Любанскай раённай цэнтральнай бібліятэцы прысвоена імя вядомага ў краіне пісьменніка Івана Муравейкі.

21 кастрычніка ва ўрачыстай абстаноўцы на ўваходзе ў Любанскую раённую цэнтральную бібліятэку адчынена шыльда. Яна сведчыць аб тым, што гэтая дзяржаўная ўстанова культуры цяпер носіць імя ўраджэнца Любаншчыны і былога жыхара райцэнтра пісьменніка Івана Андрэевіча Муравейкі.

  

Увесь яго жыццёвы і творчы лёс быў звязаны са сваёй малой радзімай. А пражыў Іван Андрэевіч без малага сто гадоў. Толькі аднойчы ён пакінуў родныя мясціны, калі пайшоў абараняць айчыну ад ворага. Пройдзячы па дарогах Вялікай Айчыннай вайны ўсе чатыры гады, Іван Муравейка пакінуў на рэйхтаге надпіс “Я – Іван з Беларусі”. А потым вярнуўся ў Любань і прысвяціў усяго сябе журналістскай і пісьменніцкай справе. Пісьменннік – ганаровы грамадзянін горада Любань. У знак падзякі за заслугі перад беларускай літаратурай, Любаншчынай, землякі прынялі рашэнне прысвоіць яго імя раённай бібліятэцы, дзе сёння знаходзіцца шмат твораў майстра мастацкага слова, а таксама захоўваецца літаратурны архіў.

     

Пасля публічнага абвяшчэння, што бібліятэка носіць імя слыннага любанчаніна, у чытальнай зале ўстановы прайшла творчая імпрэза па яго творах, родныя і знаёмыя пісьменніка падзяліліся сваімі ўражаннямі пра Івана Андрэевіча. У мерапрыемствах прыняў удзел і старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос, які зачытаў прысутным прывітальны зварот ад старшыні Саюза пісьменнікаў Алеся Карлюкевіча. Прыемнай навіной стала паведамленне начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяны Аляксеевай, што імя Івана Муравейкі таксама прысвоена і сярэдняй школе вёскі Таль, дзе нарадзіўся і хадзіў у школу будучы пісьменнік.

Прэс-служба МАА СПБ