М. Курыла. Вершы

Балада Музыкі

Памяці Хведара Чэрні

Яго вяла па свеце – музыка

Сустрэч, растанняў ды трывог…

Была спачатку сцежкай вузкаю,

А стала – Музыкай Дарог.

На вулках горада гублялася,

Шукала музыка прастор.

І ў край пралескавы вярталася,

Да ціхай завадзі азёр.

Гучала Музыка акордамі

Вясенніх лёгкіх аблакоў,

Была ласкавай і лагоднаю,

Як і вятры яго Лінкоў.

Такі-сякі свой быт наладзіўшы,

Ля вокан

      грушай прарасла…

Па белых гурбах – белых клавішах –

Ільецца Музыка святла.

*   *   *

Край узлескамі стракаты,

Дзе за гаем – новы гай,

Край на таленты багаты, —

Гэта наш радзімы край!..

    Тут Стары Улас радзіўся,

Пётр Бітэль – настаўнічаў…

Дзе радзіўся – прыгадзіўся,

Кожны з іх легендай стаў…

 

З той  пары прайшло нямала

Год, а зерне прарасло –

Што пасееў нам Купала,

Што пасеела – Буйло…

    Прыкмячаем  мы ўсе разам,

Як наш край памаладзеў, —

Можна летапіс адразу

Нам пісаць пра новы дзень.

Тут  мінулае з сучасным

Цесна сплецена… Але

Верым  мы ў свой ранак ясны,

Як у хлеб, што на стале!..

Азёрны край

 Азёрны край – радзімая зямля…

Вільготны ранак над аголеным гасцінцам.

І  зноў прашу дазволу ў Жураўля,

Каб даў з крыніц святых мне прычасціцца.

Душа спявае: колькі тут красы –

Вакол дарог, вакол сядзіб прыціхлых.

А кінеш вокам – ўсё лясы, лясы,

І сінь нябёс з няспешным іхнім рытмам.

Плывуць аблокі ў мора цераз край,

Лагодны ветрык  статак падганяе.

Азёрны край – рабін чырвоных рай!..

Азёрны край – зямля мая святая!..

Як напамін – царкоўныя званы…

Як добры знак – гаворка роднай мовы…

Тут вывучаю скарбы даўніны,

Тут адчуваю  лучнасць з часам новым.

І лепей жыць не будзе анідзе,

Як на зямлі, Купалам шчэ апетай…

У хуткаплыннай будняў чарадзе

Не затрымаць ні зім, аднак, ні летаў.

                

*  *  *

На зямлі, дзе гонкія яліны

Дастаюць да неба галавой, –

Думаць я ніколі не пакіну

Пра сваю адзіную Айчыну…

І пра час, ляціць які стралой.

На зямлі, дзе ёсць дзівосаў безліч,

Шмат што прад вачыма ажыло…

Думаю – пра пушчы вечнай веліч,

Што ўкрывае край сваім крылом!..

Серабрыцца тонкай ніткай Іслач,

Коціць воды ў даль Беразіна –

Гэта ўсё красы жывой аблічча,

Гэта ўсё – Паэзія…

                                Яна –

Не, не за заслугі нам даецца,

Проста ўсім на радасць існуе,

Як і край, радзімым што завецца,

Як і мары светлыя твае!..

…На зямлі, пагоркамі стракатай,

Сам нямала пратаптаў дарог;

Бачыў прыгажосці я багата,

Без якой і дня пражыць не мог.

З новай песні, нібыта малітвы,

Пачынаўся мой працоўны дзень.

Кожны верш, з любові ён адліты,

З думкаю пісаўся для людзей –

Землякоў, хто працай памнажае

Славу дарагіх сэрцу мясцін,-

Нашы звычкі, мову паважае,

Бо ў душы – і ён хрысціянін!..

І  радкі, як струны, зноў звінелі,

Славіў я  ў свеце Прыгажосць!..

Каб душой ніколі не чарствелі,

Каб на свет адкрыта мы глядзелі,

Шанавалі тое – што ў нас ёсць.

РАМАНС

 Усё ў жыцці гэтым часова –

І час растання, і сустрэчы…

Але мне ведаць дастаткова,

Што Вас убачу ў ціхі вечар.

Не знаю, ці скажу хоць слова,

Як позірк Ваш кране за плечы, –

Але мне ведаць дастаткова,

Што час прызначаны сустрэчы.

…На шчасце дадзена падкова,

Дзе дробны дождж — і той дарэчы…

Усё ў жыцці гэтым часова,

А думаць хочацца аб вечным.

 *  *  *

Басаногім яшчэ хлапчуком

Бег вясну сустракаць каля весніц,

З нецярпеннем чакаў я шпакоў,

Каб на ліпе ім “домік” павесіць.

Прыляталі ў мой сад малады

Белахвостыя часам сарокі,

Вывучаў я іх мову тады –

Вывучаў свет іх зносін шырокі.

І ад радасці проста дурэў,

Калі ўсё ажывала жывое…

Палюбіў песні птушак і дрэў,

Што нашу я ў душы як святое.

Пастарэў. І вярнуўся к вадзе,

Пасяліўся, як ліс, ля затокі…

Ў пераменлівай плыні падзей

Сквапна п’ю далягляд сінявокі.

Белы птах

 Белы птах робіць плаўныя ўзмахі

І губляе свой пух на зямлю.

Пух кладзецца  – на поплаў, на дахі,

Белы пух у далоні лаўлю.

Узлятаю з ім пад аблокі,

Быццам першыя крокі раблю…

Сквапна п’ю далягляд сінявокі,

Вусны шэпчуць міжволі: “Люблю!..”

Хай жа згінуць і войны, і жахі,

Дай спакою нам, Божа, малю…

Белы птах робіць плаўныя ўзмахі

І губляе свій пух на зямлю.