Лугавы Антон. ЯК ВАСЯ СКАРБ ШУКАЎ

На адным з заняткаў вочна-завочнай школы "Са-Творчасць" дзеці атрымалі такое заданне: напісаць працяг твору Г.Аўласенкі "Як Вася скарб шукаў". Мноства цудоўных варыянтаў атрымалася ў юных творцаў - і адзін з іх мы прапаноўваем вашай увазе.

Аднойчы Вася убачыў на сваёй парце ліст, які змяшчаў сакрэтную інфармацыю пра месцазнаходжанне нейкага скарба. Вось што там было напісана: «Скарб знаходзіцца на пустэчы ля школы, на глыбіні 1 метр, зверху – драўляны кавалачак з пазначэннем”.

Вася ніяк не мог зразумець, чаму ліст патрапіў менавіта да яго, некаторы час ён сумняваўся ў сапраўднасці напісанага. Але цікаўнасць перамагла, і хлопец прыняўся рыхтавацца да раскопак. Перш-наперш, падумаў юны шукальнік, трэба знайсці рыдлёўку. Ён ведаў, што ў школе былі патрэбныя інструменты, але яму іх ніхто, хутчэй за ўсё, не дасць. Таму вырашана было прыдбаць іх самастойна, пакуль ніхто не бачыць.

Пасля заняткаў Вася незаўважна прабраўся ў кладоўку, святло ў ёй чамусьці не ўключалася. Там было так цёмна, што рэчы ўяўлялі сабой шэрыя сілуэты і рухацца можна было толькі навобмацак. Убачыўшы нейкую палку, падобную да ручкі ад рыдлёўкі, ён пачаў выцягваць яе. Але, як аказалася, гэта была падпорка, на якой трымалася вялікая паліца, дзе ляжаў усялякі хлам. І ён з моцным грукатам пачаў падаць, завальваючы Васю, быццам снежная лавіна. Выбраўшыся з-пад завалы, хлопец з неверагоднай хуткасцю, да якой «разагнаў» яго страх, знайшоў рыдлёўку і выскачыў з кладоўкі.  Далей трэба было знайсці месца, дзе схаваны скарб. Вася пайшоў на пустач і пачаў разглядваць кожны кавалак дрэва, які ляжаў на зямлі. Вылучыўшы сярод іх падобны да кавалку з ліста, ён упэўніся, што гэта і было пазначэнне. Цяпер заставалася толькі дачакацца вечара.

Падышоўшы да азначанага месца, Вася пачаў капаць. Хутка ўтварылася  невялікая яміна, з якой віднелася кардонная каробка. Але знаходзілася яна  чамусьці не так глыбока, як апісвалася ў лісце. І ўсе ж гэта быў скарб! Адкрыўшы каробку, ён убачыў газету, на якой так і было напісана — «Скарб». Вася спачатку нічога не зразумеў, бо чакаў убачыць каштоўнасці, як на карцінках ці ў фільмах, а потым здагадаўся, што гэта быў жарт сяброў, якія пакрыўдзіліся, што ён зусім перастаў дапамагаць ім рабіць класную газету. Замест таго, каб папрацаваць, кідаўся ў іх кавалкамі паперы ці разглядаў малюнкі ў кніжцы «Востраў скарбаў».

Зразумеўшы цяпер сваю памылку, Вася вырашыў інакш будаваць свае адносіны з сябрамі і нават падзякваць ім за такі ўрок.

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.