М. Кенька. Літаратурныя сувязі

Мастацкая літаратура любога народа не можа развівацца ізалявана. У розных краінах свету літаратурная творчасць працякае па-свойму, у адпаведнасці з гістарычнымі, культурнымі, псіхалагічнымі асаблівасцямі народа. У адных краінах літаратура ўжо выйшла на новыя рубяжы, выявіла нешта наватарскае, перадавое, у другіх яна адстае, топчацца на месцы, паўтарае саму сябе. Менш развітым літаратурам даводзіцца падцягвацца, пераймаць вопыт, засвойваць новае. Літаратурны працэс у яго гістарычным абсягу — гэта пастаянная змена метадаў, напрамкаў, з’яўленне новых плыняў, абнаўленне стылю, формы і зместу твораў. Утварыўшыся недзе ў адной краіне, новае паступова пачынае развівацца ў другой, трэцяй, ахоплівае ўсё новыя краіны, рэгіёны, кантыненты. Бывае і так, што пераймаецца далёка не самае лепшае: творы, якія могуць дэстабілізаваць становішча ў краіне, садзейнічаць абуджэнню расавай, рэлігійнай, нацыянальнай варожасці, пашырэнню нянавісці, безгустоў’я, нізкапробшчыны, амаралізму ў грамадстве. У тых краінах, якія дбаюць пра выхаванне насельніцтва ў духу здаровай маралі, высокіх агульначалавечых каштоўнасцей, такой літаратуры ставіцца заслона. Цэнзура ў такіх выпадках патрэбна, яна не павінна звязвацца з абаронай правоў чалавека, гэта абарона права народа на незалежнасць. Нельга навязваць іншым народам свае погляды на дзяржаўны лад, веру, мараль. Так сумнавядомая публіцыстычная кніга Гітлера «Мая барацьба», у якой выкладзены ідэі шавінізму, пасля вайны не выдаецца нават у Германіі. Вядомыя выпадкі асуджэння на міжнародным узроўні твораў, якія зневажаюць рэлігійныя пачуцці: «Сатанінскія вершы» Салмана Рушдзі і «Код да Вінчы» Д. Браўна — пацвярджаюць гэта.

Літаратурныя сувязі — неабходная форма творчых кантактаў паміж літаратурамі розных народаў, іх стваральнікамі і чытачамі. Віды сувязей могуць быць самыя розныя: тыпалагічныя, генетычныя, кантактныя. Найбольш пашыраныя з іх кантактныя: пераклад, асабістыя сувязі пісьменнікаў, літаратурная крытыка.

Зразумела, што лепей за ўсё знаёміцца з творамі любога пісьменніка, чытаючы яго ў тым выглядзе, як ён напісаны, на мове арыгінала. Таму ў больш выгадным становішчы аказваюцца чытачы, якія валодаюць не адной, а хаця б дзвюма мовамі, а лепей, калі ведаюць іх некалькі. У большасці краін свету, акрамя роднай мовы, у сярэдняй і вышэйшай школе вывучаецца і яшчэ адна замежная. Ёсць краіны, дзе добра ведаюць некалькі моў, карыстаюцца імі ў паўсядзённым жыцці. На памежжы звычайна ведаюць мову суседзяў. Часам двухмоў’е ў краіне застаецца пасля ўзброеных канфліктаў, захопніцкіх войнаў, доўгага панавання каланізатараў, захопнікаў. У заваяваных краінах насаджаецца мова агрэсара, вядзецца мэтанакіраваная культурная, рэлігійная і моўная экспансія.

Сярод моўных фактараў літаратурных сувязей можа мець значэнне дзяржаўнае двух- або шматмоў’е, шырокія магчымасці для вывучэння і добрага авалодвання замежнымі мовамі на рознага роду курсах, па падручніках-самавучыцелях. Часам на іх можа ўплываць дастатковая або недастатковая распрацаванасць нацыянальнай мовы. У краінах, якія доўгі час не мелі сваёй пісьменнасці, далучыліся да яе значна пазней, чым іншыя, літаратурная мова часцей за ўсё бедная, грунтуецца на гутарковай лексіцы, звязанай з побытавымі паняццямі, адцягненай лексіцы, а таксама слоў, звязаных са сферамі гаспадарчых, дзяржаўных, прафесійных адносін можа не даставаць. Тады яны запазычваюцца з іншых моў, часам праз той жа пераклад, але часцей шляхам стварэння новага па нацыянальных моўных узорах. Праз пераклад засвойваюцца і многія словы, якія ў гэтай краіне не патрэбны для ўжытку, але знаёмыя па апісаннях жыцця ў іншай краіне. Скажам, мы не маем справы з грашовымі адзінкамі некаторых аддаленых ад нас краін, але ведаем пра тое, што ёсць рупія, тугрык, юань, песа. Мы ведаем, што жыхары пэўных замежных краін носяць кімано, сары, самбрэра, чалму, паранджу, ведаем назвы некаторых нацыянальных музычных інструментаў, танцаў і г. д.

Аднак моў у свеце існуе значна болей, чым іх можа засвоіць чалавек. Таму знаёміцца з сусветнай літаратурай даводзіцца праз мастацкія пераклады. Менавіта праз іх чытачы ва ўсім свеце могуць пазнаёміцца з літаратурай іншых народаў. Паводле звестак, якія ўтрымліваюцца ў рабочым даведніку Index Translationum — базе дадзеных аб творах, перакладзеных на замежныя мовы, складзенай дзякуючы супрацоўніцтву нацыянальных бібліятэк — перакладзена і перакладаецца ва ўсім свеце болей як 250 тысяч аўтараў. Даведнік паказвае, што больш за ўсё перакладзена твораў, напісаных на англійскай, французскай, рускай, італьянскай, іспанскай, шведскай мовах, а таксама на латыні. Пераклады з беларускай мовы стаяць на 46-м месцы. Для параўнання: пераклады з японскай мовы — на 14-м месцы, з кітайскай — на 21-м, з ідыш — на 39-м, грузінскай — на 47-м латышскай — на 48-м. Даюць цікавыя звесткі пра тое, чые творы найбольш перакладаюцца ў свеце, таксама і матэрыялы, абнародаваныя ЮНЕСКА. Паводле іх за апошнія 75 гадоў найбольш часта перакладаліся творы Жуль Верна, Уільяма Шэкспіра, Ганса Хрысціяна Андэрсена, Аляксандра Дзюма, Льва Талстога, Фёдара Дастаеўскага, Антона Чэхава, Анарэ дэ Бальзака, Эрнэста Хемінгуэя, Марка Твэна, а таксама Біблія, творы Уладзіміра Леніна, Карла Маркса, Фрыдрыха Энгельса. Але не будзем занадта цешыцца наяўнасцю шматлікіх перакладаў класікаў. У лік найбольш перакладаемых аўтараў трапілі таксама Барбара Картленд, Даніела Сціл, Дж. Р.-Р. Толкіен, Стывен Кінг, Джон Грышэм, Джэймс Хэдлі Чэйз, Агата Крысці.

А ці павінны дзяржава, прадстаўнікі яе літаратуры клапаціцца пра тое, каб створанае ў іх краіне ведалі за яе межамі? Ці гэта толькі ўнутраная справа — забяспечыць перакладамі чытачоў сваёй краіны дзеля патрэб сярэдняй і вышэйшай школы, адукацыі, павышэння культурнага ўзроўню, зацікаўленасці?

Шматлікія прыклады сведчаць, што практычна ўсе дзяржавы свету апякуюцца забеспячэннем сваіх чытачоў перакладной літаратурай. Культурны ўзровень нацыі вызначае і яе імкненне пазнаёміць насельніцтва краіны са скарбамі сусветнай культуры, стварэнне ўмоў для адукацыі, магчымасцей для азнаямлення з творчасцю замежных пісьменнікаў.

Але ні адна краіна не можа з-за абмежаванасці грашовых сродкаў дазволіць сабе мець пераклады ці не ўсяго, што выходзіць з-пад пяра пісьменнікаў па ўсім свеце. Гэта ўрэшце і не патрэбна. Выбіраецца для перакладу звычайна ў першую чаргу тое лепшае, што створана ў літаратуры на працягу яе развіцця, класіка, вяршынныя дасягненні, высокамастацкія, найбольш папулярныя, надзённыя творы. Аднак сёння нароўні з гэтым праяўляюцца ў перакладчыцкай справе і іншыя фактары, яны выкліканы грашовымі адносінамі.

Ва ўсім свеце цяпер назіраецца ўсплёск папулярызацыі масавай літаратуры невысокага мастацкага ўзроўню, яна захоплівае кніжныя рынкі, навязваецца сродкамі масавай інфармацыі. Рынкавыя адносіны да мастацкай літаратуры прыводзяць да таго, што і самі пісьменнікі, імкнучыся дагадзіць невысокім густам найбольш масавай катэгорыі чытачоў, дбаюць перш за ўсё пра тое, каб іх кніжкі раскупляліся, прыносілі гарантаваны прыбытак, а таму пішуць не дзеля высокіх ідэалаў, а дзеля ганарару, стабільнага заробку. І сярод перакладаў, на жаль, апошнім часам першынство аддаецца не вельмі высокага кшталту творам-аднадзёнкам.

Безумоўна, і самі пісьменнікі не супраць таго, каб іх творы чыталі ў іншых краінах, многія імкнуцца наладзіць сувязі з перакладчыкамі за мяжой, з літаратурнымі часопісамі, выдавецтвамі, дзе б яны маглі надрукавацца. Драматургі зацікаўлены ў тым, каб іх п’есы ставіліся не толькі на радзіме. Кантактныя сувязі пісьменнікаў — адзін з найбольш дзейсных сродкаў узаемадзеяння літаратур. Скарыстоўваюцца любыя магчымыя іх віды: асабістае знаёмства, сяброўства, гутаркі, ліставанне, удзел у пісьменніцкіх з’ездах, канферэнцыях, тыднях культур, творчыя камандзіроўкі, замежныя паездкі, падарожжы. Як тут не згадаць пра сустрэчы А. Пушкіна з А. Міцкевічам, сяброўства А. Куляшова і А. Твардоўскага, іх працяглае ліставанне, творчыя кантакты Я. Коласа з П. Кабзарэўскім, Я. Брыля і М. Танка з польскімі пісьменнікамі і г. д.

Добра, калі за межамі краіны ёсць людзі, зацікаўленыя ў пашырэнні ведаў пра чыю-небудзь літаратуру, перакладаюць яе, прапагандуюць. Да нядаўняга часу знаёміў з беларускай літаратурай у ГДР У. Чапега, цяпер у Германіі друкуецца А. Разанаў. Так ці іначай прадстаўляюць нашу літаратуру ў Вялікабрытаніі В. Рыч і А. Макмілін, у Польшчы — А. Баршчэўскі, Ч. Сэнюх, Я. Чыквін, У. Зямчонак , У. Хаўстовіч, Г. Тварановіч, С. Кавалёў, у Расіі — І. Бурсаў, У. Бутрамееў, Л. Турбіна, А. Казловіч, П. Кошаль, А. Кажадуб, на Украіне — М. Львовіч, у ЗША — Ц. Ліякумовіч, Э. Гурэвіч, у Ізраілі — Ю. Канэ. Нядаўна з’явіўся прадстаўнік беларускай літаратуры і культуры ў Швецыі — Дзмітры Плакс — мастак, пісьменнік, перакладчык, журналіст. Ён быў стваральнікам беларускай службы «Радыё Швецыі», якая праіснавала з 2004 па 2009 год. Ды і «знутры» працуюць на замежжа перакладчыкі В. Стралко, І. Чарота, раней нямала перакладалі з беларускай мовы Б. Спрынчан, А. Дракахруст, У. Жыжэнка, У. Машкоў, Н. Кіслік, В. Тарас, Г. Рымскі, П. Стэфановіч.

І ўсё ж даводзіцца са скрухай адзначаць, што сёння беларускую літаратуру за мяжой ведаюць мала. Што там казаць — пра само існаванне Беларусі дзе-нідзе амаль што нічога не ведаюць. Ёсць сведчанне, паводле паведамлення з Інтэрнета, што некаторыя з італьянцаў памятаюць Скарыну, Мікалая Радзівіла Сіротку, але большасць іх нават не ведае, што ёсць такая краіна — Беларусь. І гэта — Еўропа! Што ж тады казаць пра больш аддаленыя мясціны…

Можна многа згадваць пра выданне кніг беларускіх аўтараў у замежжы, але колькі б дзе ні выдавалася зборнікаў, нават анталогій, цэласнага ўяўлення пра нашу літаратуру яны нідзе даць не могуць. Тут патрэбна іншае. Каб уяўляць, што такое іншанацыянальная літаратура, трэба пазнаёміцца з адпаведнай манаграфіяй па яе гісторыі ці хаця б якімі звесткамі пра асобныя перыяды яе развіцця, пра творчасць таго ці іншага пісьменніка. Гэта добра разумелі яшчэ пачынальнікі новай беларускай літаратуры, нашы класікі М. Гарэцкі і М. Багдановіч. Імкнучыся прадставіць беларускую літаратуру польскаму чытачу, М. Гарэцкі зрабіў адмысловы варыянт яе гісторыі на польскай мове — «Krótki zarys historyi literatury białjruskiej», а для ўкраінскага надрукаваў у часопісе «Червоний шлях» аглядны артыкул «Білоруська література». М. Багдановіч яшчэ ў 1912 годзе збіраўся зрабіць нарыс гісторыі беларускай літаратуры для рускага чытача, аб чым сведчыць урывак з гэтай працы, які знойдзены ў архіве пісьменніка. А ў больш познія часы такую спробу зрабіў Інстытут літаратуры Акадэміі навук БССР, стварыўшы ў 80-х гадах двухтомную гісторыю беларускай літаратуры на рускай мове. Але бадай што ўвесь яе наклад прадаваўся ў Беларусі. Дапытлівым рускім чытачам заставалася толькі звяртацца да раздзелаў пра беларускую літаратуру ў шматтомных выданнях «История всемирной литературы» ды «История литератур народов СССР», выдадзеных у Маскве. А ці ёсць цяпер манаграфіі па гісторыі беларускай літаратуры ў палякаў, літоўцаў, украінцаў? Нас гэта не турбуе, а хто б лепш прадставіў сваю літаратуру, як не мы самі. Ёсць жа ў нас навукоўцы, дасведчаныя ў замежных літаратурах — паланісты, гебраісты, украіністы і г. д. Вядома, цяпер існуюць аб’ектыўныя цяжкасці для выдання не тое што літаратуразнаўчых, але і мастацкіх твораў…

Пісьменнік не павінен забывацца і пра сваіх суайчыннікаў, мацаваць сувязі з імі. І многія не абмяжоўваюцца толькі кантактамі з чытачамі праз саму кнігу, імкнуцца сустракацца з імі на прэзентацыях сваіх твораў, выступаць па радыё, на тэлебачанні, перапісвацца. Дзякуючы такім сустрэчам у пісьменніка не толькі становіцца больш чытачоў, якія будуць выбіраць менавіта ягоныя кнігі, але і ён сам можа лепей зразумець іх запатрабаванні, каб у новым творы задаволіць іх. Бывае ж, што чытачы робяць слушныя заўвагі, просяць прадоўжыць твор, каб як мага далей не расставацца з любімымі персанажамі. Успамінаюцца два выпадкі. Падчас сустрэчы дзяцей з Янкам Маўрам адзін дапытлівы школьнік пацікавіўся, а дзе ўзялі Мірон і Віктар на ненаселеным востраве вяроўку, каб звязаць злачынцу. І ў наступным выданні  «Палескіх рабінзонаў» гэтая недарэчнасць была аўтарам папраўлена. Пры сустрэчы з Міхасём Лыньковым дзеці прасілі напісаць пра Міколку-паравоза ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Міхась Ціханавіч адказаў, што не можа гэтага зрабіць, бо ў часы вайны Міколка ўжо не быў хлопчыкам, але напісаць пра дзяцей на вайне паабяцаў.

Сувязь пісьменнік—чытач падтрымліваецца, вядома, у першую чаргу праз тое, што напісанае шырока распаўсюджваецца дзякуючы публікацыям. Кнігадрукаванне — магутны каталізатар літаратурных узаемасувязей. Нездарма ж вынаходніцтва друкавальнага станка адразу ж рэзка павялічыла кола чытачоў, паспрыяла развіццю аўтарскай літаратуры, з’яўленню пісьменнікаў-прафесіяналаў, ажывіла працэсы ўзаемадзеянння, узаемаўплываў у літаратурах Еўропы.

Арыентавацца ў бязмежным кніжным моры чытачу можа дапамагчы літаратурная крытыка. У розныя часы яна зведала перыяды як вялікай папулярнасці, так і заняпаду. Бывалі часы, калі крытыкі былі вельмі папулярныя, да іх думкі прыслухоўваліся, іх ацэнкамі кіраваліся. Усім вядома, які ўклад у фарміраванне не толькі густаў чытачоў, але і эстэтычнай, грамадскай думкі ўнеслі выдатныя рускія крытыкі Вісарыён Бялінскі, Мікалай Дабралюбаў, Мікалай Чарнышэўскі, Дзмітрый Пісараў, Аляксандр Герцэн. Сярод вядомых беларускіх крытыкаў, што заслужылі сабе прызнанне як удумлівыя, аўтарытэтныя дарадцы чытачоў, назаўсёды застануцца Адам Бабарэка, Рыгор Бярозкін, Варлен Бечык, Тамара Чабан. Росквіт беларускай крытыкі ў 60—80-я гады сёння змяніўся, на жаль, пэўным заняпадам. Магчыма, гэта адбылося таму, што знізіўся і ўзровень самой літаратуры; твораў, якія выклікалі б да сябе ўсеагульную ўвагу, нешта апошнім часам не назіраецца ні ў нас, ні ў замежных краінах.

На кантакты між літаратурамі можа аказвацца і негатыўнае ўздзеянне: цэнзура, праследаванні пісьменнікаў за іх творчасць. У часы СССР многіх замежных пісьменнікаў не перакладалі, баючыся, што іх творы зробяць негатыўны ўплыў на савецкага чытача. Усім цяпер вядома і пра сталінскія рэпрэсіі, якія прывялі да гібелі многіх пісьменнікаў ці адлучэння ад творчасці. Пазней няўгодных уладзе пісьменнікаў вымушалі пакінуць радзіму. Пісьменнікі-дысідэнты працягвалі пісаць і за мяжой, але часта здаралася і так, што, пазбаўленыя радзімы, яны ўжо не маглі настроіцца на новы лад, знайсці сябе на чужыне.

Важную ролю ў кантактных сувязях па лініі пісьменнік — чытач адыгрываюць выдавецтвы. Яны не толькі друкуюць кнігі, але і прапагандуюць іх. Выдавецтвы зацікаўленыя і ў тым, каб кнігі іх аўтараў закупляліся за мяжой. Ці не таму міжнародныя кніжныя кірмашы збіраюць столькі выдаўцоў з самых розных краін? У часы СССР амаль што адзінай магчымасцю прадаць свае кнігі за мяжу і купіць замежныя былі штогадовыя Маскоўскія міжнародныя кірмашы. На іх заключалі кантракты і апцыёны (папярэднія пагадненні) пераважна з прадстаўнікамі выдавецтваў з тагачаснага сацыялістычнага лагера, прычым імкнуліся прадаць так званыя «сацыяльна значныя» выданні, у якіх паслядоўна праводзіліся камуністычныя ідэі. Цяпер міжнародны кніжны кірмаш праходзіць штогод у лютым і ў нашай сталіцы.

У савецкія часы кнігі, выдадзеныя ў рэспубліках, рабіліся папулярнымі дзякуючы іх перакладам на рускую мову; пасля публікацыі ў Маскве іх у сваю чаргу перакладалі (часцей за ўсё з рускіх перакладаў) на мовы саюзных рэспублік і замежныя. Да прыкладу, творы В. Быкава, У. Караткевіча, І. Шамякіна, І. Мележа і іншых найбольш папулярных беларускіх пісьменнікаў перакладаліся на замежныя мовы менавіта з рускіх перакладаў, таму што тых, хто ведаў беларускую мову хаця б для таго, каб зрабіць падрадкоўнік, часцей за ўсё не аказвалася. Многія пісьменнікі якраз і перасягалі межы нацыянальнай вядомасці дзякуючы Маскве. Некаторыя з іх нават рабіліся свайго роду знакавымі фігурамі, літаратурнымі прадстаўнікамі рэспублік.

Ад Беларусі такімі прадстаўнікамі былі спачатку Купала і Колас, пазней Броўка і Крапіва. Ад некаторых рэгіёнаў мелася толькі па адным прадстаўніку: ад аварцаў заўсёды выступаў Гамзатаў, ад калмыкаў — Кугульцінаў, ад літоўцаў — Межэлайціс, ад эстонцаў — Смуул. Дзеля сведчання дружбы народаў кожнае выдавецтва абавязвалі час ад часу друкаваць творы пісьменнікаў з іншых рэспублік, шырока  адзначаліся юбілеі самых выдатных прадстаўнікоў іншых літаратур, у тым ліку і выхадам зборнікаў перакладаў іх твораў. Цяпер выдавецтвы ўжо не заказваюць пераклады да юбілейных дат замежных пісьменнікаў, дэкад літаратур народаў-суседзяў, не выдаюць «абы адбыць» пераклады дзеля падтрымання справы дружбы народаў.

Калі што і робіцца ў гэтым накірунку, то дзякуючы ініцыятыве саміх перакладчыкаў. Так у выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў 2007 годзе да юбілею І. Франка выйшаў невялікі зборнік «Народзе мой», у якім прадстаўлены ўзоры паэзіі, прозы і драматургіі славутага ўкраінскага пісьменніка ў перакладах В. Рагойшы. Ён жа сумесна з Т. Кабржыцкай выступіў укладальнікам анталогіі для школьнікаў «Мае браты, мае суседзі» (Маст. літ., 2008), у якой змешчаны творы ўкраінскіх, польскіх, чэшскіх, латышскіх і літоўскіх аўтараў, якія вывучаюцца ў сярэдняй школе. Да іх дададзены агляды гісторыі сувязей народаў-суседзяў, кароткія, але змястоўныя нарысы творчасці пісьменнікаў, прадстаўленых у анталогіі. Вось гэта і ёсць рэальны ўклад у пашырэнне ведаў аб літаратурах суседніх народаў.

Нельга забыцца і пра ролю бібліятэк у пашырэнні літаратурных сувязей. Не кожны можа купіць патрэбную яму кнігу, ды, зрэшты, і не кожная кніга, якая зацікавіць чытача, можа аказацца патрэбнай яму настолькі надоўга, каб трымаць яе дома. У бібліятэцы чытач можа не толькі пазнаёміцца з кнігай, але і атрымаць дадатковую інфармацыю пра яе. Цяпер бібліятэкі часта праводзяць прэзентацыі кніг, агляды новых паступленняў, сустрэчы з пісьменнікамі. Патрэбную кнігу, якой у бібліятэцы няма, можна заказаць нават з іншай краіны праз міжбібліятэчны абанемент.

Роля сродкаў масавай інфармацыі ў пашырэнні вядомасці літаратурных твораў таксама неацэнная. Перш чым выдаць свае творы кніжкай, пісьменнік можа надрукаваць іх у літаратурным часопісе, аддаць на радыё. З нядаўняй пары літаратурныя творы сталі змяшчаць на СD ROOM ці DWD ROOM, змяшчаць у Інтэрнеце, заносіць у памяць камп’ютэра. Замест паліц, застаўленых кнігамі, у хатняй бібліятэцы можна мець усяго некалькі дыскаў, а то і зусім не мець, знаходзячы патрэбнае ў «сусветнай павуціне». З’явілася ўжо нават так званая сецевая літаратура. Дзякуючы камп’ютэрнай тэхніцы спрасціўся працэс друкавання, няма патрэбы ў друкарскім наборы, шматразовай перадрукоўцы. Пасля распаду СССР у Беларусі заснавана многа прыватных выдавецтваў, кнігі ўжо не чакаюць выдання па некалькі гадоў, іх можна, маючы сродкі, выдаць вельмі аператыўна.

Навейшыя віды носьбітаў інфармацыі і сродкаў іх запісу дазволілі мастацкаму твору без перашкод перасягаць любыя межы, у Інтэрнеце можна заказаць тэксты з замежных бібліятэк, знайсці арыгіналы, каб аператыўна перакласці іх. І гэта таксама спрыяе пашырэнню кантактаў паміж літаратурамі свету. Аб’ём матэрыялу ў Інтэрнеце вельмі вялікі, на сёння ён складае больш як 320 мільёнаў дакументаў, гэта нават цяжка сабе ўявіць. На жаль, у Інтэрнеце, а таксама і на дысках прадстаўлена не так ужо многа твораў беларускіх пісьменнікаў, як у перакладах, так і ў арыгінале. А што дае магчымасць іншакраіннаму карыстальніку Інтэрнета адшукаць твор нацыянальнай літаратуры хаця б і ў арыгінале? Многае. Па-першае, з імі могуць знаёміцца нашы землякі, што жывуць за мяжой, іх могуць чытаць у беларускіх дыяспарах ЗША, Канады, Аўстраліі, Расіі, Аргенціны — для іх жа пераклады рабіць не трэба, а «вывесіць» арыгіналы ў сеціве намнога прасцей. Па-другое, арыгіналы могуць скарыстоўваць перакладчыкі, не прыкладаючы вялікіх намаганняў для пошукаў кніг, часам нават і недаступных у іншай краіне. Так, менавіта з Інтэрнета браў арыгіналы твораў польскіх пісьменнікаў Г. Жавускага і Г. Сянкевіча аўтар гэтых радкоў, і скарыстаў іх у працэсе перакладу. Гэта нават аказалася зручней — арыгіналы адразу аказаліся ў памяці камп’ютэра, там жа, на камп’ютэры ствараліся і беларускія тэксты твораў польскіх аўтараў.

Прадстаўленне твора, напісанага для свайго нацыянальнага чытача, іншакраіннаму чытачу, стварае нямала праблем. Розніца моў — не самая цяжкая з іх. Працэс успрымання мастацкай літаратуры звязаны яшчэ і з розніцай у ментальнасці народаў, адрозненнем жыццёвага вопыту чытачоў, няведаннем пра пэўныя дэталі побыту, звычаяў, гісторыі і культуры іншага народа.

Так, у інтэрв’ю Дзмітрыя Плакса для Інтэрнета згадваецца пра водгалас у Швецыі на кнігу В. Быкава «Кар’ер», перакладзеную на шведскую мову: «У пачатку 1990-х яна атрымала тут вельмі добрую крытыку, аднак… Тое, пра што Быкаў пісаў большую частку жыцця, можа зацікавіць шведскае грамадства толькі з гледзішча гісторыі. Каб зразумець быкаўскую псіхалогію і мараль вайны, у шведаў няма ўласнага досведу. Пра што тут казаць — 200 год яны не ўдзельнічалі ў войнах». І адваротны прыклад. У савецкія часы беларускія выдавецтвы ўпарта навязвалі выдаўцам ГДР кнігі пра ўдзел беларусаў у Другой сусветнай вайне, але немцы іх браць не хацелі, і зразумела, чаму. Наўрад ці ім прыемна было б чытаць пра зверствы іх суайчыннікаў на беларускай зямлі. Ды і з адпаведных кніг пісьменнікаў ГДР запомнілася хіба аповесць Дзітэра Ноля «Прыгоды Вернера Хольта», перакладзеная на рускую мову, відаць, з прычыны антываеннай накіраванасці твора. Але ўсё роўна было непрыемна чытаць старонкі пра тое, як галоўны герой ваяваў на Усходнім фронце, забіваў, магчыма, і нашых суайчыннікаў.

Так, сапраўды, ёсць спецыфіка ўздзеяння на іншакраіннага чытача літаратуры сучаснай і гістарычнай. Іншаземцы не любяць, калі ім нагадваюць пра канфлікты між народамі ў мінулым. Некалі ў Польшчы Янку Брыля спыталі, чаму ў Расіі не перакладаюць «Агнём і мячом» Г. Сянкевіча. Брыль адказаў: «Па той жа прычыне, з-за якой палякі не перакладаюць «Тараса Бульбу». Сапраўды, ёсць у гэтых кнігах радкі, у якіх рускі, украінскі, польскі народы выведзены не ў лепшым выглядзе. І якія б тлумачэнні, спасылкі на гістарычныя ўмовы не дадаваліся, але ж непрыемны асадак застаецца. А ў адносінах паміж народамі павага да нацыянальнага гонару вельмі важная.

І яшчэ адна спецыфічная цяжкасць. Іншаземцы часта не могуць зразумець нацыянальнага гумару, асабліва, калі камічны эфект ствараецца на чыста сваіх праявах бесталкоўшчыны, бюракратызму, непаразуменняў у сямейных, бытавых і грамадскіх узаемаадносінах, не ўласцівых насельнікам далёкіх ад нас сваёй культурай, гісторыяй, ладам жыцця краін. У такіх выпадках нават тлумачэнне нічога не дае.

Што ж, бываюць і непазбежныя страты. Цяжка перадаць у перакладзе камізм, які грунтуецца на гульні слоў, алюзіях, рэмінісцэнцыях, парадзіраванні таго, што вядома чытачу арыгінала, але недаступна чытачу перакладу.

І ўсё ж пераклад ужо даўно і паспяхова ўстанаўлівае сувязі паміж чытацкімі пакаленнямі ў розных краінах. І ёсць добрыя перспектывы для мацавання такіх сувязей у далейшым.

Кантактныя літаратурныя сувязі праз пераклады выклікаюць да жыцця і больш апасродкаваныя віды сувязей — генетычныя. Да іх адносяцца літаратурныя ўплывы, запазычанні, наследаванні, перапрацоўкі. На кожнага пісьменніка ўплывае створанае яго папярэднікамі, да якой бы літаратуры яны ні належалі, сваёй роднай, ці іншакраіннай. Вядома, у першую чаргу наследуецца створанае пісьменнікамі з яскрава выяўленай творчай індывідуальнасцю, выдатнымі прадстаўнікамі нацыянальных літаратур, наватарамі, першапраходцамі ў авалодванні новым. Захапленне пісьменніка творчасцю іншакраіннага аўтара можа выявіцца ў розных формах. Гэта і вольныя пераклады, наследаванні, запазычанні, трансфармацыі твора-першакрыніцы.

Звычайна яны характэрныя для ранняга перыяду развіцця нацыянальных літаратур і для ранняй творчасці паэтаў. Пры гэтым пэўныя прыпадабненні могуць адносіцца не толькі да творчасці замежных сучаснікаў, але і твораў больш ранніх эпох. Дзяржавін на свой лад перарабляў вершы Анакрэона. Я. Княжнін перарабіў па-свойму паэму французскага паэта Ж. Грэсэ. В. Жукоўскі натхняўся сюжэтамі Т. Мура, Ф. Гальма, Г. Бюргера. І. Крылоў перарабляў сюжэты баек Лафантэна і Эзопа. У творчасці А. Пушкіна наследаванні таксама былі. Згадаем хаця б яго «прыстасаванне для сябе» верша Гарацыя «Exegi monumentum» у сваім «Я памятник себе воздвиг». Уплыў англійскага паэта Д. Байрана на А. Міцкевіча выявіўся не толькі ў перакладах асобных яго вершаў, але і ў рамантычнай афарбоўцы яго вершаў і балад. У ранняй творчасці Я. Купалы былі вольныя пераклады і наследаванні з Т. Шаўчэнкі, М. Някрасава, І. Крылова, А. Міцкевіча. Так, скарыстаўшы першы радок санета польскага паэта А. Асныка, Я. Купала па-свойму развіў яго тэму, змяніўшы форму твора ў сваім вершы «Я хацеў бы», дзе беларускі паэт хаця і не хавае, што гэта «наследаванне з Асныка», аднак гэта па сутнасці і не наследаванне, і не пераклад, а самастойны твор, у якім ад формы верша польскага паэта застаўся толькі прыём — паўтор-зачын. І зместам, і колькасцю строф, і рытмічным ладам ён зусім інакшы, чым прататып. Уплывы могуць быць і апасродкаваныя, сярод іх творчае засваенне прыёмаў пісьма, прыпадабненне, перайманне элементаў вобразнасці, выкарыстанне кампазіцыйных прыёмаў, упершыню ўведзеных кімсьці з замежных аўтараў. Пад уплывам перакладаў твораў Э. Хемінгуэя аказаліся некаторыя з рускіх пісьменнікаў-шасцідзесятнікаў (Ю. Казакоў, В. Аксёнаў), якія спрабавалі імітаваць яго дыялог, стылёвую манеру. Пэўны ўплыў на іх жа зрабілі і пераклады раманаў Э. М. Рэмарка. У А. Куляшова шэраг вершаў ранняга перыяду творчасці напісаны пад С. Ясеніна, А. Пушкіна. Да ўплываў адносіцца і запазычанне персанажаў, сюжэтаў, дэталяў іншакраіннага твора. Шырока скарыстоўваецца замежная міфалогія, асабліва антычная. Сюжэты і персанажы Бібліі таксама ўвасобіліся ў творах пісьменнікаў розных краін. Згадаем хаця б вобраз Хрыста, увасоблены ў такіх творах, як «Майстар і Маргарыта» Булгакава і «Буранны паўстанак» Ч. Айтматава. У сусветную літаратуру ўваходзяць так званыя вечныя вобразы — персанажы, якія выйшлі за межы сваёй краіны, набылі агульначалавечае значэнне і ўвасобіліся ў творах, напісаных у розных краінах, у розныя часы. Сярод іх — Гамлет, Фаўст, Дон Жуан, Праметэй.

Мастацкія пераклады ўваходзяць у скарбніцу нацыянальнай культуры. Таму не дзіва, што праз іх адбываецца ўзбагачэнне таксама і ў сферах сюжэтабудавання, вобразнай тканіны, матываў і жанравых разнавіднасцей твораў, а таксама стыляў і метадаў.

Тыпалагічныя сувязі — найбольш апасродкаваныя, яны звязаны з тым, што літаратуры розных краін развіваюцца нераўнамерна. Аднак у іх, раней ці пазней, адбіваюцца вынікі сходных стадый грамадска-палітычнага і культурнага развіцця народаў. Рознага роду сыходжанні, аналогіі, адпаведнасці ў творчасці пісьменнікаў, якія не мелі паміж сабой ніякіх кантактаў, не былі знаёмыя з творамі сваіх іншакраінных сучаснікаў, але тым не меней пісалі ў сходнай манеры, самастойна прыходзілі да пэўных трансфармацый, абнаўлення формы, адмаўляліся ад старога ў імя станаўлення новага. Асабліва нагляднае праяўленне тыпалагічных сыходжанняў назіралася на ранніх стадыях гістарычнага развіцця нацый, калі кантакты паміж літаратурамі розных народаў былі не такімі пашыранымі. Затое ў сучаснасці мы назіраем хуткае перайманне таго новага, што прыйшло ў літаратуру якога-небудзь народа. Успомніць хаця б, як неўзабаве пасля публікацыі рамана пісьменніка з далёкай Калумбіі Г. Гарсія Маркеса «Сто гадоў адзіноты», скарыстаныя ім прыёмы спляцення рэальнасці з міфалогіяй, былі імкліва падхоплены ў розных краінах.

Самы свежы прыклад: дэтэктыў Д. Браўна «Код да Вінчы» тут жа выклікаў шэраг прыпадабненняў, перапеваў, скарыстанне пэўных прыёмаў некаторымі аўтарамі дэтэктываў, у тым ліку і расійскіх. Трэба сказаць што і сам бестселер Д. Браўна скарыстоўвае ідэю, выяўленую ў кнізе М. Бейджэрта, Р. Лі і Г. Лінкальна «Святая кроў і святы Грааль», выдадзенай яшчэ ў 1982 годзе. Яе аўтары нават падавалі праз гэта ў суд на Д. Браўна. Рускі пісьменнік М. Анікін таксама заявіў, што Д. Браўн скарыстаў сюжэт ягонай кнігі.

Тут якраз будзе дарэчы згадаць і пра негатыўныя праявы літаратурных сувязей — эпігонства і плагіят. Калі эпігонства — творчасць у рэчышчы стылю якоганебудзь пісьменніка — з’ява распаўсюджаная, але натуральная, то плагіят — публікацыя чужога твора пад сваім прозвішчам — гэта не што іншае, як крадзёж, выкарыстанне чужой працы. Выкрыты плагіят — справа падсудная, а той, хто да яго апусціўся, выклікае яшчэ і маральнае асуджэнне.

Літаратурныя сувязі цяпер ахопліваюць увесь свет, усе кантыненты Зямлі, і паранейшаму прыносяць добры плён.