямлі. Адчуваючы, што мой рот поўны з’едлівага дыму, чорнага і густога, я збег з класа.

*

Я цярпліва счышчаў пласты чорнай сажы, што пакрывала сцежку, траву на яе збочыне, масты і верставыя слупы. Аддзіраў дачыста чорную каросту з замерзлай паверхні вады, надаваў належны выгляд распаласаваным чорным павязкам, чорным шыльдам, чорным паветраным змеям, якія завіслі ў паветры. Я падышоў да маленькага дзіцяці, шэпчучы, нібыта малітву: “Дай мне зняць гэтую чорную скарынку, што пакрыла тваю вопратку і твой лоб!” Дзіця акінула мяне злосным позіркам, быццам пабачыла перад сабой дзікага звера, пасля чаго моўчкі сышло. Я паволі рушыў услед за ім, прыкінуўшыся, што мы ніколі не сустракаліся, а затым, стомленым паглядам сваім пяшчотна зняў увесь налёт чорнай сажы з дзіцячага цела. У сваім уяўленні я адціраў яго скуру да таго часу, пакуль сілуэт дзіцяці не згубіўся ўдалечыні.

*

Кожнай раніцай я прачынаюся, і адразу апынаюся аблытаным сеткай інфармацыі –  з адчуваннем, што я трапіў у хаатычнае перапляценне павуціння гіганцкага павука.

Бываюць дні, калі, затлумлены навінамі, я забываюся паснедаць. Мне здаецца, што гэтая зямля зачынена ў загоне, нібыта спалоханы конь. Пыл завалок усё наўкола, і не зразумела, дзе выхад з тупіка. Не сплю  я ці застаюся ў мроях, і дзе я знаходжуся? У мяне з’явілася недарэчная думка: а колькі ног магло б быць у зямлі? Не можа быць, што радзіма –  гэта проста пагоркі, скалы, сады, берагавыя лініі, каналы. Ці салёны рыбны соус, вугальны попел, саломінкі. Часам свет уяўляўся мне бязногім, што вабіць натоўп ідыётаў. Але ўсе іх намаганні былі безвыніковымі, яны толькі лямантавалі і забруджвалі зямлю.

*

Трое сядзелі ў чайнай, маўчалі і, не адрываючыся, глядзелі на засохлую дзірку ў далёкім куце. Вось адтуль выпаўзла аса і паляцела па сваіх справах. Адзін з тых, хто сядзеў тут калісьці, быў зняволеным, які шмат разоў беспаспяхова спрабаваў здзейсніць уцёкі з турмы.

Другому ўдалося змяніць свой лёс пасля выпадку падробкі на іспытах. Трэці змог вылечыць свае раны, калі спазнаў ісціну. Яны працягвалі пацягваць ваду са сваіх кубкаў, і кожны быў пагружаны ў свае ўласныя бязладныя думкі. Кожны з іх ўяўляў сабе, як другі спрабуе пралезці скрозь гэтае асінае гняздо і застацца цэлым.

*

Ад кавалкаў сырога мяса аддзялілі скуру і дачыста вымылі. Кухар пастараўся нарэзаць мяса квадрацікамі, але ў выніку большасць кавалкаў атрымаліся бясформеннымі. Яны марынаваліся са спецыямі, перамяшаныя з дабаўленнем туды ж у роўных долях сушанага часнаку, цукру, чырвонага і чорнага перцу; запраўленыя рыбным соусам і горкім карамельным сіропам. Слізкай грудай шыпелі яны на агні. Скурчваліся ад жару. Курчыліся. Шкварчэлі. Усе яны марылі аб новым нараджэнні ў іншым увасабленні, але цяпер павінны былі выцякаць тлушчам, раструшчаныя і перамолатыя. І гэта –

у чаканні таго, каб адправіцца ў смуродныя прагныя пашчы.

*

Душы набываюць імёны аб’ектаў, у якія ўсяляюцца. Вакол нас –  душы мыла, памыйных вёдраў, жаночых пракладак, канцтавараў, вентылятараў, ручнікоў, падносаў, закусак, посуду. Вось душа радзільні. Душа раённай адміністрацыі. Душа школы. Душа музея. Душа суда. Душа заапарка. Душа офіса. Душа офіса продажаў. Душа матэля. Душа Асацыяцыі пчаляроў. Душа конезавода. Душа казармы. Я ішоў кудысьці, і мне сустрэліся узброеныя людзі, якія спынілі мяне і спыталі дакументы. Я абмацаў свае кішэні, перарыўшы кучу нейкіх пратэрмінаваных ліцэнзій. Дзверы зачыніліся, і я апынуўся ў пастцы. Анямеў. Адчуў, што я на на грані. Упаў, і не было каму падхапіць мяне. Я быў у такім адчаі, што прачнуўся. Звонку ішоў дождж, прахалоднае дыханне туману струменілася ў адкрытае акно. Я зноўку лёг у чаканні новага сну.

В’етнамская версія «Час утылю»

Bản tiếng Việt «Thời tái chế»

З в’етнамскай. Пераклад Марыі Кобец

 

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.