Любоў і святло

Любоў і святло

Новы зборнік вершаў самабытнага паэта Міншчыны Уладзіміра Рунцэвіча пабачыў свет у выдавецтве “Кнігазбор”.

Кожную кнігу члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіміра Рунцэвіча, якога добра ведаюць чытачы раённай газеты “Пухавіцкія навіны”, шэрагу рэспубліканскіх выданняў па шматлікіх вершаваных публікацыях, чытаю з асаблівай асалодай. І не толькі таму, што даўно знаёмы з яго творчасцю і па меры магчымасцяў сачу за кожнай яго публікацыяй. Асалода, асаблівае светлае ўспрыняцце мастацкіх, жыццёвых, філасофскіх знаходак паэта з Мар’інай Горкі звязаны з асэнсаваннем глыбакадумнасці творцы, яго надзвычай праніклівага ўспрыняцця жыцця, разумення і засваення ім галоўных прыярытэтаў нашага чалавечага існавання на белым свеце.

Вось і па кнізе вершаў “Пасля сябе пакіну дабрыню”, якая пабачыла свет сёлета ў мінскім выдавецтве “Кнігазбор”, відаць, што паэт не мітусіцца, не губляе, не марнуе час на псеўдашуканні каштоўных складнікаў чалавечага подбегу. Не, ён піша пра веру, дабрыню. Так, па чыіхсьці меркаваннях застаецца наіўным мысляром. І мо нават зусім не мысляром, а чалавекам, які не сягае ў глыбокія сэнсы… Ды не, зусім іншым падаецца паэт, калі азірнешся і не ўбачыш вакол сябе святла, калі зразумееш, як не хапае ў свеце сумленнасці, справядлівасці, дабрыні.

Чытаем у вершы “Мая малітва”: “Ля абразоў укленчыў зноў/ Я, не схаваўшы нават страху:/ “Пашлі мне, Божухна, любоў/ Да чалавека, кветкі, птаха,/ Да страказы, да мураша/ І да гаючасці бароў…”/ Да Бога будзь бліжэй, душа!/ Не трэба іншых мне дароў.”. Уладзімір Рунцэвіч – з тых паэтаў, каму “для шчасця патрэбна нямнога”, але ж – і “для шчасця патрэбна нямала – / Дарога да храма, да Бога”.

У кнізе “Пасля сябе пакіну дабрыню” асобна вылучаецца раздзел інтымнай лірыкі – “Пад сховам маладзіка”. І ў гэтых вершах дамініруюць цеплыня, светлыя вобразы і светлыя памкненні.

І яшчэ мне імпаніруе, што Уладзімір Рунцэвіч шмат піша пра Бацькаўшчыну, родную старонку, пра сваю любіму раку Цітаўку (“Родны бераг”, “Рака маленства”). Гэтым ён падобны да паэтаў-папярэднікаў, літаратараў-землякоў Алеся Бачылу, Генадзя Кляўко, Уладзіміра Ляпёшкіна, якія ў паэтычна-філасофскім асэнсаванні Сусвету не забываліся пра свае Варонічы, Церабель, Рудзеншчыну, Лешніцу. У яго словах шчырай паэтычнай споведзі – такі ж эмацыянальны пад’ём, такія ж яркія мастацкія і жыццёвыя фарбы-краскі.

Алесь Карлюкевіч

Фота: 6tv.by

«Созвучие»

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.